Даклад аб праекце Указа па пытаннях удасканалення дзейнасці ў сферы лясной гаспадаркі

  • 1

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў больш эфектыўнага функцыянавання ляснога комплексу. Такую задачу ён паставіў 9 сакавіка ў час даклада аб праекце Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях удасканалення дзейнасці ў сферы лясной гаспадаркі.

Тэмы лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці абмяркоўваюцца ўжо не першы раз. "Мы шмат разоў разбіраліся з праблемамі, якія ў нас існуюць у лясной гаспадарцы, з выездам на месцы. Быў прыняты шэраг рашэнняў", - нагадаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, не так даўно міністр лясной гаспадаркі дакладваў аб тым, як будзе наводзіцца парадак у гэтай сферы.

"Тэрміны павінны быць канкрэтнымі, сціслымі, - заявіў Прэзідэнт. - Расцягваць на гады навядзенне парадку - гэта поўнае бязладдзе".

Прэзідэнт падкрэсліў, што лес - адзін з нямногіх аднаўляемых сыравінных рэсурсаў, якія мае краіна. У Беларусі на душу насельніцтва прыпадае амаль 1 га лесу і каля 200 куб.м драўніны на пні. "Гэта велізарнае багацце", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што перад пачаткам мадэрнізацыі дрэваапрацоўчай прамысловасці была дамоўленасць удзяляць гэтай тэме самую сур'ёзную ўвагу.

"Сёння стаіць задача забяспечыць эфектыўнае функцыянаванне ўсяго ляснога комплексу, і перш за ўсё мы маем на ўвазе глыбокую перапрацоўку лесаматэрыялаў, каб атрымаць прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Праект Указа па пытаннях удасканалення дзейнасці ў сферы лясной гаспадаркі прадугледжвае ўнясенне істотных змяненняў у існуючы парадак функцыянавання галіны. Прэзідэнт адзначыў: перш чым падпісаць гэты дакумент, ён хацеў бы пачуць ад прысутных на дакладзе распрацоўшчыкаў адказы на шэраг пытанняў.

У прыватнасці, як прапанаваныя дадатковыя меры будуць садзейнічаць навядзенню парадку ў лясной галіне, што прапануецца для павелічэння глыбіні перапрацоўкі лесаматэрыялаў і нарошчвання выпуску прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як ідуць справы з вывазам неапрацаванага лесу, кругляка за мяжу. "Мы дамаўляліся: такое трэба выключыць. Як гэта выключана? Трэба не кругляк вывозіць і кагосьці карміць за межамі Беларусі, а вырабляць мэблю, патрэбныя камплектуючыя для будаўніцтва і іх прадаваць", - сказаў Прэзідэнт.

З улікам таго, што ў праекце Указа прадугледжваюцца змяненні дзеючага парадку па рэалізацыі драўніны арганізацыям канцэрна "Беллеспаперапрам", Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, у чым канкрэтна заключаюцца гэтыя змяненні і як гэта паўплывае на работу канцэрна, іншых дрэваперапрацоўшчыкаў.

"Ці не атрымаецца так, што мы ўвядзём якую-небудзь дадатковую льготу? У той жа час, як мне дакладваюць, на 1 сакавіка пратэрмінаваная запазычанасць прадпрыемстваў канцэрна за драўніну ў нарыхтаваным выглядзе складае Br58 млрд, плюс яшчэ Br9 млрд - даўгі за драўніну, адпушчаную на пні. Чаму гэта дапускаецца?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён запатрабаваў: "Ніякіх ільгот для нядбайных гаспадарнікаў быць не павінна".

Кіраўнік дзяржавы таксама выказаў меркаванне, што цяпер як у сельскай гаспадарцы, так і ў лясной прамысловасці нішто не перашкаджае даваць высокія тэмпы і прырост. "Усё ў нас для гэтага ёсць. І сельская, і лясная гаспадарка ў дастатковай колькасці забяспечаны самай сучаснай неабходнай тэхнікай, - сказаў Прэзідэнт. - Самая вялікая праблема была энерганосьбіты. Дык яны цяпер у два разы таннейшыя, і сёння можна сабекошт скарачаць, якасць - павышаць".

"Парадку і дысцыпліны не хапае - ну што ж, гэта мы выправім, і вельмі хутка. Таму давайце вынік", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Па выніках даклада быў дадзены шэраг даручэнняў, накіраваных на ўдасканаленне дзейнасці ў сферы лясной гаспадаркі.