Даклад аб праекце Указа "Аб вядзенні лясной гаспадаркі і рэалізацыі драўніны"

  • 1
Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку ўнеслі на разгляд праект Указа "Аб вядзенні лясной гаспадаркі і рэалізацыі драўніны". Кіраўнік дзяржавы заслухаў 24 красавіка даклад аб змяненнях, якія прапануюцца.

На даклад да Прэзідэнта прыйшлі віцэ-прэм'еры Уладзімір Дворнік і Юрый Назараў, Міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа і Старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў.

"Лес як быў нашым багаццем, так і застаецца. Але да гэтага багацця мы ставімся часам, а, магчыма, часта вельмі дрэнна, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Я ўпэўнены, што калі б мы да прыроды ставіліся адказна і з павагай, то мы жылі б не толькі значна лепш, але і вірусы нас не ўзялі б. Таму што гэта не толькі багацце, гэта здароўе нашых людзей, таму што ў нас амаль палова тэрыторыі - гэта лясы і балоты. Балот нямала і, як аказваецца, гэта таксама здраўніца. І нездарма Еўропа абараняе балоты - яны галоўная крыніца кіслароду".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што да гэтага прыроднага багацця, якое ёсць у Беларусі, неабходна ставіцца па-чалавечы: цаніць, берагчы і своечасова аднаўляць. "Лес - гэта рэсурс, сыравіна для многага, - дадаў ён. - Мы апошнім часам шмат зрабілі для таго, каб выкарыстоўваць гэты наш аднаўляльны рэсурс. У нас няма столькі нафты, колькі, дапусцім, у Расіі, няма прыроднага газу. Таму ў нас зямля, лес і людскія рукі - гэта рэсурс, які мы павінны выкарыстоўваць беражліва. І, калі гэта наша багацце, трэба прырастаць лесам".

Праект Указа "Аб вядзенні лясной гаспадаркі і рэалізацыі драўніны" сур'ёзна змяняе парадак рэалізацыі драўніны на ўнутраным рынку. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якія канкрэтна прапануюцца змяненні і чаму сёння нельга працаваць па існуючых правілах. "Калі мы прыйдзем да агульнага меркавання і гэта будзе выгадна і лепш для нашай эканомікі і людзей, мы гэту сістэму або памяняем, або падрамантуем, удасканалім. Але мэта адна - мы не павінны па-варварску ставіцца да лясных рэсурсаў, да лесу, прыроды. І, па-другое, усё, што мы зробім, павінна быць у плюс - у грашовым выражэнні, для бюджэту, для людзей, краіны. Гэта значыць, усё павінна быць не на шкоду і прынесці карысць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Як растлумачыў Юрый Назараў, цяперашнія правілы дзейнічаюць з 2007 года. І сёння некаторыя іх палажэнні адмоўна ўплываюць на работу мадэрнізаваных дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў і эфектыўнасць лесагаспадарчай галіны ў цэлым. Таму цяперашнюю сістэму трэба падладзіць пад існуючыя рэаліі жыцця. Размова ідзе аб гандлі ляснымі рэсурсамі на ўнутраным рынку. "Вы да мяне па знешнім рынку нават не прыходзьце, - адразу папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. - На знешні рынак мы павінны прадаваць прадукцыю лясной гаспадаркі з высокай дабаўленай вартасцю. Каб не атрымалася так, што вы дошку зробіце і прадасце ў Германію, Славакію або яшчэ куды-небудзь, а яны з гэтай дошкі зробяць мэблю і прададуць нашай краіне. Мы самі павінны рабіць, наколькі гэта магчыма. Я разумею, што мы не ўсё можам перапрацаваць і прадаць гатовае з найвышэйшай дабаўленай вартасцю. Але апошнія выпадкі сведчаць аб тым, што многае можам. Аж да таго, што ў Францыю пачалі пастаўляць гатовыя дамы".

Кіраўнік дзяржавы, падрабязна азнаёміўшыся з дакументам і заслухаўшы даклады аб змяненнях, якія прапануюцца, даручыў дапрацаваць праект Указа і на працягу бліжэйшага часу зноў унесці яго на разгляд.