Даклад аб перспектывах развіцця Мінска і прылеглых тэрыторый Мінскай вобласці

  • 1

Мінск захаваюць у існуючых межах і зробяць горад больш зручным для жыхароў. Такі вынік праведзенага 2 верасня даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку аб перспектывах развіцця сталіцы і прылеглых тэрыторый Мінскай вобласці.

Кіраўнік дзяржавы падрабязна цікавіўся горадабудаўнічымі планамі і напрацоўкамі, даў шэраг канкрэтных даручэнняў па актывізацыі тэмпаў будаўніцтва аб'ектаў, рацыянальным расходаванні сродкаў, навядзенні парадку на некаторых тэрыторыях.

Як далажылі Прэзідэнту, Мінскі гарвыканкам распрацаваў новы генеральны план горада. Ім, у прыватнасці, прадугледжваецца стабілізацыя колькасці насельніцтва сталіцы на ўзроўні 2 млн чалавек, захоўваюцца ўсе прыгарадныя сельгасугоддзі. "Гэта закон: на землі сельгаспрызначэння - там, дзе павінен расці хлеб, - вы не разлічвайце. Гэта правільна не толькі з пункту гледжання захавання зямлі. Мінск павінен быць прасторным сам па сабе і дыхаць. Калі мы Мінск па кальцы яшчэ забудуем вышыннымі дамамі і іншым, то горад задыхнецца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Плошча Мінска будзе ў асноўным захавана ў межах МКАД. Пры гэтым горадабудаўнікі разлічваюць на прырост насельніцтва да 2030 года ў колькасці 100-120 тыс. чалавек. У Мінску плануецца аптымізаваць аб'ёмы жыллёвага будаўніцтва, узвядзенне сацыяльна запатрабаванага жылля прадоўжыцца на свабодных тэрыторыях.

Запланавана будаўніцтва новых гарадскіх і раённых паркаў на плошчы больш як 2 тыс. га. Кіраўнік дзяржавы даручыў актывізаваць гэту работу, асабліва ў частцы стварэння зялёных насаджэнняў.

Яшчэ адна задача - прывесці ў парадак тэрыторыю вакол ракі Свіслач у Мінску. "Галоўнае не ў тым, каб усё ў мармур або граніт абраміць. Але прывесці трэба ў парадак тое, што ёсць. Гэту работу трэба хутка завяршыць. Аднавіць тое, што было. Таму што ўсё роўна давядзецца да гэтага вяртацца", - даручыў Прэзідэнт.

У Мінску таксама плануецца абмежаваць узвядзенне вышынных будынкаў, асабліва ў цэнтры горада. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў такую пазіцыю, адзначыўшы, што вышынныя сучасныя будынкі павінны прысутнічаць у архітэктуры горада, але толькі ў якасці асобных акцэнтаў.

Горад мае намер актыўна развіваць сетку грамадскага транспарту, у тым ліку метро. Плануецца, што Мінскі метрапалітэн прырасце яшчэ дзвюма лініямі, адна з якіх стане кальцавой. Знакавым аб'ектам стане і траса ў напрамку Нацыянальнага аэрапорта Мінск у прадаўжэнне вуліцы Ваўпшасава. Гэту дарогу плануецца пабудаваць да 2030 года.

Акрамя таго, да 2030 года ставіцца задача па замыканні першага кальца, рэканструкцыі другога і стварэнні новых участкаў транспартнага кальца ў Мінску.

У розных месцах горада будуць уведзены ў строй сучасныя комплексы з рэкрэацыйнай, офіснай, спартыўнай, жыллёвай інфраструктурай.

У планах горадабудаўнікоў засталося таксама стварэнне і добраўпарадкаванне дадатковых аўтастаянак, што павінна разгрузіць вуліцы сталіцы ад лішняга транспарту. "Калі вы гэта будзеце рабіць, вы павінны мець адзіны тыпавы праект. Мы павінны яшчэ раз палічыць, у колькі гэта абыдзецца", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт згадзіўся з тым, што неабходна падштурхнуць аўтааматараў да таго, каб яны карысталіся паркінгамі. "А гэта, перш за ўсё, цана. Палічыце, каб яна была нармальнай, - даручыў Кіраўнік дзяржавы. - Другое - па мінімальнай цане яны таксама не будуць там ставіць аўтамабіль, калі яго можна кінуць у любой кропцы Мінска".

У гэтым пытанні Аляксандр Лукашэнка заклікаў дзейнічаць акуратна, выкарыстоўваючы ў тым ліку вопыт іншых сталічных гарадоў свету. "Уносьце разумныя прапановы, каб мы не абвастрылі адносіны з людзьмі. Каб людзям было зразумела: вось - паркінг, вось - цана. Цана павінна быць прымальнай", - сказаў Прэзідэнт.

Што датычыцца вытворчага складніка, то ў сталіцы рэзервуюцца асобныя тэрыторыі для стварэння вытворча-інвестыцыйных пляцовак, развіцця тэхнапаркаў, невялікіх вытворчасцей.

Аляксандру Лукашэнку таксама далажылі аб развіцці невялікіх населеных пунктаў, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці да сталіцы. У прыватнасці, размова ішла аб аграгарадках Калодзішчы і Сеніца, вёсцы Бараўляны. "Прыводзьце ў парадак гэтыя населеныя пункты, каб яны мелі завершаны выгляд, і спыняйце там будаваць, таму што гэта тое ж самае, што забудоўваць Мінск", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што пустуючыя ўчасткі ў вёсках і малых гарадах можна аддаць людзям, і тады на зямлі будзе парадак.

Размова таксама ішла аб развіцці інфраструктуры ўздоўж МКАД-2. "Прыдарожны сэрвіс павінен быць абавязкова прывязаны да інфраструктуры, да вёсак. Так вы дадзіце жыццё гэтым населеным пунктам. Людзі будуць працаўладкаваны - і вёска будзе жыць", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што тэрыторыя для будаўніцтва жылля ў Мінску з часам знікне. Цяпер, паводле слоў Прэзідэнта, лепш узводзіць жыллё, напрыклад, на вызваляемых вытворчых тэрыторыях, каб не ўшчыльняць сталіцу. "Але гэтыя тэрыторыі некалі скончацца, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Новыя дамы трэба будзе будаваць у гарадах-спадарожніках. Трэба забудоўваць свабодныя тэрыторыі, захоўваючы першапачатковы выгляд Мінска і абрамляючы яго, робячы брыльянтам".

Абмяркоўвалася таксама развіццё гарадоў-спадарожнікаў Мінска, Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка, транспартных артэрый горада і Мінскай вобласці, рэалізацыя канкрэтных будаўнічых праектаў.

"Мінск - гэта твар нашай краіны. Давайце пасля сябе пакінем прыгожы і дастойны горад", - сказаў Прэзідэнт.