Бел
Галоўная   /  Падзеі

Даклад аб гатоўнасці сістэмы аховы здароўя процідзейнічаць пагрозам распаўсюджвання інфекцыі, выкліканай каранавірусам

7 красавіка 2020 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 красавіка заслухаў даклад аб гатоўнасці сістэмы аховы здароўя процідзейнічаць пагрозам распаўсюджвання каранавіруса.

Удзельнікамі нарады сталі члены Урада, кіраўнікі абедзвюх палат парламента і дзяржаўных органаў, губернатары, начальнікі ўпраўленняў аховы здароўя аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, кіраўнікі ўстаноў аховы здароўя і РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі - усяго 30 чалавек.

Кіраўнік дзяржавы перш за ўсё падкрэсліў, што нельга мірыцца з гібеллю людзей, трэба змагацца за кожнага чалавека. "Мы павінны змагацца за кожнага чалавека, асабліва калі размова ідзе пра старых людзей. І калі мы хочам, каб потым нашы дзеці нас абаранялі і змагаліся за наша жыццё, мы павінны змагацца за жыццё кожнага старога, таму што, на няшчасце, гэты вірус б'е перш за ўсё па старых людзях і па тых, хто слаба абаронены імуннай сістэмай", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым Прэзідэнт падкрэсліў, што і людзі самі павінны цаніць сваё здароўе: умацоўваць імунітэт, займацца спортам, адмовіцца ад шкодных звычак. "Мы змагаемся за кожнага. Мы з вамі цэнім здароўе кожнага больш, чым той кожны сам цэніць сваё здароўе, - сказаў ён. - Таму трэба займацца сваім здароўем. Сёння нібы спахапіліся".

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, сітуацыя з каранавірусам дапамагла ўзварухнуць сістэму аховы здароўя і выявіць у ёй некаторыя праблемы. "Я бачу вузкія месцы ў нашай сістэме аховы здароўя. Але я з вас запатрабую, калі гэты псіхоз скончыцца і калі адыдуць гэтыя хваробы", - папярэдзіў ён.

Гэта нарада была прысвечана ў першую чаргу барацьбе з інфекцыйнымі захворваннямі. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэта праблема самым цесным чынам звязана з эканомікай краіны. "Павінен сказаць, што ў пэўнай ступені (я ўжо аб гэтым намякаў у інтэрв'ю тэлекампаніі "Мір"), магчыма, і з будучым існаваннем нашай рэспублікі, таму што ніхто з вас не можа сказаць, што адбудзецца з сусветам пасля гэтай хваробы і псіхозу, які спарадзіла гэта хвароба. Мы не ведаем задумы лідараў вялікіх дзяржаў, як яны скарыстаюцца гэтай сітуацыяй. Але з гісторыі мы ведаем, што кожны карыстаецца сітуацыяй так, як ён лічыць патрэбным і выгадным для сябе", - канстатаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка папярэджваў і раней: з-за панікі вакол каранавіруса можна твар у твар сутыкнуцца з праблемамі ў эканоміцы, прычым яны будуць спароджаны самімі людзьмі. "Сёння аб гэтым гавораць ужо ва ўсім свеце. Першы Трамп сказаў. Праўда, аб яго там ногі выцерлі перад прэзідэнцкімі выбарамі: "Што ты там гаворыш?" Ён ва ўласцівай манеры сказаў: калі не выйдзем заўтра на работу, то памрэ больш людзей, чым ад каранавіруса. У нас, вядома, так не будзе, таму што ў нас яшчэ сацыяльная эканоміка, гэта не Злучаныя Штаты Амерыкі: ёсць страхоўка - лечым, няма - памірай пад плотам", - дадаў беларускі лідар.



Ён звярнуў увагу: у Беларусі не аслабляюць барацьбу з віруснымі захворваннямі. Але рашэнні прымаюцца зыходзячы з сітуацыі і рэсурсаў. "Наша тактыка з самага пачатку была не фронтам ісці і наступаць, і гэта не таму, што так мне захацелася. Скажу адкрыта, Міністр аховы здароўя іншым разам мне казаў: давайце фронтам. Але фронту не атрымаецца, таму што мы ў іншай сітуацыі і рэсурсы ў нас іншыя. Кітай мог лакалізаваць сітуацыю і акружыць яе: у іх паўтара трыльёна золатавалютных рэзерваў і народ крыху іншы", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што такое "франтальнае наступленне" ў цяперашніх умовах не можа прынесці карысці - толькі шкоду. "Заперці людзей у кватэрах, як некаторыя і ва Урадзе мне прапаноўвалі, - гэта справа адных сутак. Заўтра ўвядзём ваенных, амапаўцаў мабілізуем - на працягу сутак нікога не будзе на вуліцы, я вам гэта гарантую. Вы лічыце, што гэта метад барацьбы? Я лічу, не", - сказаў ён. На яго думку, гэта не спыніць распаўсюджванне віруса.

"Паглядзіце, што адбываецца там, дзе паспрабавалі людзей заперці: нічога не атрымалася. Таму мы з самага пачатку выбралі (і СААЗ гэта адобрыла) ачаговую тактыку барацьбы. Неадкладна былі аддадзены каманды, каб мы паставілі людзей у аэрапортах і на граніцы. Мы ўбачылі, што гэты вірус быў завезены, таму нам трэба было там пракантраляваць, - нагадаў Прэзідэнт. - І мы прадаўжаем гэту работу. Трэба кожнаму добрасумленна адносіцца да сваёй работы".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу медыкаў: іх першы абавязак - лячыць людзей і, калі трэба супакоіць грамадства, расказаўшы пра сваю работу. "Не вашы функцыі адкрываць некага, закрываць, арыштоўваць і гэтак далей. У нас ёсць, каму гэтым займацца", - растлумачыў ён.

Паводле слоў Прэзідэнта, яму штодзень дакладваюць, як развіваецца сітуацыя з распаўсюджваннем каранавіруса ў Беларусі, якая дынаміка ў іншых краінах. "Ідзе вялізная работа на ўзроўні дзяржавы. Вы займайцеся сваёй справай", - яшчэ раз падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, як спрабавалі адправіць на каранцін БНТУ пасля таго, як у аднаго са студэнтаў выявілі каранавірус. Да самаізаляцыі студэнты і выкладчыкі падышлі безадказна, адзначыў Кіраўнік дзяржавы. "Вынік нулявы. Дзякуй богу, што людзі не захварэлі, - дадаў Прэзідэнт. - Таму не трэба займацца не сваімі справамі. У вас сваіх спраў больш, чым дастаткова. Лячыце людзей, мы будзем вам у гэтым дапамагаць".

Што датычыцца работы з кантактамі першага і другога ўзроўняў, то іх, лічыць Кіраўнік дзяржавы, трэба трымаць на самаізаляцыі, а не ў бальніцах, калі тэсты на каранавірус даюць адмоўны рэзультат. "Калі хочаце, давайце ўзмоцнім патрабаванні да тых, каго вы адправіце на самаізаляцыю. Мы праверылі аднойчы: іх адправілі дадому, але жорсткага заканадаўчага акта няма, і 400 чалавек дома не знайшлі. Мы можам узмацніць так, што ў вачах пацямнее", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. На нарадзе было адзначана, што прапрацоўваецца адпаведны прававы акт.

У цэлым, адзначыў ён, большасць грамадзян праяўляюць сваю свядомасць і стараюцца абмежаваць сябе ад залішніх кантактаў. "Мы нічога не забараняем, чалавек мае права сваім жыццём распараджацца сам. Але мы як дзяржава павінны дапамагчы яму засцерагчыся ў гэты перыяд", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі няма лавінападобнага прыросту захваральнасці на новы каранавірус COVID-2019. "У нас сёння 794 чалавекі шпіталізаваны, 31 на ШВЛ. Катастрофы абсалютна няма, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Так, прырост у нас назіраецца. Дзякуй богу, не лавінападобны. І гэта трэба ўтрымаць".



На нарадзе было адзначана, што агульная смяротнасць у Беларусі за першы квартал бягучага года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2019-га знізілася на 4%, а ад пнеўманій - на 9%. Пры гэтым у студзені-сакавіку 2020 года ад хвароб сістэмы кровазвароту памерлі 18,5 тыс. чалавек, ад анкалогіі - амаль 5 тыс. Ад пнеўманій за тры месяцы бягучага года памерлі 254 чалавекі. "У нас не проста хварэюць цяпер ад віруса, але і псіхоз жа. І ўсё роўна спад (смяротных выпадкаў. - Заўвага) амаль на 9% толькі ад пнеўманій. А цяпер гэта наша галоўная праблема", - сказаў Прэзідэнт.

Ён таксама агучыў інфармацыю, што за перыяд з 1 студзеня па 5 красавіка бягучага года ў Беларусі з-за знешніх прычын загінулі 860 чалавек - на 15 чалавек менш, чым у 2019 годзе. "Нагадаю: ад пнеўманій - 254", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, што з названай колькасці амаль 400 чалавек загінулі ў выніку самазабойстваў, 85 - забойстваў, на пажарах загінулі 206 чалавек, у ДТЗ - 107. "У сярэднім па рэспубліцы па названых вышэй прычынах за тыдзень гінуць 60-70 чалавек. З 30 сакавіка па 5 красавіка - амаль 70 чалавек. А ад каранавіруса - 13", - прывёў лічбы Прэзідэнт.

"Я гэта да таго гавару, што не забывайце, што акрамя каранавіруса, пнеўманій у нас ёсць і іншыя хваробы. Гэта не значыць, што трэба аслабіць работу па гэтай галоўнай сусветнай праблеме. Не. Мы вызначыліся, як ніколі аб'ядналіся ў гэтай барацьбе і павінны выстаяць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На нарадзе Кіраўнік дзяржавы заклікаў удзяліць самую пільную ўвагу ахове здароўя медыкаў на фоне распаўсюджвання каранавіруса. Ён адзначыў, што ўрачы, якія працуюць непасрэдна з пацыентамі, што паступілі з каранавіруснай інфекцыяй, у дастатковай ступені абаронены. "А ў анкалогіі якія працуюць, з сардэчна-сасудзістымі (захворваннямі. - Заўвага)... Туды таксама паступаюць людзі з вірусамі. І адтуль у нас, хоць нямнога, але прыток урачоў у інфекцыёнках з'явіўся. Таму твая важнейшая задача, Уладзімір Сцяпанавіч (Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. - Заўвага), - абарані ўрачоў", - даручыў Прэзідэнт.

"Гэта нядобра, што ўрач без пальчатак, без маскі прымае ў паліклініках, дзе б там ні было. Ён павінен хаця б мінімальна быць абаронены. Каб урачоў не лячылі. Урач павінен лячыць хворых, а нам даводзіцца ўрачоў лячыць. Дзякуй богу, што не паміраюць, ратуем мы іх. Недапушчальна, калі спецыялісты і ўрачы выходзяць са строю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падагульніў: кожны павінен займацца сваёй справай - без панікі, спакойна. "Мы павінны з вамі перамагчы прыгожа, мы павінны выратаваць людзей дастойна. Чалавек не павінен думаць, што (калі. - Заўвага) ён туды трапіў з гэтым вірусам, ён смяротнік. Не. Усіх выратуем, каго толькі можна. І мы для гэтага павінны зрабіць усё", - падкрэсліў беларускі лідар.

 

Тэгі: Сустрэчы
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь