Бел
Галоўная   /  Падзеі

Даклад аб дэмаграфічнай сітуацыі і садзейнічанні занятасці насельніцтва

3 жніўня 2017 года

Рэалізацыя норм новай рэдакцыі Дэкрэта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" будзе перададзена ў кампетэнцыю мясцовых органаў улады. Такое рашэнне прынята 3 жніўня па выніках даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку аб дэмаграфічнай сітуацыі і садзейнічанні занятасці насельніцтва.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што пытанні, якія разглядаюцца на нарадзе, датычацца будучага краіны, таму іх вырашэнне мае першараднае значэнне.

"Наша галоўнае багацце - гэта чалавечы капітал. Апошнія гады была дадатная дынаміка прыросту насельніцтва. Неабходна гэту дынаміку не проста захаваць, яе трэба павялічыць. Беларусь можа пракарміць 20 млн чалавек. А самая галоўная наша задача, якую не мы, дык нашы дзеці павінны вырашыць, - 15 млн насельніцтва. Гэта эканамічная бяспека нашай краіны, моц нашай дзяржавы, а яна заўсёды ў людзях", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У гэтым пытанні дзяржава абавязана дзейнічаць на апярэджанне, прагназаваць будучыя працэсы і своечасова на іх рэагаваць. "Стварэнне ўмоў для стымулявання нараджальнасці, забеспячэнне людзей работай, рост іх дабрабыту - асноўныя ўрадавыя задачы, задачы мясцовых органаў улады, якія трэба вырашаць. За вырашэнне гэтых сацыяльных пытанняў спагнанне самае жорсткае з любога чыноўніка", - заявіў Прэзідэнт.

Другое, не менш важнае пытанне - садзейнічанне занятасці насельніцтва. "Кожны, хто хоча працаваць, павінен мець такую магчымасць. Таму органам улады трэба аказваць дапамогу ўсім, хто ў гэтым мае патрэбу. Актыўна наладжваць перанавучанне грамадзян, садзейнічаць ім у арганізацыі сваёй справы, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - На гэту тэму вельмі шмат разважанняў у нашым грамадстве. Таму я хацеў бы расставіць усе кропкі над "і" - камусьці спадабаецца гэта, камусьці не. Яшчэ раз падкрэсліваю: кожны, хто хоча працаваць, павінен мець работу, і ён у нашай краіне яе мае".

Аляксандр Лукашэнка спытаў, якая сітуацыя на рынку працы, якія вынікі выканання яго даручэнняў па забеспячэнні занятасці насельніцтва і якія дадатковыя меры прымае Урад у гэтым напрамку. Асобна ён пацікавіўся ходам падрыхтоўкі новай рэдакцыі Дэкрэта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", падкрэсліўшы, што гэты дакумент павінен быць гатовы да кастрычніка бягучага года.

"Грамадства павінна ведаць, што ніякай адмены Дэкрэта быць не можа. Я ўжо матываваў гэта пытанне: як мінімум паўмільёна ў нас непрацуючых людзей. З іх 200 тыс. мы можам вызваліць: шматдзетных, хворых, інвалідаў, людзей, якія, можа, і хочуць працаваць, але ў іх не атрымліваецца з-за жыццёвых абставін. Але 300 тыс. дзе? Таму Дэкрэт № 3 - гэта 300 тыс. тых, хто павінен працаваць, але не працуе. І мы іх павінны прымусіць працаваць. Вось і ўся ідэалогія", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.


Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што аб сваіх перавагах і канцэптуальных думках адносна новай рэдакцыі гэтага дакумента выказваўся ўжо не раз. "Яшчэ раз паўтаруся: мясцовыя органы ўлады, якія непасрэдна кантралююць рынак працы і бачаць кожнага чалавека, і выканаўчыя органы ўлады на месцах павінны мець усе паўнамоцтвы і рычагі ўздзеяння на гэтых людзей для вырашэння такой праблемы. Вось, што мы павінны зрабіць і прапісаць у новай рэдакцыі Дэкрэта, - лічыць ён. - Я спадзяюся, што акрамя Урада гэтым пытаннем сур'ёзна зоймуцца дэпутаты. Гэта іх хлеб. Устараняцца ад гэтай праблемы дэпутату нельга".

Прэзідэнт таксама нагадаў, што да кастрычніка неабходна падрыхтаваць і шэраг іншых прынцыповых дакументаў, у тым ліку па развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і аблягчэнні ўмоў вядзення бізнесу.

Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб новых падыходах па стымуляванні занятасці насельніцтва. У прыватнасці, рэалізацыю норм новай рэдакцыі Дэкрэта № 3 плануецца перадаць у кампетэнцыю мясцовых органаў улады. Урад таксама прапануе рэалізаваць прынцып "не працуеш - плаціш за паслугі". Прадугледжваецца, што працаздольныя грамадзяне, якія не заняты ў эканоміцы, будуць аплачваць субсідзіруемыя за кошт дзяржбюджэту паслугі па кошце, які забяспечвае кампенсацыю затрат на іх аказанне. Аднак усе варыянты, як будзе будавацца работа ў гэтым напрамку, яшчэ вывучаюцца.

Цяпер ва Урадзе распрацоўваюць пералік такіх паслуг. Да гэтай работы падключацца і мясцовыя органы ўлады. Рэалізоўвацца такі падыход будзе з дапамогай Беларускай інтэграванай сэрвісна-разліковай сістэмы. Работы па яе стварэнні ўжо вядуцца.

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў магчымасць разгляду такой канцэпцыі Дэкрэта № 3 і даручыў дапрацаваць новую рэдакцыю дакумента. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што рэалізацыя яго норм павінна пайсці з цэнтра на месцы - у кампетэнцыю мясцовых органаў улады. Прэзідэнт паставіў задачу як мага хутчэй распрацаваць інтэграваную сэрвісна-разліковую сістэму, паколькі яна будзе задзейнічана ў розных сферах жыцця грамадства.

Акрамя таго, была звернута ўвага, што ў новай рэдакцыі Дэкрэта неабходна захаваць норму, у адпаведнасці з якой палажэнні дакумента не будуць распаўсюджвацца на грамадзян, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

На нарадзе ўзнімаліся таксама тэмы дэкларавання даходаў і маёмасці, ухілення ад выплаты падаткаў. Прынята рашэнне ўдзяліць ім большую ўвагу.


Тэгі: Нарады
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь