Cустрэча з Міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў Міністэрству ўнутраных спраў і Міністэрству па надзвычайных сітуацыях праверыць месцы масавага скопішча людзей на адпаведнасць правілам бяспекі пасля здарэння ў Кемераве. Такую задачу Кіраўнік дзяржавы паставіў 27 сакавіка ў час рабочай сустрэчы з Міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам.

"Вяртаючыся да падзей у Расіі, хацеў бы вас папрасіць (учора я даручыў Міністру па надзвычайных сітуацыях) вельмі сур'ёзна праверыць не гандлёвыя цэнтры, як у нас сродкі масавай інфармацыі напісалі (так, іх трэба праверыць, прытым капітальна), а месцы масавага скопішча людзей, а гэта не толькі гандлёвыя цэнтры, гэта і кінатэатры, і гэтак далей", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму занепакоены гэтымі пытаннямі. "Мы ў мінулым годзе далі вялікую свабоду прадпрымальніцтву. Калі ласка - стварайце, рабіце, прыносьце карысць дзяржаве. Папярэдзілі і на ўзроўні законаў аб тым, што будуць адказваць галавой, даравання не будзе ні за ўзрывы, ні за пажары. Не дай бог, людзі загінуць. Адказваць будуць яны. Але, ведаеце, з іх нічога не возьмеш. Што з іх возьмеш, калі загінулі дзясяткі, а яшчэ невядома, можа, і сотні людзей у гэтым цэнтры ў выхадны дзень у Расіі, у Кемераве. Таму, каб, не дай бог, у нас гэта здарылася. І МНС за кароткі прамежак часу адно не справіцца, таму падключыцеся да гэтага пытання", - запатрабаваў Прэзідэнт.

"І ў мяне просьба і даручэнне вам: вельмі строга караць, калі толькі вы ўбачыце дзе-небудзь нейкія недапрацоўкі, якія могуць прывесці да цяжкіх наступстваў, асабліва для людзей - і недапушчальна для дзяцей", - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін не дарэмна вырашыў зрабіць паездку ў Кемерава. "Дзеці загінулі. У чым дзеткі вінаватыя, якіх бацькі сабралі ў гэтага бізнесмена, які пабудаваў гэты цэнтр? Яны прыйшлі паглядзець мульцікі, а згарэлі ў агні. Гэта недапушчальна. Таму падключыцеся і разам з Вашчанкам паглядзіце ўсё", - даручыў беларускі лідар.

Асаблівую ўвагу, паводле яго слоў, неабходна ўдзяліць і жылым дамам. "У нас людзі так расслабіліся, што далей няма куды. Яны нават падвалы ў жылых дамах зачыніць на замок і праверыць не могуць. Гэта ж бесшабашнасць поўная! - абурыўся Прэзідэнт. - Праверце, каб потым нам усім не было балюча, калі што-небудзь, не дай бог, здарыцца".

Адпаведную работу неабходна правесці да 1 красавіка, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. "Каб мы мелі нейкую карціну, хоць гэта і бесперапынная работа. І вы, і яны займаецеся гэтым. Але цяпер трэба гэту тэму завастрыць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама пацікавіўся, як складваецца крымінагенная абстаноўка ў краіне, якія вынікі аператыўна-службовай дзейнасці органаў унутраных спраў за мінулы перыяд 2018 года. "Што насцярожвае, ці ёсць пытанні, у якія я павінен умяшацца?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы.

Адной з тэм сустрэчы стала работа аператыўна-вышуковых падраздзяленняў. Было адзначана, што без іх не могуць існаваць праваахоўныя органы, таму дзейнасць такіх службаў вельмі важная. "Гэта і абарона грамадзян, і аказанне дапамогі", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Акрамя таго, дадаў ён, аператыўна-вышуковыя падраздзяленні займаюцца і расследаваннем цяжкіх злачынстваў.

Закранулі і правядзенне ў краіне несанкцыянаваных мерапрыемстваў. Прэзідэнт адзначыў, што менавіта так некаторыя грамадзяне вырашылі адсвяткаваць 100-годдзе з дня ўтварэння БНР. "Што хочам, тое і робім. Усе павінны разумець, што бардак пачынаецца з гэтага", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Таму вы не глядзіце па баках. Не трэба глядзець, якую заяву зробіць Еўрасаюз або Дзярждэпартамент, гэта іх справа рабіць заявы. Але не дай бог, нам парадзіць тую абстаноўку, у якой сёння жывуць заходнія дзяржавы. Вазьміце Францыю - за што гінуць людзі? - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт. - Няхай у нас будзе недасканалы дзяржаўны лад, але мы павінны забяспечыць бяспеку людзей. Таму любыя несанкцыянаваныя мерапрыемствы, якія перашкаджаюць жыць людзям, павінны спыняцца імгненна. Яны павінны разумець і чуць, што гэта не выдумка міліцыі".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі дастаткова свабод для грамадзян. "Не трэба лезці на ражон. Але калі ты лезеш на ражон і хочаш сябе паказаць, ну што ж, гэта ў асноўным мужыкі, і атрымлівайце тады", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама пацікавіўся ў Ігара Шуневіча, які з'яўляецца старшынёй наглядальнага савета ХК "Дынама-Мінск", як цяпер развіваецца клуб, якія рашэнні неабходна прыняць, каб не ўпусціць падрыхтоўку да новага сезона. "Каб мы міжсезонку не правалілі. А то ў нас так: лыжнікі правалілі, хакеісты правалілі, іншыя віды спорту правалілі, а потым будзем у час міжнародных спаборніцтваў апраўдвацца і даганяць тое, што не зрабілі летам", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы быў праінфармаваны аб перспектывах развіцця хакейнага клуба, фарміраванні трэнерскага штаба, легіянерскага пула і каманды ў цэлым. Пры гэтым Ігар Шуневіч прапанаваў захаваць склад трэнерскага штаба клуба ў новым сезоне, адзначыўшы, што, нягледзячы на невысокае падагульняючае месца, у гульні каманды была дасягнута пэўная дадатная дынаміка.