Cустрэча з фіналістамі рэспубліканскага конкурсу "Настаўнік года Рэспублікі Беларусь"

  • 1

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 3 кастрычніка на сустрэчы з фіналістамі рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў "Настаўнік года Рэспублікі Беларусь" падкрэсліў важнейшую ролю прафесіі настаўніка ў сучасным грамадстве.

"Мы жывём у дынамічны час. Удасканальваецца сістэма адукацыі, узбагачаецца яе змест, укараняюцца новыя тэхналогіі, але пры гэтым нязменнай застаецца найвялікшая роля настаўніка. Няма важнейшага ў грамадстве чалавека, чым настаўнік. Без настаўніка не можа быць нармальнага грамадства і дзяржавы", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, сапраўдны настаўнік - гэта не толькі дасведчаны выкладчык, але і цікавы чалавек, здольны захапіць дзяцей сваім прадметам, абудзіць у іх энтузіязм і творчую энергію. "Мы будуем новыя школы, умацоўваем іх матэрыяльна-тэхнічную базу, укладваем вялікія сродкі ў аснашчэнне кабінетаў неабходным абсталяваннем, развіваем інфармацыйнае асяроддзе. Наша галоўная мэта - зрабіць так, каб айчынная сярэдняя школа заўсёды адпавядала патрабаванням часу", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сучасныя вучні могуць чэрпаць інфармацыю не толькі з кніг і падручнікаў, але і з інтэрнэту, умеюць свабодна абыходзіцца з камп'ютарам. "І школа павінна адпавядаць гэтым рэаліям. Настаўнік не можа адставаць ад вучняў. Яму неабходна стаць аўтарытэтным і дасведчаным старэйшым таварышам. У той жа час у яго багажы павінны быць асноўныя веды і каштоўнасці, напрацаваныя многімі пакаленнямі папярэднікаў", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

На сустрэчы ў дружалюбнай абстаноўцы абмяркоўваліся самыя розныя пытанні, якія датычацца развіцця беларускай школы. Сярод іх - адносіны паміж школай і сям'ёй, роля настаўніка ў выхаванні падрастаючага пакалення, фарміраванне здаровага ладу жыцця, навучанне працоўным дысцыплінам, работа дзяржаўных і прыватных навучальных устаноў, змест навучальных праграм.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што пакуль яшчэ шмат фармалізму пры складанні праграм выкладання тых ці іншых школьных прадметаў, асабліва па гуманітарных дысцыплінах. У сувязі з гэтым Прэзідэнт падрабязна цікавіўся ва ўдзельнікаў сустрэчы іх меркаваннем адносна аб'ектыўнасці зместу адпаведных навучальных праграм. У якасці прыкладу Кіраўнік дзяржавы прывёў беларускую літаратуру: "Васіль Быкаў не быў маім прыхільнікам, але ў яго ёсць выдатныя творы - тое, што мы і нашы дзеці павінны ведаць. Але ёсць некаторыя аўтары, уключаныя ў школьную праграму, якія толькі прозвішча беларускае маюць, а чытаць няма чаго".

На сустрэчы таксама абмяркоўваўся змест школьнага курса гісторыі, у прыватнасці звестак аб Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнах. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў неабходнасць процістаяць спробам нівеліраваць і забраць у беларускага народа Вялікую Перамогу над фашызмам.

Гаворачы ў цэлым аб гісторыі, Прэзідэнт заявіў аб недапушчальнаці яе перапісвання пад тую ці іншую асобу, уключаючы кіраўніка дзяржавы. "Гэтага быць не павінна. Самае страшнае, калі пасля твайго адыходу пачнуць гэта ўсё пераацэньваць і наогул перакрэсляць. Мы ні ў якім разе, перш за ўсё гуманітарныя, дысцыпліны не павінны падладжваць пад каго-небудзь. Гэта павінна быць аб'ектыўна і сумленна - як было, так трэба і падаваць", - лічыць беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама запэўніў, што на пасадзе Кіраўніка дзяржавы не мае намеру прыкладаць нейкія асаблівыя намаганні, каб прыцягнуць на свой бок прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі. "Гэта знявага інтэлігенцыі, і я ніколі, пакуль буду Прэзідэнтам, не буду іх прымушаць усхваляць мяне і мой перыяд кіраўніцтва. Гэта пасля мяне яны няхай ацэняць, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Ніякай тут дыктатуры няма. Так, у нас ёсць пэўная дзяржаўная пазіцыя, і мы вітаем, калі людзі яе падтрымліваюць. Але калі ў інтэлігента - мастака, пісьменніка - ёсць свой пункт гледжання і пазіцыя - калі ласка, гавары".

На сустрэчы таксама ўзнімалася моўнае пытанне. У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка чарговы раз падкрэсліў важнасць захавання і вывучэння абедзвюх дзяржаўных моў - як беларускай, так і рускай. У гэтым, паводле яго слоў, у тым ліку заключаецца багацце беларускага народа.

Прэзідэнт узняў таксама пытанне ўзаемаадносін школы і сям'і. "Неаспрэчны факт, што толькі сумеснымі намаганнямі бацькоў і дзяцей мы зможам падрыхтаваць нашых дзяцей да самастойнага жыцця. І тое, што апошнім часам усё больш і больш мы пачынаем канстатаваць факты негатыўнага ў нашым грамадстве, звязана з вялікім бракам - вашым і маім, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Тое, што ў нас заложнікаў захопліваюць, кураць, п'юць, больш таго, ужываюць наркотыкі, - вялікі мінус вам і мне як прадстаўніку ўлады. І мы з гэтым павінны разабрацца, прытым самым радыкальным чынам".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у гэтай сітуацыі, вядома, можна спасылацца на тое, што дзеці знаходзяцца пад вялікім уплывам вуліцы, свайго асяроддзя і іншых працэсаў. "Але гэта нам дадатковая нагрузка. Усё роўна яны прыходзяць у школу, і мы павінны быць настолькі таленавітымі, каб паказаць, што няправільна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт запатрабаваў аб'ектыўна разабрацца ў існуючых праблемах сферы адукацыі.

"У адрас сістэмы адукацыі гучыць нямала нараканняў, прытым справядлівых. Гэта датычыцца зместу і складанасці навучальных праграм, якасці падручнікаў, падыходу да моўнай падрыхтоўкі вучняў, шостага школьнага дня і іншых пытанняў. Па маім даручэнні адна камісія ўжо завяршыла работу, і я катэгарычна не задаволены тым, як праходзіла гэта работа (асабліва на апошняй стадыі), і ўмяшаннем асобных чыноўнікаў у яе работу. Цяпер разбіраюцца праваахоўныя органы. Ацэнку атрымаюць усе, хто спрабаваў уплываць на вынік работы гэтай камісіі, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Тым не менш мне давялося назначыць паўторную групу спецыялістаў, якія вывучаць усе існуючыя сёння ў школе праблемы - ад скаргаў настаўнікаў на празмерныя нагрузкі (інфармацыі, справаздачы) да скаргаў вучняў, якія не ўспрымаюць тое, чаго не павінна быць у школе".

Прэзідэнт падкрэсліў, што да адпаведнай работы неабходна прыцягнуць лепшых настаўнікаў Беларусі, у тым ліку пераможцаў конкурсу "Настаўнік года" розных гадоў. "Вы павінны стаць незалежнымі экспертамі і маімі надзейнымі дарадчыкамі ў рабоце па ўдасканаленні айчыннай адукацыі. Я чакаю ад вас заўваг, рэкамендацый, прапаноў, канструктыўнай крытыкі і новых ідэй", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адукацыя ў краіне павінна быць аптымальнай, і ні вучань, ні настаўнік не павінны быць перагружаны чым-небудзь залішнім і непатрэбным. Разам з тым размова хутчэй ідзе аб неабходнасці дашліфаваць тыя ці іншыя аспекты ў сферы адукацыі, а не аб карэннай ломцы або чарговай рэформе ўжо існуючай сістэмы. Што датычыцца ўзроўню зарплат, Прэзідэнт адзначыў, што, нягледзячы на цяжкасці ў эканоміцы, зацяжны сусветны крызіс, апошнім часам былі прыняты рашэнні, накіраваныя на павышэнне матэрыяльнага стымулявання працы настаўнікаў. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў гэтым пытанні многае залежыць і ад саміх педагогаў, іх здольнасці пераарыентавацца і выбудаваць сваю работу з вучнямі ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі, у тым ліку больш шырока выкарыстоўваць дадатковыя заняткі, розныя гурткі і факультатывы.

Прэзідэнт уручыў пераможцу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў "Настаўнік года Рэспублікі Беларусь" Віктару Жуку галоўны прыз конкурсу - "Хрустальны журавель" і ключы ад аўтамабіля.

"У гэтым годзе "Хрустальны журавель" дастаўся самаму маладому пераможцу за ўсю гісторыю конкурсу. Яго атрымаў настаўнік гісторыі з горада Маладзечна. Пасля школы ён атрымаў рабочую прафесію, працаваў некалькі гадоў на будоўлі, адслужыў у арміі і свядома прыйшоў да настаўніцкай прафесіі. Пабольш бы такіх настаўнікаў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што пераможцы конкурсу "Настаўнік года" па праву атрымліваюць вядомасць і становяцца дастойнымі арыенцірамі для тысяч настаўнікаў Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ў бягучым годзе на старт конкурсу выйшлі больш як 30 тыс. педагогаў, якія працуюць у самых розных школах - ад маленькай сельскай да гарадской. "На працягу многіх гадоў мы робім усё магчымае, каб у нашай краіне кожнае дзіця мела магчымасць атрымаць якасную адукацыю незалежна ад таго, дзе яно жыве", - заўважыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што правядзенне конкурсу садзейнічае павышэнню прэстыжу прафесіі настаўніка і аказвае прыкметны ўплыў на развіццё нацыянальнай сістэмы адукацыі.