Cустрэча са Старшынёй Нацыянальнага заканадаўчага сходу Тайланда Панпечам Вічытчалчаем

  • 1
Беларусь гатова ствараць у Тайландзе сумесныя прамысловыя прадпрыемствы. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 27 чэрвеня на сустрэчы са Старшынёй Нацыянальнага заканадаўчага сходу Тайланда Панпечам Вічытчалчаем.

"Мы гатовы да стварэння на тэрыторыі Тайланда сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці патрэбнай вам прадукцыі, асабліва прадукцыі машынабудавання. Мы гатовы пастаўляць вам прадукцыю і гатовы закупляць у Тайландзе тыя тавары, якія патрэбны нам, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але для таго, каб рабіць адпаведныя крокі ў гэтым напрамку, патрэбна глыбокая прапрацоўка пытання".

Для гэтага, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, краінам неабходна падрыхтаваць адпаведную дагаворна-прававую базу. "Гэта значыць патрэбны базавыя дакументы для ўзаемнага гандлю. І некаторыя праекты дакументаў знаходзяцца ў вас на разглядзе. Мы і вы ведаем, што трэба сёння рабіць, і трэба пачынаць гэтыя крокі", - упэўнены Прэзідэнт.

На сустрэчы было адзначана, што Беларусь і Тайланд маюць падобныя погляды на міжнародны парадак, а супрацоўніцтва паміж дзяржавамі пачалося менавіта з заканадаўчых галін улады, з узаемадзеяння паміж парламентарыямі дзвюх краін. У сувязі з гэтым, сказаў Аляксандр Лукашэнка, у Беларусі менавіта парламент будзе галоўным накіроўваючым звяном у развіцці адносін з Тайландам. "Але я як кіраўнік дзяржавы зраблю ўсё для таго, каб нашы адносіны развіваліся і паглыбляліся", - запэўніў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што краіны раней ужо намецілі дарожную карту супрацоўніцтва, аднак гэта не азначае, што абедзве дзяржавы не будуць шукаць новыя формы ўзаемадзеяння. "Я думаю, што мы над планам нашых адносін будзем і далей працаваць, паглыбляць і пашыраць іх, асабліва ў сферы эканамічнага супрацоўніцтва, таму што гэта фундамент любых адносін", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Панпеч Вічытчалчай адзначыў, што Тайланд надае вялікае значэнне развіццю супрацоўніцтва з Беларуссю і выказаў надзею на далейшае ўмацаванне адносін паміж дзвюма дзяржавамі.