Больш як 40 чалавек удастоены дзяржаўных узнагарод

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ, у адпаведнасці з якім больш як 40 чалавек удастоены дзяржаўных узнагарод.

    Прадстаўнікі розных сфер дзейнасці ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі за шматгадовую і плённую працу, высокае прафесійнае майстэрства, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у прамысловасці, дарожным будаўніцтве і сельскай гаспадарцы, за значны асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў галіне сацыяльнай абароны і аховы здароўя насельніцтва, падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў, развіццё сістэмы міжнародных аўтамабільных перавозак, культуры і мастацтва.

    У ліку ўзнагароджаных ордэнам Пашаны электразваршчык ручной зваркі трансфарматарнага цэха Мінскага электратэхнічнага завода імя В.І.Казлова Васіль Жыгімонт; ордэнам Францыска Скарыны - мастак-графік, член Беларускага саюза мастакоў Уладзімір Савіч; медалём "За працоўныя заслугі" - слесар-электрамантажнік цэха камплектных трансфарматарных падстанцый і нізкавольтнага абсталявання Мінскага электратэхнічнага завода імя В.І.Казлова Уладзімір Гуніч; медалём Францыска Скарыны - намеснік дырэктара Маладзёжнага тэатра эстрады Аляксандр Далжэўскі.

    Акрамя таго, прадстаўнікам розных сфер дзейнасці прысвоены ганаровыя званні. У прыватнасці, заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь стала артыст драмы - вядучы майстар сцэны Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра Святлана Літвінёнак.