Беларуска-пакістанскі бізнес-форум

  • 41
Пакістан можа стаць для Беларусі акном у Паўднёвую Азію, таксама як і Беларусь для Пакістана - акном у Еўропу. Аб гэтым 11 жніўня заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на Беларуска-пакістанскім бізнес-форуме.

Адкрываючы форум, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што бягучы год стаў знакавым для беларуска-пакістанскіх адносін. Створаны трывалы фундамент для збліжэння краін у самых розных сферах - палітыцы, эканоміцы, навуцы, адукацыі, культуры. "Беларусь лічыць Пакістан сваім надзейным партнёрам у Азіяцкім рэгіёне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што ў Беларусі і Пакістана ёсць усе неабходныя палітычныя перадумовы для павышэння ўзроўню гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва.

"У гэты няпросты час Беларусь і Пакістан на сістэмнай аснове прыкладаюць намаганні для ўмацавання міру і стабільнасці ў Еўразіі, ператварэння рэгіёна ў зону ўстойлівага развіцця і працвітання", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Пакістан прыкладае вялікія намаганні ў барацьбе з тэрарызмам, дзеля стабільнасці ў тым складаным рэгіёне, у якім размешчана гэта краіна. "Гэта сотні мільёнаў долараў, а можа і мільярды - ацаніць цяжка. Але самае галоўнае - Пакістан страчвае самых лепшых сваіх ваенных, спецыялістаў. Гэта неацэнны каласальны ўклад Ісламскай Рэспублікі Пакістан, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта датычыцца ўсіх, і мы павінны быць удзячны за гэтыя намаганні кіраўніцтву Пакістана".

Закранаючы гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, у тым ліку перспектывы нарошчвання двухбаковага тавараабароту, Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што бачыць усе перадумовы для павелічэння яго да $1 млрд, да гэтага часу ён быў зусім невялікі - $50-65 млн в год. "Цяпер намецілася пазітыўная дынаміка росту. Я абсалютна ўпэўнены, што гэты форум будзе садзейнічаць не толькі значнаму нарошчванню нашага тавараабароту ў гэтым годзе, але і павелічэнню яго на працягу бліжэйшых гадоў", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў эканамічных адносінах Беларусі і Пакістана намецілася тэндэнцыя да паступовага пераходу ад простага гандлю да вытворчай кааперацыі, у чым зацікаўлены абодва бакі. Беларусь вітае падпісанне ў маі бягучага года ў Ісламабадзе двух пагадненняў, якія прадугледжваюць стварэнне ўмоў для паўнацэннага развіцця двухбаковых адносін у галіне прамысловай кааперацыі і сельскай гаспадаркі.

"Нашы краіны могуць узмацніць узаемадзеянне ў прамысловасці, энергетыцы, лагістыцы, сувязі, біятэхналогіях. Беларускі бок зацікаўлены таксама ў развіцці сумесных вытворчасцей у галіне фармакалогіі, інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, створыць для пакістанскіх прадпрымальнікаў неабходныя ўмовы для работы на рынках ЕАЭС і ЕС. "Калі вы хочаце працаваць у Еўразійскім эканамічным саюзе, на яго прасторы, у Еўрапейскім саюзе - вы можаце поўнасцю разлічваць на Беларусь. Мы створым для вашага бізнесу, для вашых прадпрымальнікаў неабходныя ўмовы для такой работы", - сказаў беларускі лідар, дадаўшы, што гэтак жа з тэрыторыі Беларусі працуе Кітайская Народная Рэспубліка.

Прэзідэнт запрасіў прадстаўнікоў пакістанскіх дзелавых колаў больш дэталёва азнаёміцца як з патэнцыялам Беларусі, так і, у прыватнасці, з патэнцыялам індустрыяльнага парка "Вялікі камень", дзе будуць стварацца вытворчасці ў галіне фармакалогіі, інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій. "Адкрыўшы вытворчасці ў Беларусі, вы будзеце мець бесперашкодны выхад на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза і таксама актыўна зможаце працаваць са сваімі таварамі, сумесна створанымі таварамі на рынку Еўрапейскага саюза", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Беларусь таксама запрашае прадстаўнікоў дзелавых колаў да супрацоўніцтва на ўзроўні рэгіёнаў. "Развіваючы гандлёва-эканамічныя і інвестыцыйныя адносіны паміж Беларуссю і Пакістанам, варта заўсёды мець на ўвазе тыя вялікія перспектывы, якія нясе ў сабе іх рэгіянальны і глабальны кантэкст", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы запэўніў пакістанскіх калег і ўдзельнікаў форуму, што ў бізнесменаў Пакістана ніколі не будзе праблем з контрагентамі ў Беларусі. "Мы заўсёды вам дапаможам, падкажам і будзем гарантаваць вашы інтарэсы ў Беларусі. Вы можаце быць упэўнены, што вас ніхто тут не падмане, вас ніхто тут не будзе валакіціць. Калі вы захочаце сумленна і прынцыпова працаваць і калі мы дамовімся, то мы будзем свята выконваць свае дамоўленасці", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Перад дзелавымі коламі і інвестарамі Беларусі і Пакістана стаяць вялікія і сур'ёзныя задачы. "Сёння ёсць унікальны шанц надаць новую якасць двухбаковым адносінам у палітычнай, гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, навукова-тэхнічнай, адукацыйнай, культурнай, інфармацыйнай і іншых сферах, умацаваць іх прававую базу", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што напярэдадні Беларусь і Пакістан падпісалі паўтара дзясятка пагадненняў на самым высокім узроўні, якія нацэлены на пашырэнне і паглыбленне двухбаковага супрацоўніцтва. "Самае галоўнае - гэта звязаць канцы нашых адносін, знайсці добрых партнёраў нам у Пакістане, а Пакістану - у Беларусі", - адзначыў Прэзідэнт.

Беларускі лідар канстатаваў, што Пакістан для Беларусі ў глабальным гандлёва-эканамічным маштабе - адносна новая краіна, новы рэгіён. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што разлічвае на садзейнічанне членаў урада ў наладжванні кантактаў у Пакістане. Цэнтрам двухбаковых адносін, прыняцця, прапрацоўкі рашэнняў будзе сумесная камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сёння як з боку Пакістана, так і з боку Беларусі створаны ўсе ўмовы для таго, каб бізнес мог спакойна і надзейна супрацоўнічаць і працаваць. Ён заклікаў бізнесменаў скарыстацца гэтымі магчымасцямі. "Ідзіце адзін да аднаго, дагаворвайцеся, гаварыце, у чым трэба дапамагчы. Мы заўсёды гатовы падставіць плячо", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што Беларуска-пакістанскі бізнес-форум будзе карысны абодвум бакам і яго вынікам стане з'яўленне новых, цікавых і ўзаемавыгадных праектаў. "Пакістан можа стаць для Беларусі акном у Паўднёвую Азію, таксама як і Беларусь для Пакістана - акном у Еўропу", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.