Анатоль Ісачанка назначаны старшынёй Мінскага аблвыканкама

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назначыў Анатоля Ісачанку старшынёй Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.

"Вобласць немалая, гэта палавіна краіны. Я не магу сказаць, што вобласць дасягнула поспеху ў сваім развіцці. Вы, напэўна, гэта адчулі, працуючы памочнікам. Але кожны губернатар нешта прыўносіў для развіцця Мінскай вобласці", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Анатоль Ісачанка ўсю адпаведную работу ведае па вертыкалі і мае неабходны вопыт.

"Я вельмі хацеў бы, каб у вас у Мінскай вобласці атрымалася. На мяне вы можаце разлічваць, калі вам будзе неабходна дапамога. Разбярыцеся на месцы, паглядзіце на сітуацыю яшчэ раз, ужо з гэтай вышыні. Далажыце аб сваіх задумах Савету дэпутатаў. Раскажыце, у якім напрамку будзем дзейнічаць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама заявіў аб неабходнасці больш інтэнсіўнымі тэмпамі і часцей праводзіць ратацыю кадраў.

Да гэтага часу Анатоль Ісачанка працаваў на пасадзе памочніка Прэзідэнта Беларусі - інспектара па Мінскай вобласці.