Аляксандр Лукашэнка разгледзеў кадравыя пытанні

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 21 лютага разгледзеў кадравыя пытанні. Кіраўнік дзяржавы назначыў:

    Назаранку Віктара Уладзіміравіча - Старшынёй Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі,

    Бяскостага Вячаслава Васільевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Федэратыўнай Рэспубліцы Нігерыя,

    Кандрацьева Сяргея Вадзімавіча - суддзёй і намеснікам Старшыні Вярхоўнага суда Беларусі,

    Чыжыка Сяргея Антонавіча - намеснікам Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі,

    Кіліна Сяргея Якаўлевіча - галоўным вучоным сакратаром Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі,

    Лапата-Загорскага Уладзіміра Мікалаевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Аўстраліі, Малайзіі, Рэспубліцы Сінгапур і Рэспубліцы Філіпіны па сумяшчальніцтве.

    Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

    Цярэнцьева Уладзіміра Уладзіміравіча - намеснікам Старшыні Віцебскага аблвыканкама,

    Пратасавіцкага Рыгора Васільевіча - старшынёй Столінскага райвыканкама,

    Пачынка Алега Міхайлавіча - кіраўніком адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля,

    Няверава Аляксея Мікалаевіча - кіраўніком адміністрацыі Навабеліцкага раёна Гомеля,

    Хілінскага Юрыя Станіслававіча - кіраўніком адміністрацыі Першамайскага раёна Бабруйска,

    Аземшы Сяргея Якаўлевіча - пракурорам Гомельскай вобласці,

    Ліпніцкага Івана Эдуардавіча - намеснікам Міністра аховы здароўя,

    Дзям'яніка Леаніда Юр'евіча - намеснікам Міністра лясной гаспадаркі,

    Лебедзева Уладзіміра Ігаравіча - дырэктарам Дэпартамента інфарматызацыі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі,

    Сушко Сяргея Аляксандравіча - дырэктарам Дэпартамента па каштоўных паперах Міністэрства фінансаў,

    Аксёненку Аляксандра Іванавіча - дырэктарам адкрытага акцыянернага таварыства "Паліграфкамбінат імя Я.Коласа",

    Турчака Івана Рыгоравіча - генеральным дырэктарам адкрытага акцыянернага таварыства "Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне",

    Крыўчэні Мікалая Сцяпанавіча - членам Магілёўскага аблвыканкама,

    Гаркуна Уладзіміра Гіляравіча - першым намеснікам старшыні Выканаўчага камітэта - выканаўчага сакратара СНД.

    "Перад усімі намі, усёй краінай у гэтым годзе, ды і да канца пяцігодкі, будуць стаяць вельмі значныя задачы, якія не выканаць мы проста не можам. Я сказаў аднойчы, што на працягу года, максімум паўтара, мы не проста павінны выйсці на дакрызісны ў фінансавых адносінах узровень, а перасягнуць яго. Не выйсці мы проста не маем права, калі мы пазіцыянуем сябе як самадастатковая краіна, якая нешта можа", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўнікоў мясцовых выканаўчых органаў.

    "Што такое сярэдняя зарплата $500? Гэта зусім нізкі ўзровень, які мы павінны пераадолець. І гэта задача ўсіх, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Я гэта вам кажу таму, што мы зверху пачынаем мацней, кажучы па-народнаму, ціснуць на мясцовыя органы ўлады".

    Паводле слоў Прэзідэнта, мясцовая вертыкаль не толькі павінна арганізоўваць і працаваць з людзьмі, але трэба яшчэ навучыцца зарабляць грошы, улічваючы мясцовыя ўмовы. "Грошы трэба шукаць усюды, зарабляць усюды, на чым толькі можна. Тады мы можам значна перасягнуць нават гэты ўзровень па даходах насельніцтва. Вы павінны ў сябе мець адзін план - выхаду на гэты ўзровень", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

    "Па-другое, прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы, неабходна, каб на кожным прадпрыемстве быў уласны план мадэрнізацыі і развіцця вытворчасці. "І вы ім адразу скажыце: забаронена хадзіць у органы ўлады, выканаўчыя камітэты, рэспубліканскія органы за грошамі. Грошы трэба адшукваць у сябе, - папярэдзіў Прэзідэнт. - На ўзроўні прадпрыемстваў у кожнага павінен быць план, як зарабляць грошы, і па ўздыме людзей на адпаведны ўзровень па заработнай плаце і даходах, а ў вас - вельмі сур'ёзны план па развіцці тэрыторый і даходах у бюджэт".

    "Гэта галоўнае. Грошы становяцца галоўнай меркай нашай дзейнасці, перш за ўсё вытворчай. Гэта вельмі значныя задачы, якія, пачынаючы з гэтага года, будуць стаяць перад усімі. Да Урада я гэтыя даручэнні давёў. Сёння міністры пачынаюць кантроль за прадпрыемствамі, якія ім падпарадкаваны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    У сувязі з гэтым ён заклікаў кіраўнікоў мясцовых органаў улады не дзяліць прадпрыемствы на свае і рэспубліканскія. "Гэта вашы прадпрыемствы. Вы там кіруеце ўсім, а міністр, калі гэта прадпрыемствы рэспубліканскай уласнасці, павінен вам дапамагаць зрушыць іх з мёртвага пункта, калі гэта патрэбна, даць штуршок да іх развіцця", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    Звяртаючыся да Вячаслава Бяскостага, які назначаны паслом у Нігерыі, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь пачынае асвойваць афрыканскі кантынент. "Вы ведаеце, што ў нас там так сабе. Нават у краінах, дзе ў нас ёсць пасольствы, мы не вельмі разгарнуліся, але пачынаем вельмі сур'ёзна працаваць. Там інтарэс да беларусаў вялікі. Мы празандзіравалі ўжо глебу. Там непачаты край работы, і мы шукаем апорныя пункты. Сёння нам патрэбна апора ў выглядзе пасольства ў Нігерыі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - І вам трэба быць гатовым да пашырэння сваёй дзейнасці. Калі ў Нігерыі мы будзем ажыццяўляць 2-3 праекты, гэтага для пачатку дастаткова. Але вы павінны будзеце бачыць і суседнія дзяржавы, дзе мы таксама можам мець пару сур'ёзных праектаў".

    "Я хачу вам больш сказаць. Я пайду нават на тое, каб дзесьці скараціць нашу прысутнасць у тых рэгіёнах, якія не вельмі хочуць з намі супрацоўнічаць, і перакінуць нашы асноўныя дыпламатычныя намаганні на тыя рэгіёны, дзе нас чакаюць, і дзе мы можам атрымаць аддачу ад гэтага супрацоўніцтва. І вы - адзін з першых, хто накіроўваецца на гэту работу", - адзначыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка даручыў Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзіміру Макею "ўзяць гэта пад сур'ёзны кантроль і з Міністрам замежных спраў зыходзіць з гэтай канцэпцыі развіцця нашых адносін з афрыканскім кантынентам".

    Што датычыцца супрацоўніцтва Беларусі з азіяцкімі краінамі, Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў гэтым напрамку ўсё складаецца даволі паспяхова: "Мы практычна адзначылі сваю прысутнасць усюды. Нядаўна ў Інданезіі пасла назначылі. Ну, можа, да Аўстраліі не дабраліся, але, я лічу, - гэта справа будучыні. З Азіяй у нас добрае супрацоўніцтва, і мы маем там дастаткова сіл". Ёсць добрыя перспектывы для пашырэння супрацоўніцтва з Японіяй.

    Стратэгія развіцця ўзаемадзеяння з краінамі Амерыкі таксама дакладна вызначана. Тут асноўны ўпор робіцца на буйныя дзяржавы, такія як Венесуэла, Бразілія. Адзначаецца ўзаемны інтарэс да актывізацыі кантактаў з Аргенцінай.

    "Мы павінны мець рэзерв, дыверсіфікаваць нашу знешнюю палітыку. Таму мы адкрываем пасольствы ў такіх буйных і вядомых дзяржавах, як Нігерыя, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - У нас адкрытая эканоміка, экспартаарыентаваная. Нам нікуды не дзецца ад супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі".

    Звяртаючыся да Сяргея Кандрацьева, які назначаны суддзёй і намеснікам Старшыні Вярхоўнага суда, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не бачыць асаблівых праблем у судовай сістэме Беларусі. "Малайцы людзі, працуюць суддзі нармальна. Яны не схіліліся перад тым, што хтосьці там уводзіць супраць іх санкцыі. Гэта наогул абсурд - супраць суддзі ўводзіць санкцыі. Суддзя - нявольнік перад законам. Якія могуць быць санкцыі супраць суддзі? - сказаў Кіраўнік дзяржавы . - Але, тым не менш, нашы суддзі ў гэтай сітуацыі проста малайцы. Яны ні перад кім не схіляюцца, робяць сваю справу. Таму ў мяне асаблівых прэтэнзій да судзейскага
    корпуса няма, і вы павінны ведаць, што я вельмі беражліва ахоўваю нашу судовую сістэму ад усялякага ўмяшання ў яе работу. І ламаць існуючую ў Беларусі судовую сістэму недапушчальна".

    Гаворачы аб рабоце праваахоўных ведамстваў і ў тым ліку органаў пракуратуры, Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб неабходнасці назначэння новай хвалі кіраўнікоў. "Сказаць, што маладых... Я асабліва не педалірую гэта пытанне. Так, трэба вылучаць моладзь. Але для мяне галоўнае не ўзрост чалавека, а яго прафесіяналізм і адданасць дзяржаве. Вельмі рады, што Генпракуратура ў гэтым напрамку пачынае дзейнічаць", - сказаў Прэзідэнт у адрас Сяргея Аземшы, які ўзгоднены на пасаду пракурора Гомельскай вобласці.

    Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, людзей неабходна вылучаць знізу, з самой сістэмы. "Вы, напэўна, адзін з першых, каго мы назначаем у адпаведнасці з гэтай новай хваляй і патрабаваннямі да кадраў. Недзе ў красавіку-маі мы правядзём на ўзроўні Прэзідэнта нараду ў пракуратуры і больш прынцыпова і сур'ёзна вызначымся з напрамкамі дзейнасці нашых пракурорскіх работнікаў", - сказаў Прэзідэнт, адзначыўшы, што трэба паглядзець і на пытанне аб падтрымцы пракурорскага корпуса.

    "Але вы дакладна павінны ведаць: я хачу, каб пракуроры змянілі стыль сваёй работы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Я з савецкіх часоў помню, як пракурор вечна бадзяўся каля міліцыі, а міліцыя бегла да пракурора. Навошта? Пракурор - гэта галоўны кантралёр у сваёй сістэме ў краіне. Пракурор павінен патрабаваць вынік і захаванне правоў грамадзяніна і інтарэсаў дзяржавы. На гэта я арыентаваў Генеральнага пракурора, і гэта будзе квінтэсенцыяй і чырвонай ніткай у нашай размове з пракурорскім корпусам".

    Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу Сяргея Аземшы на неабходнасць аказання падтрымкі ў фарміраванні органаў Следчага камітэта ў рэгіёне. Пры гэтым ён падкрэсліў асаблівую адказнасць пракуратуры за стан спраў у праваахоўных органах у пытанні барацьбы з крыміналам. Не меншую ўвагу трэба звярнуць і на барацьбу з карупцыяй.