Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Аляксандр Лукашэнка назначыў новых кіраўнікоў дзяржаўных органаў

31 ліпеня 2012 года

Сумленнасць, прынцыповасць, прафесіяналізм і прыстойнасць - галоўныя патрабаванні, якія прад'яўляе Кіраўнік дзяржавы да кіруючых кадраў. Гэта чарговы раз адзначыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, назначаючы новых кіраўнікоў дзяржаўных органаў.

Рашэнне аб назначэнні Анатоля Сівака Міністрам транспарту і камунікацый, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, лагічнае, паколькі ён прадоўжыць працаваць у галіне, толькі на ступень вышэй. І пры гэтым зможа забяспечыць рэалізацыю інвестыцыйных праектаў, запланаваных па развіццю Беларускай чыгункі.

Уладзімір Марозаў, які змяніў Анатоля Сівака на пасадзе Начальніка Беларускай чыгункі, раней узначальваў адно з лепшых аддзяленняў БЧ - Магілёўскае. Таму Прэзідэнт выказаў надзею, што чыгунка будзе працаваць гэтак жа добра, як працавала.

"Што датычыцца назначэння Сяргея Румаса, вядома, для Урада - гэта каласальная страта, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Тым больш Сяргей Мікалаевіч вельмі добра працаваў і працуе на гэтай пасадзе. Але, як ён сам гаворыць, ён банкір, і гэта адчувалася ў яго рабоце. І ён мае большую цягу да канкрэтнай работы. Ды і ў банкаўскай сферы ў нас з кадрамі праблем дастаткова".

Паводле слоў Прэзідэнта, неабходна істотна паляпшаць работу ў сферы інвестыцый: "Пачынаць трэба і з банкаўскага сектара, асабліва па дзяржаўных праграмах. І лічыць грошы трэба вельмі сур'ёзна". У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вялікі акцэнт будзе зроблены на Банк развіцця. "Хутчэй за ўсё, нам давядзецца пад кантроль гэтага банка аддаваць і дзяржпраграмы, і інвестыцыйныя праекты, якімі будуць займацца і іншыя банкі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Галоўная ваша задача - стварыць Банк развіцця, сапраўдны банк, які адпавядаў бы гэтай назве. Веды, вопыт для гэтага ёсць", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама акцэнтаваў увагу Сяргея Румаса, які ўзначальвае Беларускую федэрацыю футбола, на развіцці гэтага віду спорту: "Футбол - гэта любімая ўсімі гульня, гульня нумар адзін у нашай краіне. І там ёсць чым займацца, у тым ліку зыходзячы з вопыту апошніх гульняў на Алімпіядзе нашай каманды. Гэта вельмі важны напрамак, і вы мне абяцалі, што Беларусь у перспектыве будзе дастойна прадстаўлена ў гэтым відзе спорту".

"І трэцяе - Ваша радзіма і маё любімае месца - гэта Прыпяць, Тураўшчына. Там мы з вамі пачалі грандыёзны праект. З'яўляючыся Віцэ-прэм'ерам, вы цікавіліся, кантралявалі гэты праект. Я хацеў бы, каб вы ад гэтага праекта на адыходзілі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, Прэзідэнт падкрэсліў, што пакуль Сяргею Румасу давядзецца займацца і пытаннямі Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Новым паслом Беларусі ў Венесуэле стаў Алег Пафераў. Развіццё ўзаемаадносін з краінамі Лацінскай Амерыкі - адзін з прыярытэтных напрамкаў беларускай знешняй палітыкі. Венесуэла, як сказаў Аляксандр Лукашэнка, павінна стаць асноўнай базай нашай дзейнасці ў Лацінскай Амерыцы, а пасол у Венесуэле па свайму статусу - каардынуючым звяном у наладжванні ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і гэтым рэгіёнам. Прэзідэнт асабліва адзначыў, што новы пасол добра ведае Венесуэлу, і гэта ў тым ліку будзе садзейнічаць актыўнаму развіццю двухбаковага супрацоўніцтва.

Назначаючы кіраўнікоў мясцовых выканаўчых органаў, Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на ўборачнай кампаніі, паставіўшы задачу якасна і без страт сабраць вырашчаны ўраджай. Такога ўраджаю краіна яшчэ не ведала, і яго недапушчальна страціць, падкрэсліў Прэзідэнт.

Асобна Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб неабходнасці прынцыповага падыходу да фарміравання кадравага складу кіраўнікоў сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемстваў, каб на гэтых пасадах працавалі неабыякавыя людзі.

Дарэчы, нованазначаныя старшыні райвыканкамаў - прадстаўнікі новай плеяды маладых кіраўнікоў, ім крыху больш за 30 гадоў. І ім трэба будзе сфарміраваць каманду аднадумцаў.

І яшчэ на адным аспекце спыніўся Прэзідэнт - нельга праходзіць міма недахопаў. У якасці прыкладу Кіраўнік дзяржавы расказаў, як у мінулую нядзелю выехаў на поле, размешчанае за рэзідэнцыяй, дзе нядаўна быў убраны рапс, і застаўся вельмі незадаволены якасцю работ.

У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што самая галоўная задача - пастаяннае павышэнне культуры земляробства і строгае выкананне тэхналогіі правядзення сельгасработ. "Усе адпаведныя землі неабходна задзейнічаць пад сельгасугоддзі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да прадстаўнікоў органаў пракуратуры, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнім часам гэтай сферы ўдзялялася шмат увагі, у тым ліку пры назначэнні Генеральнага пракурора. "Я яшчэ раз хачу падкрэсліць: адна з задач, якая была пастаўлена Генеральнаму пракурору - знайсці нармальных прафесіяналаў, спецыялістаў, перш за ўсё ў цэнтральнае звяно - Генеральную пракуратуру. Гэта важнейшае пытанне", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт прызнаўся, што да былога кіруючага складу Генеральнай пракуратуры было шмат прэтэнзій. Мелі месца ведамасныя нестыкоўкі, боязь прымяняць меры пракурорскага рэагавання там, дзе гэта было патрэбна. І новы генеральны пракурор павінен быў гэты склад абнавіць. "Пракуратура - гэта фактычна ваенная арганізацыя, і тут ад кіраўніцтва многае залежыць. Трэба вылучаць маладых, не баяцца, - сказаў Прэзідэнт. - Спадзяюся, што якраз прыйшлі тыя людзі, якія добра ведаюць сваю работу і будуць адзінай камандай". Добра, што ў цэнтральны апарат пракуратуры прыйшлі спецыялісты, якія прайшлі школу ў рэгіёнах, з нізоў.

Перад новай камандай кіруючага звяна пракуратуры стаяць маштабныя задачы, даў наказ Кіраўнік дзяржавы: "Следчы камітэт - гэта перш за ўсё зона вашай увагі, пакуль ён не стане цвёрда на рэйкі і не будзе рухацца ў патрэбным напрамку". Нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем заканадаўства - таксама сфера адказнасці пракуратуры. "І важнейшая ваша задача - барацьба з усялякай нечысцю. Толькі так мы зможам захаваць краіну", - на заканчэнне падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь