Аляксандр Лукашэнка назначыў Ігара Шуневіча першым намеснікам Міністра ўнутраных спраў

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка назначыў Ігара Шуневіча першым намеснікам Міністра ўнутраных спраў - начальнікам крымінальнай міліцыі.

    "Я думаю той вопыт, які вы набылі ў КДБ, вельмі вам карысны, але наогул вы - прафесіянальны спецыяліст Міністэрства ўнутраных спраў, вы служылі на ўсіх пасадах у МУС, ведаеце яго знутры, добра ведаеце следства - гэта таксама для нас вельмі важна. Але самае галоўнае - работа ў КДБ (а апошнім часам вы якраз займаліся кантролем, можна адкрыта сказаць, работы праваахоўных органаў) дала вам магчымасць убачыць знутры ўсе праблемы Міністэрства ўнутраных спраў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да Ігара Шуневіча.

    Прэзідэнт падкрэсліў, што новаму першаму намесніку Міністра ўнутраных спраў неабходна рыхтавацца да больш значных задач, якія трэба будзе выконваць. "Галоўнае - без аглядкі браць на сябе адказнасць і, вядома, адказваць за прынятыя рашэнні", - сказаў ён.

    "Раю вам з першага дня паказаць, што вы не проста чалавек, які прыйшоў з КДБ у МУС, як гэта ў нас любяць гаварыць і папісваць асобныя пісакі, што, маўляў, у нас ледзь не барацьба ідзе паміж КДБ, МУС і гэтак далей. Павінен сказаць: што КДБ, што МУС - гэта дзве структуры, якія працуюць на дзяржаву. Але, прыйшоўшы туды, вы павінны добра паказаць, што прыйшоў спецыяліст, які ведае знутры МУС і паглядзеў збоку на гэту структуру", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.