Аляксандр Лукашэнка наведаў прадпрыемствы абароннага сектара ў Барысаве

  • 7

Беларусі патрэбна мабільная армія з эфектыўным узбраеннем. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 24 чэрвеня ў ходзе рабочай паездкі ў горад Барысаў Мінскай вобласці, дзе наведаў ААТ "2566 завод па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення" і ААТ "140 рамонтны завод".

Кіраўніку дзяржавы было даложана аб арганізацыйна-вытворчай структуры, фінансава-гаспадарчай дзейнасці і перспектывах развіцця прадпрыемстваў.

Пры наведванні завода 2566 Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу па распрацоўцы і ўкараненні ў вытворчасць беларускага зенітна-ракетнага комплексу, які па сваіх характарыстыках не ўступаў бы С-300. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, акрамя рамонту і мадэрнізацыі тэхнікі адпаведныя прадпрыемствы павінны паступова падыходзіць да стварэння новых сучасных узораў узбраення. "На гэтай базе трэба стварыць свой комплекс, і ён павінен быць не горшы за С-300. Таму вы думайце, якая ў яго будзе ракета. Галоўнае, каб яна была эфектыўнай і паражала любую цэль", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў,  што гэтым пытаннем павінна займацца не адно прадпрыемства або нават ведамства, а адпаведную задачу трэба рэалізоўваць сумеснымі намаганнямі пры ўдзеле ўсіх зацікаўленых.

На ААТ "140 рамонтны завод" Прэзідэнт заявіў: "Нам патрэбна мабільная армія. Мы зрабілі на гэта стаўку. Таму яе трэба аснасціць мабільнымі машынамі з эфектыўным узбраеннем, каб мы маглі ў любы час паехаць куды трэба і нанесці непапраўны ўрон таму, хто сюды палезе. Упэўнены, што ў сучаснай вайне без іх немагчыма". Кіраўнік дзяржавы даручыў аснасціць Узброеныя Сілы Беларусі, падраздзяленні спецыяльных аперацый і МУС мабільнымі транспартнымі сродкамі.

Аляксандр Лукашэнка таксама паставіў задачу стварыць айчынную бронемашыну. "Тое, што вы ствараеце мабільную машыну на 10-12 чалавек, якая можа развіваць скорасць да 100 км/гадз, і мы зможам перакінуць мабільныя падраздзяленні на любую адлегласць з узбраеннем, - гэта ўжо зроблена. Але вы павінны прыдумаць самую сучасную бранятэхніку для сучаснага бою. Якую - вы ведаеце лепш за мяне, у вас ёсць уласны і вы вывучаеце сусветны вопыт. У бліжэйшы час вы павінны зрабіць гэту машыну, за якой стаялі б у чарзе людзі, гатовыя купіць яе за мяжой", - сказаў Прэзідэнт.

"Таму падумайце над тым, як выйсці на новыя віды работ, якія будуць прыносіць у краіну валюту - шмат валюты, больш, чым цяпер", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў сучасным свеце не менш запатрабаваны і паслугі па рамонце і мадэрнізацыі рознага ўзбраення. "Людзі пачалі разумець, што для таго, каб забяспечыць сваё жыццё, жыццё сваёй сям'і і краіны, трэба порах трымаць сухім, і многія зразумелі, што новае ўзбраенне - гэта добра, але яно вельмі дарагое. Таму ўвесь свет сёння больш робіць упор на рамонт, аднаўленне і мадэрнізацыю старой тэхнікі", - лічыць Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, па адпаведным шляху ідзе і Беларусь, мадэрнізуючы танкі і самалёты, іншае дарагое ўзбраенне, аснашчаючы яго самай сучаснай начынкай і даводзячы па сваіх характарыстыках да самых сучасных узораў.

Прэзідэнт станоўча ацаніў і той факт, што акрамя патрэб абароннага сектара прадпрыемства таксама выконвае работы для сферы народнай гаспадаркі: рамантуе і мадэрнізуе чыгуначную тэхніку, дызельныя рухавікі, вырабляе ўсюдыходную, аварыйна-выратавальную і спецыяльную пажарную тэхніку. "Усё трэба рабіць, што вы можаце і за што плацяць грошы. Так робяць ва ўсім свеце", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пасля наведвання прадпрыемстваў Прэзідэнт паразмаўляў з прадстаўнікамі іх працоўных калектываў.

Адказваючы на пытанне аб магчымасці павышэння ў Беларусі пенсійнага ўзросту, Кіраўнік дзяржавы заявіў, што адпаведнае пытанне пакуль не разглядаецца, хоць ёсць аб'ектыўныя цяжкасці дэмаграфічнага характару. "Людзі не хочуць павышэння пенсійнага ўзросту. Я не магу сёння ісці насуперак іх волі. Калі, вядома, сітуацыя пагоршыцца і я як эканаміст буду бачыць, што гэта для краіны дрэнна, тады я адкрыта вам скажу: або ў два, або ў тры прыёмы, але давайце на 5 гадоў пенсіі адцягваць. Але пакуль мы такое пытанне перад сабой не ставім. Пакуль церпім. Але вельмі цяжка. Калі мы будзем ісці да гэтага, я вам абавязкова сумленна і адкрыта скажу", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адно пытанне датычылася магчымасці працаўладкавання ў Беларусі перасяленцаў з Украіны. "Мы гатовы прымаць такіх людзей арганізавана. Нам рабочыя рукі патрэбны. І мы гатовы іх размяшчаць у розных кутках нашай краіны, даць ім дах над галавой і месца работы", - заявіў Прэзідэнт.

Адказваючы на пытанне наконт мэтавага выкарыстання збораў ад выплаты дзяржпошліны за допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэтыя сродкі накіроўваюцца выключна на развіццё і падтрыманне дарожнай інфраструктуры.

На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што асноўным напрамкам яго дзейнасці на прэзідэнцкай пасадзе з'яўляецца забеспячэнне бяспекі дзяржавы. "Ніхто ніколі не даруе Прэзідэнту, і ён нічым не апраўдаецца, калі гэта стабільнасць, якая ў нас ёсць, будзе парушана і мы страцім у тым ліку ваенную бяспеку", - адзначыў беларускі лідар.

"Даравання нікому не будзе, ні жулікам, ні зладзюгам, ні тым, хто перашкаджае нам жыць. Таму давайце разам захоўваць гэту стабільнасць. Што ад мяне залежыць, я не проста стараюся, я гэта раблю", - рэзюмаваў беларускі лідар.