Аляксандр Лукашэнка наведаў сельгаспрадпрыемствы Чачэрскага раёна

  • 7
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка зрабіў 26 чэрвеня рабочую паездку ў Чачэрскі раён Гомельскай вобласці.

Гэта паездка стала прадаўжэннем размовы, пачатай у ходзе праведзенай 10 чэрвеня нарады з удзелам Кіраўніка дзяржавы аб праектах указаў па ўдасканаленні аграрнай палітыкі.

Кіраўнік дзяржавы наведаў гаспадаркі "Отар" і "Зорка", якія апошнім часам дабіліся пазітыўных вынікаў у вытворчасці малака дзякуючы пераходу на круглагадовае стойлавае ўтрыманне жывёлы. Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на неабходнасці капіравання гэтага вопыту іншымі гаспадаркамі.

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў важнасць стварэння ўмоў, пры якіх сяляне будуць мець "магчымасць аддаваць малако таму, хто прапануе найлепшыя цэнавыя ўмовы". Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў кіраўніцтву Гомельскай вобласці і Мінсельгасхарча аб сваім даручэнні па стварэнні дзейсных механізмаў кропкавай падтрымкі паспяховых сельгасвытворцаў. Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання ў сувязі з гэтым было даручана паскорыць стварэнне спецыяльнага фонду, які прадугледжвае тэрмін вяртання пазыковых сродкаў не большы за 8 гадоў. "Мы будзем даваць грошы толькі тым, хто зможа іх вярнуць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.