Аляксандр Лукашэнка зрабіў рабочую паездку ў Мінскую вобласць

  • 6

У Беларусі на працягу трох гадоў плануецца поўнасцю замясціць за кошт айчыннай вытворчасці імпарт гідраўлічнага абсталявання. Аб гэтым Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку было даложана 27 сакавіка ў час наведвання ў Дзяржынску ТАА "Салеа", дзе арганізавана вытворчасць гідраўлічнага абсталявання.

Як далажылі Кіраўніку дзяржавы, прадпрыемства створана на плошчах ААТ "Дзяржынскі маторарамонтны завод". Заснавальнікамі гаспадарчага таварыства выступілі ТАА "Інтэрсэрвіс" і ТАА "ПМІ Інжынірынг". Новымі ўласнікамі рэалізуецца інвестпраект па арганізацыі гідраўлічнай вытворчасці, які ўключае два этапы. З кастрычніка 2013 года прадпрыемства пачало серыйны выпуск імпартазамяшчальнай прадукцыі і выйшла на вытворчую магутнасць.

Старшыня савета дырэктараў ААТ "Амкадор" - кіруючая кампанія холдынга" Аляксандр Шакуцін падкрэсліў, што гэта прадпрыемства ўдалося вывесці на праектную магутнасць усяго за паўгода, у той час як на такіх прадпрыемствах у заходніх краінах на гэта іншы раз ідзе да двух гадоў.

Ужо ў бягучым годзе плануецца выканаць другі этап праекта, заключаны адпаведны інвестдагавор з Мінаблвыканкамам. Плануецца паставіць 28 адзінак абсталявання на суму $21,3 млн. Гэта дасць магчымасць значна павялічыць аб'ём і наменклатуру выпускаемай прадукцыі. Пры гэтым эфектыўнасць вытворчасці зноў жа будзе значна перавышаць паказчыкі на аналагічных прадпрыемствах у іншых краінах.

Асноўнымі спажыўцамі выпускаемай прадукцыі з'яўляюцца айчынныя машынабудаўнічыя прадпрыемствы, якія раней былі вымушаны закупляць аналагічнае абсталяванне па імпарце. У сувязі з гэтым на мерапрыемства былі запрошаны галоўны тэхнолаг РУП "МТЗ" і галоўны канструктар ААТ "МАЗ " - кіруючая кампанія холдынга "БелаўтаМАЗ". Яны пацвердзілі, што прадукцыя прадпрыемства ў Дзяржынску поўнасцю адпавядае сусветнаму ўзроўню і патрабаванням да якасці. Пры вытворчасці практычна выключаны чалавечы фактар, які ўплывае на якасць, а адпаведна, адмова складае ўсяго сотыя долі працэнта.

Аляксандр Шакуцін таксама адзначыў, што акрамя высокай якасці абсталяванне на 30-40% таннейшае за тое, якое даводзілася закупляць за мяжой. Больш таго, цяпер заснавальнікі ТАА "Салеа" праводзяць работу па стварэнні ў Беларусі вялікага холдынга па вытворчасці гідраўлічнага абсталявання для машынабудавання. Холдынг ствараецца на базе некалькіх прадпрыемстваў у розных рэгіёнах Беларусі і на працягу трох гадоў зможа поўнасцю замясціць імпарт гідраўлічных машын у Беларусь, на 100% забяспечыць патрэбнасць беларускіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў у высакаякасных сучасных камплектуючых. Акрамя таго, каля 40% прадукцыі плануецца пастаўляць на экспарт.

Як далажыў Аляксандр Шакуцін, агульны аб'ём інвестыцый складзе больш як $200 млн, акупнасць праекта - 5 гадоў.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з тэхналагічным працэсам вытворчасці сучаснага гідраўлічнага абсталявання, агледзеў вытворчыя памяшканні прадпрыемства, выстаўку выпускаемай і перспектыўнай прадукцыі. Кіраўнік дзяржавы таксама сустрэўся з прадстаўнікамі працоўнага калектыву ТАА "Салеа". "Без вас гэта было б немагчыма. Вы вельмі хутка і аператыўна стварылі гэты завод", - падкрэсліў Прэзідэнт, звяртаючыся да прысутных работнікаў.

Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў імпартазамяшчальны эфект ад стварэння новай вытворчасці, што дасць магчымасць сэканоміць значныя аб'ёмы валютных сродкаў. "Цэлы холдынг, вытворчае аб'яднанне будзе працаваць на самым высокім узроўні. Мы ў даўгу не застанемся, калі вы выканаеце свае абяцанні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Тое, што я бачу, абсалютна не адрозніваецца ад лепшых сусветных узораў. Гэта сапраўды сусветны ўзровень. Малайцы! Гэта тое, што нам сёння патрэбна", - дадаў Прэзідэнт.

У час наведвання прадпрыемства Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на развіццё гарадоў-спадарожнікаў Мінска, у тым ліку Дзяржынска. "Тут будзе магутная вытворчасць. Ніхто Мінск больш не будзе разбудоўваць. Мы будзем будаваць у спадарожніках, і, зразумела, сюды будуць перамяшчацца людзі", - сказаў ён.

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што для больш дакладнага ўяўлення аб перспектыве, магчыма, неабходна скласці генеральны план развіцця Дзяржынска.

У час рабочай паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў Мінскую вобласць размова таксама ішла аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна і ходзе веснавых палявых работ. Прэзідэнт цікавіўся тым, наколькі эфектыўна працуюць прадпрыемствы вобласці, як праводзіцца работа па скарачэнні складскіх запасаў.

Старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра падрабязна далажыў аб праводзімых работах у сельскай гаспадарцы, існуючых праблемных пытаннях. "Хачу, каб вы ўсе мелі на ўвазе, што ў гэтым годзе ніхто вам грошай не дасць, як у мінулыя гады. Толькі пад нейкія праекты, якія будуць цікавіць дзяржаву. І не толькі таму, што ў свеце сітуацыя такая, - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. - Пачынайце працаваць і лічыць затраты. Усё, што вы вырабіце, прадасце, - дзяліце. Думайце, як вы будзеце жыць і, калі трэба, нават выжываць, але толькі за кошт уласных сіл".