Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2017 год

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 359 "Аб зацвярджэнні Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2017 год".

    Грашова-крэдытная палітыка ў 2017 годзе захавае пераемнасць і будзе садзейнічаць устойліваму і збалансаванаму развіццю эканомікі Беларусі шляхам падтрымання цэнавай стабільнасці.

    Асноўнай мэтай грашова-крэдытнай палітыкі стане зніжэнне інфляцыі, што вымяраецца індэксам спажывецкіх цэн, да 9%. Прадоўжыцца правядзенне грашова-крэдытнай палітыкі ў рэжыме манетарнага таргетавання, якое прадугледжвае кантроль над грашовым  прапанаваннем. У якасці прамежкавага арыенціра манетарнай палітыкі па-ранейшаму будзе выкарыстоўвацца шырокая грашовая маса, у якасці аперацыйнага - рублёвая грашовая база. Прырост сярэдняй шырокай грашовай масы прагназуецца на ўзроўні 12-16%.

    У 2017 годзе Нацыянальны банк прадоўжыць работу па развіцці фінансавага рынку і плацежнай сістэмы, умацаванні даверу да нацыянальнай грашовай адзінкі і зніжэнні даларызацыі эканомікі, фарміраванні ўмоў для далейшага павышэння стандартаў і якасці банкаўскіх паслуг.