Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці

    Прэзідэнт  Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ аб узнагароджанні прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, значны асабісты ўклад у развіццё навукова-педагагічнай дзейнасці, сферы аховы здароўя, культуры і спорту.

    У ліку ўзнагароджаных ордэнам "За службу Радзіме" III ступені - намеснік міністра ўнутраных спраў - камандуючы ўнутранымі войскамі Юрый Караеў.

    Медаля "За адвагу" ўдастоены начальнік аддзялення баявога забеспячэння - начальнік сапёрна-піратэхнічнай службы вайсковай часці 5525 унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў Мікалай Нагурны, старшы інструктар кіналагічнай службы (сапёр) сапёрна-піратэхнічнай групы гэтай жа вайсковай часці Юрый Навуменка.

    Сярод узнагароджаных медалём "За адзнаку ў ахове грамадскага парадку" - намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі - начальнік аддзела па масавых мерапрыемствах міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Басаў, а таксама начальнік аддзела дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі міліцыі грамадскай бяспекі УУС адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска Аляксандр Васілевіч.

    Медалём "За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы" адзначаны кантралёр-інструктар аддзялення пагранічнага кантролю 86-й пагранічнай групы пагранслужбы Аляксандр Дзімчогла.

    У ліку ўзнагароджаных медалём "За адзнаку ў прадухіленні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый" - старшы пажарны Горацкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Раемскі, медалём "За працоўныя заслугі" - станочнік ЗАТ "Холдынгавая кампанія "Пінскдрэў" - Завод струганай шпоны і мэблі Міхаіл Шытаў, медалём Францыска Скарыны - загадчык кафедры маркетынгу Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Іван Акуліч.

    Сярод удастоеных ганаровых званняў - галоўны ўрач Гарадской гінекалагічнай бальніцы Мінска Аляксандр Біч, якому прысвоена званне "Заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь".

    Акрамя таго, падзяка Прэзідэнта Беларусі аб'яўлена начальніку цэха пратэзна-артапедычнага абутку Беларускага пратэзна-артапедычнага аднаўленчага цэнтра Аляксандру Маўкаленку, старшыні цэнтральнага праўлення Беларускага таварыства глухіх Сяргею Сапуто і іншым.