Аляксандр Лукашэнка ўдастоіў дзяржаўных узнагарод заслужаных людзей краіны

    За шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў і высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у развіццё энергетычнай сістэмы, лясной і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аховы здароўя, дасягненні ў галіне адукацыі, мастацтва і культуры Прэзідэнт Беларусі ўдастоіў дзяржаўных узнагарод заслужаных людзей краіны.

    Ордэнам Айчыны III ступені ўзнагароджаны загадчык нейрахірургічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі Міністэрства аховы здароўя Арнольд Смеяновіч.

    Ордэна "За службу Радзіме" III ступені ўдастоены палкоўнік унутранай службы Сяргей Працэнка і палкоўнік Ігар Фёдараў.

    Артыст, вядучы майстар сцэны Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача Барыс Барысёнак і першы прарэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Міхаіл Вішнеўскі адзначаны ордэнам Францыска Скарыны.

    Медалём "За працоўныя заслугі" ўзнагароджаны 35 чалавек.

    Загадчыца філіяла і намеснік дырэктара па навуковай рабоце Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Валянціна Афанасенка і Людміла Навумава адзначаны медалём Францыска Скарыны. Гэтай жа ўзнагароды ўдастоены мастак-графік Уладзімір Васюк, мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Тарас Паражняк, член грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз кампазітараў" Рыгор Сурус, дырэктар Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў Анатоль Собаль, артыст-вакаліст (саліст) Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Ганна Сцепанкова. Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны таксама настаўнік фізікі мінскай гімназіі № 29 Генадзь Кемброўскі, загадчык кафедры гастраэнтэралогіі і нутрыцыялогіі БелМАПА Юрый Марахоўскі, дэкан фізіка-матэматычнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Леанід Старавойтаў, дацэнт кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аляксандр Фінскі.

    Ганаровае званне заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь прысвоена дырыжору Ансамбля танца, музыкі і песні "Белыя росы" Аляксандру Аўрукевічу, артысту, вядучаму майстру сцэны Брэсцкага тэатра лялек Івану Герасевічу, вядучаму майстру сцэны тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Аляксандру Кашпераву.

    Ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь прысвоена мастаку-жывапісцу Валерыю Шкарубу, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь - кіраўніку заслужанага аматарскага калектыву ансамбля танца "Равеснік" Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў Таццяне Семчанка.

    Дырэктару мінскай гімназіі № 22 Ларысе Адашкевіч прысвоена ганаровае званне "Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь", загадчыцы кафедры бухгалтарскага ўліку, аналізу і аўдыту ў АПК і транспарце Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Пелагеі Папкоўскай і загадчыку кафедры беларускай мовы Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Васілю Рагаўцову прысвоена ганаровае званне "Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь".

    Ганаровае званне заслужанага лесавода Рэспублікі Беларусь прысвоена генеральнаму дырэктару Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання Міхаілу Супруну, заслужанага сувязіста Рэспублікі Беларусь - генеральнаму дырэктару рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства электрасувязі "Белтэлекам" Сяргею Папкову.