Аляксандр Лукашэнка правёў перагаворы з Прэзідэнтам Сербіі Таміславам Нікалічам

  • 24
Сустрэчы прэзідэнтаў прайшлі ў вузкім і пашыраным складзе. Перад перагаворамі дэлегацый дзвюх краін у пашыраным складах, Аляксандр Лукашэнка заявіў: "У самыя цяжкія хвіліны вашай гісторыі мы заўсёды былі побач, наколькі маглі. Так будзе і ў далейшым".

"Напярэдадні візіту сюды я пацікавіўся, якая рэакцыя еўрапейскай супольнасці, ЗША на мой  візіт у Сербію. Я даўно зняў ружовыя акуляры, але тым не менш мяне ўразіла і здзівіла іх пазіцыя. Яны гатовы былі зрабіць усё, каб сарваць гэты візіт або зрабіць яго абсалютна непрыкметным у Сербіі", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.

"Мы прыехалі сюды не супраць кагосьці, а каб зрабіць максімум у нашых двухбаковых адносінах, не на шкоду нашым і вашым суседзям, - падкрэсліў беларускі лідар. - Я гэтым самым хачу сказаць, што калі мы самі не вырашым свае праблемы, то большых памочнікаў і прыхільнікаў у гэтым свеце шукаць не трэба. А нас баяцца няма чаго. Мы можам зрабіць многае".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў выключна брацкую прыроду беларуска-сербскіх адносін: "Упэўнены, што ні ў аднаго з вашых палітыкаў і грамадзян няма ніводнага факта, каб папракнуць мяне або Беларусь у няшчырасці. Мы заўсёды з найвялікшай павагай адносіліся да сербскага народа, таму што гэта наш народ, народ шматпакутны, народ-пераможца, які ўнёс вялікі ўклад у вызваленне Еўропы ад карычневай чумы".

"Для нашай краіны Сербія была і застаецца важнейшым партнёрам у Балканскім рэгіёне", - заявіў Кіраўнік дзяржавы, заклікаўшы актывізаваць работу па рэалізацыі мерапрыемстваў, прадугледжаных падпісанай раней Дарожнай картай па развіцці супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Сербіяй.

Пасля завяршэння перагавораў у прысутнасці кіраўнікоў дзвюх дзяржаў быў падпісаны шэраг міжнародных дакументаў. Аляксандр Лукашэнка і Таміслаў Нікаліч падпісалі сумесную заяву прэзідэнтаў дзвюх краін, у якой вызначаны асноўныя арыенціры ў развіцці двухбаковага супрацоўніцтва па розных напрамках.

У сваёй заяве для СМІ Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў гатоўнасць беларускага боку да далейшага паступальнага развіцця адкрытых і дружалюбных адносін з Сербіяй і адзначыў эфектыўнасць праведзеных перагавораў.

"Нашы сённяшнія перагаворы былі накіраваны ў будучыню. Мы дамовіліся аб галоўным, што мы будзем працаваць разам і ад гэтага атрымліваць адпаведную выгаду", - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

На думку Прэзідэнта, значны патэнцыял двухбаковага ўзаемадзеяння ёсць у такіх сферах, як паліўна-энергетычная, сельская гаспадарка, будаўніцтва, транспартная інфраструктура, навука, адукацыя і турызм.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць пераходу ад простага гандлю да кааперацыі ў прамысловасці, навукова-тэхнічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва. На тэрыторыі Сербіі ўжо дзейнічаюць сумесныя зборачныя прадпрыемствы беларускай тэхнікі, колькасць якіх павялічыцца ўжо ў бліжэйшы час.

За апошнія гады двухбаковы тавараабарот вырас амаль у чатыры разы, дасягнуўшы прыкладна $200 млн. "Мы дамовіліся, што ў бліжэйшы час мы ўсё ж такі дасягнём таго ўзроўню, аб якім дамаўляліся ў Мінску, - як мінімум $0,5 млрд", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь заўсёды падтрымлівала і падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Сербіі і вітае намаганні сербскага кіраўніцтва па нармалізацыі сітуацыі ў Косаве і Метохіі. У сваю чаргу беларускі бок разлічвае на больш плённае ўзаемадзеянне з Сербіяй у міжнародных арганізацыях.

У Бялградзе Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама правёў сустрэчы з кіраўніцтвам Народнай Скупшчыны Сербіі і Патрыярхам Сербскім Ірынеем. Патрыярх уручыў Прэзідэнту Беларусі вышэйшую ўзнагароду Сербскай праваслаўнай царквы - ордэн Святога Савы I ступені. Гэтым ордэнам адзначаюцца выдатныя заслугі ў духоўнай, асветніцкай і гуманітарнай сферах. Прымаючы ўзнагароду, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яна з'яўляецца своеасаблівым авансам, "каб яшчэ больш працаваць над з'яднаннем нашых народаў".