Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з членам Палітбюро ЦК КПК Мэн Цзяньчжу
- 1
Беларусь і Кітай будуць актыўна развіваць усебаковае стратэгічнае партнёрства. Гэта пацвердзілі на сустрэчы 1 лістапада Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і член Палітбюро ЦК КПК, сакратар Палітыка-юрыдычнай камісіі ЦК КПК, член Дзяржсавета КНР Мэн Цзяньчжу.
"Лічу, Ваш візіт як спецпрадстаўніка Старшыні КНР адкрые новую старонку ў нашых даволі інтэнсіўных не толькі кансультацыях, але і адносінах", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Кітай з'яўляецца стратэгічным саюзнікам Беларусі, і нашы адносіны выбудоўваюцца з першага дня незалежнасці, а фундамент быў закладзены яшчэ ў часы Савецкага Саюза", - сказаў беларускі лідар.
На думку Прэзідэнта, паміж Беларуссю і Кітаем няма абсалютна ніякіх праблем з пункту гледжання перспектыў развіцця сітуацыі ў свеце. "У нас сёння адзіныя погляды на сусветны парадак дня", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што Кітай ідзе ў авангардзе барацьбы за шматпалярны свет. "Мы таксама прытрымліваемся гэтай пазіцыі, - сказаў Прэзідэнт. - Мы заўсёды падтрымлівалі і будзем падтрымліваць Кітай у плане тэрытарыяльнага адзінства, а таксама будзем процістаяць разам з вамі нападкам з боку асобных сіл на Захадзе па правах чалавека і іншых пытаннях. Нам гэта тэматыка знаёма".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў таксама, што ў плане палітычных пытанняў паміж Беларуссю і Кітаем "складваюцца добрыя адносіны і адзіны погляд на сітуацыю".
Паводле ацэнкі Прэзідэнта, гандлёва-эканамічныя адносіны, а таксама адносіны ў фінансавай сферы паміж Беларуссю і Кітаем развіваюцца даволі актыўна. Беларускі лідар падзякаваў кітайскаму боку за аказаную падтрымку па крэдытаванню многіх праектаў на тэрыторыі Беларусі.
Разам з тым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падкрэсліў зацікаўленасць у прамых інвестыцыях: "Мы хацелі б, каб Кітай больш актыўна ўкладваў у эканоміку Беларусі прамыя інвестыцыі, развіваючы гэты напрамак".
Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што Беларусь і Кітай вызначылі шмат канкрэтных напрамкаў супрацоўніцтва, у тым ліку па будаўніцтву Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку на тэрыторыі Беларусі, дзе будуць працаваць прадпрыемствы на аснове самых высокіх тэхналогій.
"Перадайце майму добраму сябру Сі Цзіньпіну, што мы будзем прытрымлівацца духу тых адносін, якія ў нас складваюцца", - адзначыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, звяртаючыся да кітайскага госця.
У сваю чаргу Мэн Цзяньчжу запэўніў у намеры кітайскага боку ўзняць двухбаковае супрацоўніцтва на яшчэ больш высокі ўзровень.
"Я поўнасцю падтрымліваю вашу думку аб неабходнасці ўзняцця стратэгічнага партнёрства паміж Кітаем і Беларуссю на новы ўзровень", - сказаў кітайскі госць.
Мэн Цзяньчжу перадаў Аляксандру Лукашэнку шчырыя прывітанні ад Старшыні КНР, "які высока ацэньвае вялікія поспехі па выніках візіту Прэзідэнта Беларусі ў Кітай летам гэтага года".
"Старшыня КНР таксама надае вялікае значэнне вашай прапанове адносна ўмацавання супрацоўніцтва ў сферы бяспекі па абмену інфармацыяй", - сказаў член Палітбюро ЦК КПК.
Мэн Цзяньчжу падкрэсліў, што прыехаў у Мінск па даручэнню Старшыні КНР з мэтай далейшага развіцця стратэгічнага партнёрства паміж нашымі дзяржавамі.