Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са старшынёй Сходу ісламскага савета Ірана Алі Ларыджані

    Беларусь і Іран маюць намер аднавіць ранейшы высокі ўзровень узаемадзеяння. Такая дамоўленасць дасягнута 16 красавіка на сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і старшыні Сходу ісламскага савета Ісламскай Рэспублікі Іран Алі Ларыджані.

    Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь заўсёды разглядала Іран як перспектыўнага партнёра для супрацоўніцтва. "У нас былі і ёсць вельмі цесныя дружалюбныя адносіны", - заўважыў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь і Іран дасягнулі пэўных вынікаў у эканамічнай сферы, узаемным тавараабароце. Разам з тым Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на некаторым зніжэнні ўзроўню кантактаў. "Апошнім часам з-за знешняга ўздзеяння, перш за ўсё на Іран (ды і нам нялёгка, Вы ведаеце), тавараабарот у нас знізіўся. Мы пачалі страчваць нейкія ніці супрацоўніцтва. І Ваш візіт у сувязі з гэтым вельмі важны для нас", - сказаў Прэзідэнт.

    "Мы павінны проста неадкладна выйсці на самы высокі ўзровень узаемадзеяння, як гэта было раней, - упэўнены Кіраўнік дзяржавы. - Тым больш што для гэтага ёсць аснова - вялікі вопыт двухбаковага супрацоўніцтва".

    Аляксандр Лукашэнка лічыць, што няма неабходнасці гаварыць аб узаемных магчымасцях: "Вы добра ведаеце Беларусь, мы - Іран. Магчымасці і ў нас, і ў вас каласальныя. Хацелася б, каб мы аднавілі, у выніку нашых магчымасцей, супрацоўніцтва".

    Прэзідэнт падкрэсліў таксама зацікаўленасць Беларусі ў іранскіх інвестыцыях. Паводле яго слоў, "Іран да санкцый гатовы быў да $1 млрд  інвесціраваць у Беларусь". "Мы разумеем, што ёсць пэўныя цяжкасці і складанасці, у тым ліку ў прыватных інвестараў, і мы вас прасілі б, каб іранская дзяржава падтрымала інвестараў, - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы. - Мы выдзяляем ім зямлю, і гэтыя аб'екты размешчаны на вельмі бачным месцы. Усе ведаюць, што гэта будуе менавіта Іран - лагістычныя і гандлёвыя цэнтры, жыллё".

    Разам з тым Прэзідэнт заўважыў: "Хацелася б, каб тут было больш руху, каб вы ў цэнтры Еўропы дэманстравалі ўсім, што Іран ёсць, ён не проста жывы, ён будзе доўга жыць, і на злосць нашым ворагам ён будзе працвітаць".

    Акцэнтуючы ўвагу на важнасці праектаў, што ажыццяўляюцца ў Беларусі сумесна з Іранам, у тым ліку інвестыцыйных, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Гэта выгадныя праекты, і яны акупяцца".

    Прэзідэнт адзначыў, што візіт старшыні Сходу ісламскага савета Ірана з'яўляецца знакавым у аднаўленні інтэнсіўнасці беларуска-іранскіх адносін.

    У сваю чаргу Алі Ларыджані запэўніў, што Іран гатовы прадаўжаць усебаковыя кантакты з Беларуссю на аснове ўжо існуючага вопыту. "Мы павінны выкарыстоўваць наш вопыт і ствараць новую атмасферу для супрацоўніцтва", - упэўнены ён.

    Алі Ларыджані перадаў найлепшыя пажаданні Прэзідэнту Беларусі ад кіраўніцтва краіны. "Іран лічыць Беларусь сваім сябрам і партнёрам, і Вы адыгрываеце вельмі важную ролю ў гэтым", - адзначыў старшыня Сходу ісламскага савета. Ён заявіў, што новыя ўрад і парламент Ірана "маюць намер рашуча развіваць адносіны з Беларуссю ва ўсіх сферах".

    Іранскі госць пагадзіўся з меркаваннем Прэзідэнта Беларусі, што існуе каласальны патэнцыял для ўзаемнага супрацоўніцтва. "Паміж намі існуюць каштоўнае палітычнае супрацоўніцтва і міжнародныя кансультацыі, - адзначыў Алі Ларыджані. - Мы высока ацэньваем вашу пазіцыю па стабільнасці ў рэгіёне. І я думаю, што для нас самае важнае - знайсці ў эканоміцы новыя напрамкі супрацоўніцтва".