Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са старшынёй савета дырэктараў ААТ "Уралхім" Дзмітрыем Мазепіным

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка прапануе "Уралкалію" вызначыцца, як дзейнічаць далей у інтарэсах кампаній і дзвюх краін. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 18 красавіка на сустрэчы з намеснікам старшыні савета дырэктараў ААТ "Уралкалій", старшынёй савета дырэктараў ААТ "Аб'яднаная хімічная кампанія "Уралхім" Дзмітрыем Мазепіным.

    Аляксандр Лукашэнка прыняў Дзмітрыя Мазепіна па яго просьбе. "У пэўнай ступені гэта асаблівая гістарычная сустрэча пасля таго, што адбывалася ў нас у адносінах з былымі акцыянерамі вашай кампаніі, - сказаў Прэзідэнт. - Вельмі знакава тое, што вы прыехалі да нас для абмеркавання праблем, якія існуюць яшчэ сёння, напэўна, у адносінах паміж нашымі кампаніямі, магчыма, нават і паміж дзяржавамі нейкі асадак застаўся".

    "Самае галоўнае - нам трэба параіцца, як будзем жыць далей, як будзем дзейнічаць у перспектыве", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. "Сёння мы ўпэўнены ўжо, што ад таго, што адбылося на калійным рынку, ніхто не выйграў як мінімум. Мы так і меркавалі ў свой час", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнт падкрэсліў, што гатовы да абмеркавання ўсіх пытанняў, адказаць на іх абсалютна адкрыта, без усялякай дыпламатыі. "Трэба сёння вызначыцца, як мы будзем дзейнічаць далей у інтарэсах нашых кампаній і нашых дзяржаў. Мы гатовы да абмеркавання гэтых пытанняў. Некаторыя нашы прынцыповыя пазіцыі вы ведаеце, мы іх ніколі не скрывалі і не скрываем. Магчыма, у вас будуць нейкія прапановы. Я думаю, што мы зможам адкрыта пагаварыць, абмяняцца меркаваннямі аб сітуацыі вакол нас, асабліва гэта фактар Украіны і дэстабілізацыя абстаноўкі ў заходнім рэгіёне, як гэта ўплывае, будзе ўплываць на пазіцыі, вашы і нашы інтарэсы ў бліжэйшым будучым", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    "Але галоўнае, каб мы з вамі ўсё ж такі ў гэтай неразбярысе і пасля яе выйшлі з найменшымі стратамі, па-першае, а па-другое, змаглі б атрымаць ад гэтага не пастаянныя страты, а пэўныя дывідэнды, таму што гэта бізнес і, зразумела, ён павінен быць карысным вам і нашай кампаніі, нашай дзяржаве", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    Дзмітрый Мазепін згадзіўся, што канфлікт не пайшоў на карысць калійнаму рынку: "Канфлікт, які здарыўся з папярэднімі акцыянерамі, не пайшоў на карысць ні ім, ні іншым кампаніям, ні ўсяму калійнаму рынку".

    Ён звярнуў увагу на тое, што прадстаўляе таксама кампанію, якая вырабляе азотныя ўгнаенні, адну з буйнейшых у Расіі. "Спад цэн на калійныя ўгнаенні прывёў да поўнага спаду цэн і на ўсе іншыя ўгнаенні", - адзначыў Дзмітрый Мазепін.

    "Мы сёння прадстаўляем свае калектывы, сваіх акцыянераў, за імі стаяць вялікія тысячы і тысячы чалавек рабочых, шахцёраў або тых, хто працуе на фабрыках, і яны, вядома, зацікаўлены ва ўпэўненай будучыні кампаній, у якіх яны працуюць. Мая мэта як аднаго з асноўных акцыянераў - забяспечыць гэта развіццё для кампаній і, прымаючы рашэнне аб тым, каб увайсці ў капітал кампаніі "Уралкалій", прымножыць тое, што было, а ніяк не разбурыць або штосьці дэстабілізаваць. Я прадпрымальнік, я не палітык", - падкрэсліў Дзмітрый Мазепін.