Аляксандр Лукашэнка разгледзеў кадравыя пытанні

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 15 кастрычніка разгледзеў кадравыя пытанні. Кіраўнік дзяржавы назначыў:

    Гусакова Уладзіміра Рыгоравіча - Старшынёй Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі;

    Чорнага Анатоля Барысавіча - Міністрам архітэктуры і будаўніцтва;

    Шуміліна Аляксандра Генадзьевіча - Старшынёй Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях.

    Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

    Папова Ігара Андрэевіча - кіраўніком спраў Гродзенскага аблвыканкама.

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што асабліва ўважліва падышоў да выбару кандыдатуры на пасаду старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук. "Гэта быў мой выбар. Таму што вы эканаміст, прыйшлі ад зямлі, ведаеце эканоміку не толькі на ўзроўні высокім, макраэканамічным, але і на мікраўзроўні. Вы ведаеце, што такое эканоміка прадпрыемства. Больш таго, прайшлі па ўсіх прыступках да акадэміка", - адзначыў Прэзідэнт.

    На цяперашнім этапе, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, будзе правільным, калі Акадэмію навук узначаліць чалавек ад вучоных. "Каб яны не думалі, што мы тут падбіраем толькі сваіх людзей і прапіхваем іх - не, ні ў якім выпадку. Мне патрэбны сумленнасць, прыстойнасць, справядлівасць у кіраванні навуковай сферай. Я для гэтага будуць рабіць усё", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    З прыходам новага Старшыні Прэзідыума Нацыянальная акадэмія навук стане яшчэ больш самастойнай. "Вы падсправаздачныя Прэзідэнту, і я не вельмі ж умешваюся ў вашы справы. Я заўсёды вывучаю тыя ці іншыя працэсы, якія там адбываюцца, перш чым прыняць нейкія рашэнні", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў бліжэйшы час плануецца правесці нараду з вядучымі вучонымі краіны. "Адкрыта скажам ім, як будзе развівацца наша навука, у чым будзе сутнасць рэфармавання навуковага асяроддзя і да чаго мы павінны прыйсці. Я адкрыта выкажу свае пажаданні, можа, і заўвагі вучоным. У лістападзе мы сустрэнемся і вельмі грунтоўна абмяркуем пытанні, якімі павінны займацца, - растлумачыў Прэзідэнт. - Мы правядзём гэту нараду, каб вучоныя разумелі, што ад іх будзе патрабавацца ў бліжэйшым будучым, сумленна паглядзім на сферу навукі, адкажам на пытанне, у якім стане яна знаходзіцца, якія праблемныя пытанні сёння ёсць, якія з іх павінна вырашыць дзяржава, Урад, а якія пытанні павінна вырашаць сама Акадэмія навук і вучоныя".

    Прэзідэнт адзначыў, што з боку асобнай часткі грамадства яму даводзіцца чуць крытыку ў адрас сістэмы кіравання НАН. У прыватнасці, выказваюцца меркаванні, што кіраўнік Акадэміі навук не патрэбны. Але Кіраўнік дзяржавы наконт назначэння Старшыні Прэзідыума НАН адзначыў: "Хачу адразу агаварыць: я гэта раблю для таго, каб наблізіць Акадэмію навук да жыцця, каб НАН была больш эфектыўнай. Калі хочаце, каб гэта быў нейкі другі навуковы Урад, які разам з эканамічным блокам Урада і Урадам у цэлым працаваў на краіну. А па асобных напрамках я хачу, каб вы апярэджвалі Урад, каб вы ішлі на паўкроку наперадзе нашага грамадства".

    "Маё стаўленне да вучоных вы ведаеце. Часта кажуць, што Лукашэнка па слова ў кішэнь не палезе, размаўляючы з вучонымі. І гэта сапраўды так. Але не таму, што я не ведаю, што такое ваша праца і не паважаю вучоных. Не, наадварот, я вельмі цаню вашу працу. Я хачу, каб гэта арганізацыя заўсёды была чыстай і празрыстай, як сляза. Больш цяжкай працы, чым праца вучонага, няма, а гэта вучоныя з сусветнымі імёнамі, вышэй не бывае", - падкрэсліў беларускі лідар.

    Прэзідэнт заявіў, што рэформа навуковай сферы ў Беларусі будзе прадоўжана, пры неабходнасці Акадэміі навук будуць і ў далейшым перадавацца зямельныя ўчасткі, іншая ўласнасць. "Галоўнае, каб гэта зямля, гэта ўласнасць была эфектыўнай, каб яна на дзяржаву працавала. Акадэмія навук павінна і фундаментальную навуку рухаць па тых напрамках, што нам патрэбны. І асабліва тыя напрамкі прыкладной навукі, канкрэтнай нашай эканамічнай дзейнасці - гэта галоўнае сёння для нас. Гэта таксама вельмі важна для Акадэміі навук і для дзяржавы ў цэлым", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

    Закранаючы сферу адказнасці Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, кіраўніком якога быў назначаны Анатоль Чорны, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць хутчэйшага вырашэння ўсіх праблемных пытанняў у галіне. "Як гэта зрабіць, вы ведаеце лепш, чым хто-небудзь, паколькі вы чалавек адтуль, ад будаўнікоў, вы прайшлі ўсе прыступкі. Трэба ўсё спрасціць, перайсці на еўрапейскія стандарты. Усё ж яны, я лічу, прымальныя для нас. Мне дакладвалі, што ў гэтых адносінах нямала зроблена. Хацелася б, каб гэта было рэальна зробленае, а не проста даклады", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    Новаму Міністру архітэктуры і будаўніцтва трэба будзе працаваць у цесным узаемадзеянні з рабочай групай па праблемных пытаннях у будаўнічай галіне. "Мы павінны выйсці на сур'ёзную размову з будаўнікамі. Вядома, Вам давядзецца рыхтаваць разам са старшынёй камісіі гэту размову на ўзроўні Прэзідэнта", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    Пры гэтым Прэзідэнт гарантаваў падтрымку ініцыятывам, якія будуць накіраваны на паляпшэнне сітуацыі ў галіне. "Абяцаю, што любая Ваша ініцыятыва паправіць сітуацыю ў будаўніцтве будзе мной падтрымана. Прычым у любы час. Я папрасіў бы Вас, каб Вы ішлі роўна і прама, нікога не баючыся. Груповак у краіне ў нас няма, але інтарэсы могуць быць розныя, у тым ліку і ў начальнікаў. Яны мяне сёння таксама пачуюць. Недапушчальна, калі Вы пачняце цяпер віхляць паміж рознымі інтарэсамі, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Вы прыйшлі, у Вас ёсць свае паўнамоцтвы. Вы адказныя перад Прэзідэнтам і народам, і Вы абавязаны вырашыць праблему, якая перад вамі стаіць. Чаго б гэта ні каштавала ў цяперашняй сітуацыі, трэба навесці парадак у будаўніцтве, даць магчымасць будаўнікам свабодна працаваць".

    Гаворачы аб задачах, якія стаяць перад Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях і новым кіраўніком ДКНТ Аляксандрам Шуміліным, Прэзідэнт падрабязна спыніўся на фінансаванні навуковай сферы. "Павінен сказаць, што права на памылку ў Вас няма, няма, і ўсё. Вы ні ў якім выпадку не павінны быць добранькім для ўсіх. Мы дакладна павінны вызначыць напрамкі, якія павінны ў дзяржаве развівацца і падтрымліваць іх. Трэба быць больш актыўным, справядлівым і моцным кантралёрам, каб запатрабаваць за напрамак, які прафінансаваны і падтрыманы дзяржавай", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    "Хлеб у вас таксама няпросты і нялёгкі. Больш таго, трэба сам камітэт паставіць у тое рэчышча, каляіну, па якой ён павінен рухацца, вызначыць канкрэтныя задачы, якімі ён павінен займацца. Таму і Вам у гэтай частцы трэба будзе дапрацаваць тое, што сёння не зроблена", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.