Бел
Галоўная   /  Падзеі

Аляксандр Лукашэнка разгледзеў кадравыя пытанні

20 сакавіка 2017 года
Аляксандр Лукашэнка разгледзеў кадравыя пытанні
глядзіце таксама: відэа
20 сакавіка 2017 года
Аляксандр Лукашэнка разгледзеў кадравыя пытанні

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 20 сакавіка разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы даў згоду на назначэнне:

Рымашэўскага Фёдара Віктаравіча - першым намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама;

Крапака Аляксандра Пятровіча - намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама;

Юркевіча Ігара Віктаравіча - намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама;

Жайловіча Андрэя Леанідавіча - кіраўніком адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Мінска.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння горад функцыянуе як мае быць, аднак узровень развіцця сталіцы мог бы быць на парадак вышэйшы. Для гэтага Прэзідэнт даручыў вырашыць тры галоўныя задачы: урэгуляваць цэнавую палітыку, забяспечыць рост заработнай платы і вырашыць праблему занятасці насельніцтва.

"Ніякага беспрацоўя быць не павінна. Тым больш што, пачынаючы з вясны, работы ў Мінску хоць адбаўляй. Сёння трэба задзейнічаць усіх, хто ходзіць без работы. Усіх, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Тым, хто хоча ўладкавацца на работу і можа працаваць, трэба дапамагчы. Хто не хоча (такіх усё ж такі няшмат), трэба прымусіць працаваць. Таму зрабіце ўсё, каб максімальна заняць людзей".

Што датычыцца ўзроўню заработнай платы, то, на думку Прэзідэнта, гаварыць аб сярэдняй зарплаце ў Мінску ў памеры $500 проста смешна. У сталіцы яна павінна быць значна вышэйшая, чым у рэгіёнах. Тады гэта падцягне і сярэднюю зарплату па краіне.

"Зразумела, што вырашэнне гэтых задач пацягне за сабой і вырашэнне іншых. Дапусцім, якое павышэнне заработнай платы без павышэння прадукцыйнасці працы? Таму павышэнне зарплаты - гэта павышэнне прадукцыйнасці працы. У рэшце рэшт гэта (гледзячы дзе і як) павышэнне аб'ёмаў вытворчасці. А каб мець грошы, гэта трэба прадаць. Гэта цэлы ланцужок. Але мы павінны вырашыць гэту задачу. І шмат што ў краіне будзе залежаць ад таго, як жыве і працуе Мінск. Таму бярыце руль кіравання ў свае рукі і пачынайце дзейнічаць, - даручыў Аляксандр Лукашэнка. - Бяздзейнасці я не пацярплю. Я вам гавару адкрыта: або вы пачынаеце дзейнічаць і даяце вынік, выконваеце даручэнні Прэзідэнта, або я буду прымаць рашэнні, прытым самыя сур'ёзныя".

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Мінск павінен стаць прыкладам для ўсёй краіны. "Трэба пераадолець гэты бар'ер, які склаўся. Трэба  палепшыць якасць жыцця людзей. Зрабіце, калі ласка, гэта. Я большага ад вас не патрабую. Вырашыце пакуль тры гэтыя задачы, пра якія я сказаў: зарплата, занятасць людзей і цэны. Гэта цяпер больш за ўсё хвалюе людзей. Усе астатнія задачы мы вырашым. Іх проста не будзе, іншых задач. Ніхто па вуліцах не будзе бадзяцца, ніхто на рэвалюцыю клікаць не будзе, ніхто не будзе клікаць на нейкую бойню, каб кроў цякла. Ніхто - калі мы вырашым гэтыя задачы, - сказаў беларускі лідар. - Гэта натуральныя задачы, якія любая ўлада павінна вырашыць. Тым больш у нас, у сацыяльнай дзяржаве. Мы павінны выстаяць і даказаць усім, што мадэль сацыяльнай дзяржавы - гэта аптымальная мадэль для бяспечнай дзяржавы, якая нармальна развіваецца".

Пры гэтым, заўважыў Прэзідэнт, не трэба ламаць існуючую сістэму, заяўляючы аб неабходнасці яе рэфармавання. Трэба ўдасканальваць тое, што ёсць. "У нас такая тэндэнцыя: ударым рэформамі па праблемах. Большага глупства не прыдумаеш. Сёння людзі хочуць вырашэння іх жыццёвых патрэбнасцей. Там, дзе трэба штосьці рэфармаваць, давайце рэфармуем. Там, дзе трэба штосьці ўдасканаліць, давайце ўдасканалім. Але лозунг "давайце рэформы" - чытай "усё зламаем дашчэнту і пабудуем новае". Па-першае, не час ламаць. Па-другое, каб зламаць і зноў пабудаваць, колькі трэба гадоў? Нават вы да гэтага не дажывяце. І гэта не наш шлях. Мы павінны вырастаць з таго, што ёсць. Мы павінны ўдасканальваць тое, што ёсць, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Што не патрэбна адамрэ само або мы ад яго пазбавімся. Але агулам ісці, як бульдозер, па краіне, нешта рэфармуючы... Тыя рэформы, якія нам прапануюць, - гэта яўна не тое, што нам трэба. Гэта абсалютна не па-людску, гэта не нашы рэформы. Таму давайце будзем вырашаць гэтыя жыццёва важныя задачы, якія самі па сабе паўсталі перад намі, так, як мы ўмеем".

Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў кіраўнікам не зацягваць з прыняццем рашэнняў: "Рашэнні не прымаюцца, адфутбольваюцца людзі, якія прыходзяць з нейкімі прапановамі. Добра, розныя бываюць прапановы. Але чалавек жа прыходзіць з душой. Шмат людзей прыносяць правільныя прапановы, а рашэння няма. Хіба гэта парадак?"

"Мінск з кожным месяцам павінен выглядаць інакш: лепш, лепш і лепш. Каб паказаць прыклад усёй краіне", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Тэгі: Кадры
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь