Аляксандр Лукашэнка разгледзеў кадравыя пытанні

     

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка разгледзеў кадравыя пытанні. Кіраўнік дзяржавы назначыў:

    Амарына
    Уладзіміра
    Віктаравіча
    Міністрам фінансаў Рэспублікі Беларусь
    Шорца
    Андрэя
    Віктаравіча
    Старшынёй Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта
    Сянько
    Юрыя
    Аляксеевіча
    Старшынёй Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь
     Эйсмант
    Наталлю
    Мікалаеўну
    Прэс-сакратаром Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

    Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

    Заранкіна
    Вадзіма
    Уладзіміравіча
    Старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці
    Садоўскага
    Алега
    Віктаравіча
    Старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці
    Галаватага
    Івана
    Іванавіча
    Генеральным дырэктарам ААТ "Беларуськалій"

    Прэзідэнт Беларусі, назначаючы Івана Галаватага генеральным дырэктарам ААТ "Беларуськалій", даручыў яму грунтоўна разабрацца з выяўленымі там недахопамі. "Я хацеў бы абмеркаваць з вамі сітуацыю, што складваецца ў нас на калійным рынку наогул, як працуе Беларуская калійная кампанія, якая займаецца продажам калійных угнаенняў. І некалькі слоў - пра сітуацыю на "Беларуськаліі". Гэта вельмі важна, мне быў абяцаны ў гэтым годзе значны рост паступленняў валютнай выручкі ў краіну ад продажу нашага асноўнага прадукту - беларускіх угнаенняў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    Прэзідэнт, закранаючы сітуацыю на вытворчым аб'яднанні, падкрэсліў: "Хоць сітуацыя там больш-менш нармальная, але выяўлены істотныя недахопы, закаранелыя, хранічныя недахопы, звязаныя з вялізнай тратай грошай - валюты на закупку тэхналагічнага абсталявання".

    Аляксандр Лукашэнка лічыць недапушчальнымі гэтыя факты. Ён таксама сказаў, што такія пытанні заўсёды будуць знаходзіцца пад кантролем.

    "Мне было даложана аб тым, што выяўлены нейкія фірмы, дзе дзеткі кіраўнікоў прадпрыемства з'яўляюцца работнікамі або заснавальнікамі, і гэтыя фірмы атрымлівалі заказы ад "Беларуськалія". Зразумела, як атрымлівалі. Гэта таксама недапушчальна. Новаму кіраўніку давядзецца ўсе гэтыя пытанні рассекчы адным ударам - іншага не дадзена. І ні ў якім разе не дапускаць такіх рэчаў", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.

    Прэзідэнт таксама падкрэсліў, звяртаючыся да прысутнага на мерапрыемстве старшыні канцэрна "Белнафтахім" Ігара Ляшэнкі: "Разбярыцеся асабіста з гэтымі тратамі на забеспячэнне дзейнасці "Беларуськалія". Калі мы трацім па $350 млн або нават $250 млн за год, а ходзім па свеце з працягнутай рукой, просім крэдыты на падтрыманне золатавалютных рэзерваў, курса рубля і іншых рэчаў - нікуды не вартая практыка. Гэта дзяржаўнае прадпрыемства - людзі там не пакрыўджаны, атрымліваюць нядрэнную заработную плату. Значыць, па нейкіх артыкулах трэба падціснуцца для таго, каб атрымаць дадатковую валюту ў бюджэт або на іншыя першачарговыя расходы. Гэта датычыцца ўсіх прадпрыемстваў, асабліва "Белнафтахіма".

    Назначаючы Андрэя Шорца, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ён працаваў у групе, якая займалася праблемнымі пытаннямі ЖКГ. "Быў выпрацаваны шэраг прапаноў. Зразумела, выкрыты асноўныя недахопы ў рабоце жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны і перш за ўсё Мінска. Быў вынесены шэраг прапаноў па нармалізацыі сітуацыі ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Я разумею, вы ж не чакаеце майго заключэння наконт гэтага або прыняцця нейкага рашэння, а выяўленыя недахопы ўстараняюцца?" - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Андрэй Шорац запэўніў, што неабходная работа вядзецца.

    "Мы абавязкова збяромся на самым высокім узроўні, як гэта было па будаўніцтве, абмяркуем гэтыя праблемы. І самае галоўнае - з майго боку будзе патрабаванне, і я акцэнтую ўвагу на тым, як вы за гэты час, за гэту паўзу, якую я спецыяльна ўзяў, рэалізавалі тое, што выявілі, як устаранілі той негатыў", - адзначыў Прэзідэнт. Ён дадаў, што такая нарада будзе праведзена і па праблемных пытаннях у сферы АПК, а таксама ў адукацыі, дзе цяпер паўторна працуе група, выяўляючы тыя недахопы і вызначаючы тыя напрамкі, па якіх павінна развівацца сістэма адукацыі.

    Назначаючы міністра фінансаў, Прэзідэнт звярнуў увагу, што гэта адна з цэнтральных фігур ва ўрадзе, ды і ў краіне ў цэлым. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што міністр фінансаў у сваёй дзейнасці павінен кіравацца толькі літарай закону. "У нас ёсць бюджэт, ёсць расходная частка, план па даходах, па расходах - гэта галоўны ваш дакумент, любімчыкаў быць не павінна, усё павінна быць сумленна, справядліва і ў адпаведнасці з законам, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Калі трэба штосьці падкарэкціраваць, падрэгуляваць, вы законы ведаеце, уносьце прапановы - мы будзем іх вырашаць. Але ні ў якім разе не рабіце па ўказцы прэм'ера, віцэ-прэм'ераў тое, чаго рабіць нельга, што дэстабілізуе адносіны ў кіраўніцкай вертыкалі наогул. Калі належыць гэта Віцебску, трэба гэта аддаць Віцебску, калі гэта Брэсту - значыць, Брэсту, калі гэта на спартыўныя, сацыяльныя і іншыя праграмы - значыць, гэта туды павінна пайсці і нікуды больш".

    Звяртаючыся да Юрыя Сянько, Прэзідэнт заўважыў, што ён вопытны чалавек і ведае работу мытных службаў, прымаў удзел у фарміраванні мытнага кодэкса, адзінай мытнай прасторы. "Але самае галоўнае - вы ведаеце службу ў мытным камітэце, вы можаце арганізаваць работу мытнага камітэта, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Шчыра скажу, мне імпануюць вашы падыходы да арганізацыі службы".

    Аляксандр Лукашэнка, назначаючы новага кіраўніка ДМК, падкрэсліў: "Скажу адкрыта, у мяне ўражанне, што мы пачынаем у нейкай ступені на асобных участках спыняцца. Ні ў якім разе нельга спыняцца! І вось ваша задача: зыходзячы з таго, што створана сёння, у тым ліку і вашымі намаганнямі, трэба гэта развіваць, ісці наперад, тым больш што наша краіна становіцца адзіным транзітным калідорам з Усходу на Захад. Так склалася", - адзначыў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што мытная служба павінна быць гатова да работы ў новых умовах. "Калі не гатова недзе, то трэба бегчы, каб падцягнуць тыя ці іншыя ўчасткі. Мытная служба фарміруе бюджэт. Вось тут мы павінны не толькі ўзяць тое, што мы па ўсіх класічных правілах атрымліваем у бюджэт праз мытню, але і патрэбны новыя прапановы для таго, каб гэты бюджэт напоўніць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што Беларусі больш актыўна трэба выкарыстоўваць сваё транзітнае становішча.