Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Андрэя Шведа

    У Беларусі неабходна прыняць радыкальныя меры ў барацьбе супраць наркотыкаў, заявіў 7 красавіка Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам старшыню Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Андрэя Шведа.

    На сустрэчы сярод іншых тэм закраналася пытанне наяўнасці ў камітэта неабходнай матэрыяльна-тэхнічнай базы для правядзення экспертыз на высокім узроўні. Андрэй Швед расказаў, што па такім важным напрамку, як выяўленне і даследаванне наркотыкаў, апошнім часам было закуплена новае абсталяванне, якім аснашчаны як цэнтральны апарат, так і практычна ўсе абласныя ўпраўленні ведамства. "Мы поўнасцю закрываем гэты вельмі важны напрамак", - сказаў старшыня дзяржкамітэта.

    "Гэта значыць мы з наркатой сёння можам змагацца і мы ўзброены?" - пацікавіўся Прэзідэнт.

    "Мы не проста ўзброены, а ўзброены па апошнім слове тэхнікі. Нашы лабараторыі могуць выявіць любы наркотык на працягу 30-40 мінут", - падкрэсліў Андрэй Швед. Ён асабліва адзначыў, што гэта датычыцца ў тым ліку спайсаў - праблемы, якая цяпер шырока абмяркоўваецца ў грамадстве і з якой неабходна змагацца. Каб павысіць аператыўнасць праваахоўных органаў, у першую чаргу аператыўных службаў, наладжана і эфектыўна працуе сістэма кругласутачнага правядзення экспертыз і даследаванняў.

    "Тады пойдзем радыкальна ў гэтым напрамку, пара прымаць радыкальныя меры ў барацьбе супраць наркотыкаў у нашым грамадстве", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

    "Калі мы ўзброены і можам гэта на высокім узроўні рабіць, значыць, трэба аддаваць распараджэнні ўсім органам улады, у тым ліку заканадаўцам, каб былі прыняты самыя строгія ў гэтых адносінах меры. Я думаю, ваш камітэт падключыцца да працэсу выпрацоўкі адпаведных прапаноў і прыме актыўны ўдзел у абмеркаванні і прыняцці рашэнняў", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

    Акрамя таго, на сустрэчы абмяркоўваліся фарміраванне, першыя вынікі і праблемныя моманты ў дзейнасці Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, які пачаў работу менш як год таму. Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў аб задачы па аптымізацыі структуры і колькасці гэтага новага органа.

    Паводле слоў Андрэя Шведа, аналіз службовай дзейнасці за мінулы перыяд паказвае высокую эфектыўнасць і рэзультатыўнасць прынятага рашэння аб аб'яднанні экспертных падраздзяленняў у адзін дзяржаўны орган. Аб гэтым сведчаць і асноўныя паказчыкі работы дзяржкамітэта - у некалькі разоў павысілася якасць, скараціліся тэрміны правядзення экспертыз. Ёсць толькі адзінкавыя факты, калі паўторныя экспертызы ўстанаўліваюць недакладнасць раней праведзеных, у той час як раней такіх выпадкаў былі дзясяткі і нават сотні. Значна палепшыліся паказчыкі работы і па іншых напрамках.

    "Новая структура трывала заняла сваё месца ў сістэме праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў. Хранічныя шматгадовыя праблемы, якія з’явіліся ў сферы судова-экспертнай дзейнасці, цяпер у асноўным вырашаны", - сказаў старшыня дзяржкамітэта.

    Андрэй Швед унёс шэраг прапаноў па ўдасканаленні судова-экспертнай дзейнасці без дадатковых бюджэтных затрат, якія ў асноўным былі падтрыманы Прэзідэнтам. Адна з прапаноў датычылася магчымасці спагнання з вінаватых у рамках крымінальнага і адміністрацыйнага працэсу тых затрат, што нясе дзяржава ў сувязі з правядзеннем судовых экспертыз. Даручэнне аб прапрацоўцы адпаведных заканадаўчых змяненняў будзе дадзена Вярхоўнаму суду, Дзяржкамітэту судовых экспертыз і Следчаму камітэту.