Даклад прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 21 ліпеня прыняў з дакладам прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча. Прэзідэнту было даложана аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў першым паўгоддзі 2014 года.

    На разгляд Кіраўніка дзяржавы было прадстаўлена каля дзесяці пытанняў, якія датычацца як работы ўрада ў рамках міжнародных кантактаў, так і выканання канкрэтных даручэнняў у сферы эканомікі.

    У кантэксце абмеркавання сітуацыі на ўнутраным валютным рынку Аляксандр Лукашэнка адзначыў стабілізацыю, якая адбылася ў гэтай сферы. "Насельніцтва неяк супакоілася, і прадпрыемствы сталі больш прадаваць валюты", - заявіў беларускі лідар.

    Аляксандр Лукашэнка пры гэтым канстатаваў, што, вядома, не ва ўсіх, але ў цэлым у насельніцтва на руках быў немалы аб'ём валютных сродкаў. "Не ведаю, да чаго рыхтаваліся, навошта, хоць мы заўсёды гаварылі, што не збіраемся абвальваць курс нацыянальнай валюты і будзем усяляк падтрымліваць нашу нацыянальную валюту. Вядома, не на шкоду экспарту, але заўсёды будзем весці прадказальную палітыку", - заўважыў Кіраўнік дзяжавы.

    Прэзідэнт даручыў прэм'ер-міністру скарыстацца стабілізацыяй, "каб падцягнуць некаторыя пытанні ў эканоміцы".

    На сустрэчы таксама абмяркоўваліся планы ўрада па павелічэнні аб'ёмаў экспарту прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што, нягледзячы на пэўны рост валавога ўнутранага прадукту, яшчэ ёсць шмат так званых вузкіх месц, і перш за ўсё з экспартам і продажамі гатовай прадукцыі. Асобна Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся выкананнем даручэнняў па рэалізацыі шэрага праектаў. У прыватнасці, размова ішла аб мадэрнізацыі прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай прамысловасці.

    "Самае галоўнае, каб не атрымалася так, што мы мадэрнізуем прадпрыемствы, вырабім прадукцыю, а потым будуць хадзіць і пад абаротку прасіць у нас сродкі, таму што не могуць прадаць тавар. Гэта недапушчальна", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

    Акрамя таго, быў разгледжаны ход уборачнай кампаніі і меры для павышэння эфектыўнасці ў сельскай гаспадарцы. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў значна палепшыць стан спраў, звярнуўшы ўвагу, што ў будаўніцтва малочнатаварных комплексаў укладваюцца вялікія грошы, а належнай аддачы пакуль няма.