Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 16 красавіка з дакладам прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, пацвердзіў пазіцыю беларускага боку аб неабходнасці ўстаранення ўсіх выключэнняў і абмежаванняў у Еўразійскім эканамічным саюзе.

    Прэзідэнт пацікавіўся вынікамі сустрэчы кіраўнікоў урадаў "тройкі" ў Маскве. "Гэта вельмі важна напярэдадні сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў у Мінску 29 красавіка. Гэта павінна быць этапная, фундаментальная сустрэча, паколькі пасля гэтага ўжо не застаецца часу на дапрацоўку і падпісанне фактычна дагавора аб эканамічным саюзе", - адзначыў беларускі лідар.

    Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся пазіцыяй партнёраў, перш за ўсё Расійскай Федэрацыі, тым, як яны ўспрымаюць прапановы беларускага боку. "А яны (прапановы) абсалютна нармальныя. Калі мы будуем саюз і імкнёмся да таго, каб тут не было ніякіх граніц, значыць не павінна быць ніякіх выключэнняў і абмежаванняў у перамяшчэнні тавараў, рабочай сілы, капіталу. Гэта асноўная мэта. Таму мы з гэтага зыходзім, - сказаў Прэзідэнт. - Шмат наконт гэтага, вядома, спекуляцый, быццам бы мы дбаем аб сваіх інтарэсах і г.д. Як быццам мы павінны дбаць аб інтарэсах Еўрасаюза або ЗША..."

    "Кожны дбае аб сваіх інтарэсах, але мы поўнасцю згодныя з тымі мэтамі, якія былі дэклараваны, і адступаць ад гэтага ні ў якім выпадку не маем намеру. Мы таксама многае страчваем, у параўнанні з Расіяй мы невялікая краіна, і разумеем, чаго гэта нам можа каштаваць. Але тым не менш, калі вырашылі, мы ў гэтым напрамку дзейнічаем", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

    Міхаіл Мясніковіч далажыў, што на сустрэчы са старшынёй урада Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым у фармаце "сам-насам" было разгледжана каля дзесяці пытанняў. Размова ішла ў тым ліку аб падтрымцы расійскім бокам закупак сельгастэхнікі з улікам яе лакалізацыі. "Мы аказваемся ўжо як іншаземцы. Яны класіфікуюць, што ступень лакалізацыі павінна быць 30 працэнтаў і вышэй. І Дзмітрый Мядзведзеў прыняў мае аргументы ў частцы таго, што трэба тады ў долю Расійскай Федэрацыі залічваць і тую камплектацыю, якую мы купляем у Расіі. Напрыклад, мы набываем рухавік Яраслаўскага маторнага завода, значыць ён павінен уваходзіць у гэтыя 30 і больш працэнтаў як лакалізацыя Расійскай Федэрацыі", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч. Паводле яго слоў, Дзмітрый Мядзведзеў даў адпаведнае даручэнне віцэ-прэм'еру Аркадзю Дварковічу, каб пры разліку ўзроўню лакалізацыі ўлічваліся набытыя беларускімі прадпрыемствамі ў Расіі камплектуючыя.

    Што датычыцца падрыхтоўкі дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, Міхаіл Мясніковіч канстатаваў, што як з боку Казахстана, так і Расійскай Федэрацыі ёсць жаданне крыху неадназначна сфармуляваць тыя ці іншыя палажэнні, агаварыць нейкія пераходныя перыяды. "Беларускі бок адназначна заявіў аб тым, што мы за агульны рынак без выключэнняў і абмежаванняў, які павінен функцыянаваць з 1 студзеня 2015 года. Калі нейкі з бакоў не згодны ў гэтым удзельнічаць, мы будзем вырашаць тады на двухбаковай аснове. Але прынцыпы тыя жа: аднолькавыя ўмовы для гаспадарчай дзейнасці нашых суб'ектаў, - сказаў прэм'ер-міністр. - Безумоўна, не павінна быць ніякіх выключэнняў і абмежаванняў як колькасных, так і тарыфных ва ўзаемным гандлі".

    Кіраўнік дзяржавы ў час рабочай сустрэчы даў шэраг даручэнняў па эканамічных пытаннях, звязаных з інвестыцыйнай праграмай, рэалізацыяй асобных праектаў. Ён таксама паставіў задачу актывізаваць работу па праблемных прадпрыемствах у лёгкай прамысловасці, іншых аб'яднаннях і гаспадарчых таварыствах, за якія адказвае ўрад.