Даклад міністра адукацыі Сяргея Маскевіча і першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандра Радзькова

    Сістэму адукацыі Беларусі плануецца сур'ёзна прааналізаваць. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 8 жніўня, прымаючы з дакладам міністра адукацыі Сяргея Маскевіча і першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандра Радзькова.

    Кіраўнік дзяржавы даручыў падрыхтаваць спецыяльную нараду, на якой будуць прадметна разгледжаны прынцыповыя пытанні сферы адукацыі, прааналізаваны яе цяперашні стан і вызначана стратэгія развіцця на бліжэйшую перспектыву. "Мы вельмі сур'ёзна паглядзім на сістэму адукацыі - так, як мы рабілі ў сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, жыллёва-камунальнай сферы. Трэба паглядзець на сістэму адукацыі з улікам нашага вопыту: што атрымалася, што не, што трэба зрабіць, паправіць", - сказаў Прэзідэнт.

    Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі створана нармальная сістэма адукацыі, і размова ідзе толькі аб яе ўдасканаленні, а не аб карэнных рэформах. "Рэформамі займацца даволі. Але тым не менш жыццё ідзе, узнікаюць новыя працэсы і тэндэнцыі, і сістэма адукацыі не можа быць застылай. Удасканальваць яе так ці інакш нам давядзецца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся вынікамі праведзенай у Беларусі уступнай кампаніі і аналізам вопыту прымянення цэнтралізаванага тэсціравання. Кіраўнік дзяржавы даручыў яшчэ раз вывучыць гэта пытанне з пункту гледжання зместу тэставых матэрыялаў, іх актуалізацыі і забеспячэння высокай якасці.

    Яшчэ адной тэмай рабочай сустрэчы стала падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года.

    Прэзідэнту было даложана аб выкананні даручэнняў па асноўных напрамках развіцця сістэмы адукацыі. У прыватнасці, падрыхтаваны змяненні ў Кодэкс аб адукацыі, якія спатрэбіліся ў выніку маніторынгу прымянення гэтага нарматыўна-прававога акта. Плануемыя змяненні на працягу года прадугледжваецца вынесці на ўсенароднае абмеркаванне.