Удзел у цырымоніі ўшаноўвання герояў XXII зімовых Алімпійскіх гульняў у Сочы

  • 16

Героі Алімпіяды з'яўляюцца гордасцю і здабыткам беларускага народа. Аб гэтым 25 лютага заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўшаноўвання герояў XXII зімовых Алімпійскіх гульняў у Сочы, якая прайшла ў Палацы Незалежнасці.

Прэзідэнт падкрэсліў, што пераможцы і прызёры XXII зімовых Алімпійскіх гульняў прынеслі нашай краіне сусветную вядомасць. "За іх выступленнямі, затаіўшы дыханне, сачылі мільёны людзей, мільёны суайчыннікаў. Гэта былі незабыўныя мінуты патрыятычнага ўздыму і яднання нацыі. Героі Алімпіяды з'яўляюцца гордасцю і здабыткам любога народа, у тым ліку і нашага", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Медалі, пяць з якіх вышэйшай пробы, - гэта выдатны спартыўны поспех. Такога не ведала гісторыя суверэннай Беларусі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. У медальным заліку наша краіна заняла пачэснае месца ў дзясятцы лепшых краін, апярэдзіўшы многіх традыцыйных фаварытаў. "І гэта прымусіла ўвесь свет гаварыць аб Беларусі, унесла вялікі ўклад ва ўмацаванне яе аўтарытэту і прэстыжу як спартыўнай дзяржавы", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Беларусь доўгія гады ішла да гэтага поспеху, зрабіўшы стаўку на спорт, як на адзін з прыярытэтаў сацыяльнага развіцця, важнейшую крыніцу фізічнага і духоўнага здароўя нацыі.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў беларускім алімпійцам за мужнасць і мэтанакіраванасць і ўручыў высокія дзяржаўныя ўзнагароды чэмпіёнам і трэнерам за высокае прафесійнае майстэрства, выключныя спартыўныя дасягненні, значны асабісты ўклад у паспяховае выступленне нацыянальнай спартыўнай каманды на Алімпійскіх гульнях у Сочы.

"Тое, што вы зрабілі, заслугоўвае самых высокіх узнагарод, - падкрэсліў беларускі лідар. - У імкненні да п'едэстала вы прайшлі, як кажуць, праз агонь і ваду. Але самае складанае выпрабаванне яшчэ наперадзе: выпрабаванне славай і поспехам".

Аляксандр Лукашэнка пажадаў пераможцам з гонарам і годнасцю несці па жыцці гордае званне чэмпіёна, заставацца такімі ж самаадданымі працаўнікамі і, што вельмі важна, сціплымі, шчырымі і адкрытымі людзьмі.

"Няхай на вашым прыкладзе тыя, хто пачынае свой шлях у вялікі спорт, вучацца быць бясстрашнымі і настойлівымі. Трэніравацца да сёмага поту, пераадольваючы стомленасць і боль у натруджаных мышцах. Сумленна змагацца і прыгожа перамагаць. Тады і яны ў свой час праславяць нашу Беларусь", - дадаў Прэзідэнт.

Трохразовай алімпійскай чэмпіёнцы беларускай біятланістцы Дар'і Домрачавай Прэзідэнт уручыў зорку Героя Беларусі.

"Ніякія словы не могуць перадаць тыя пачуцці, якія перапаўнялі нас у час выступленняў Дар'і Домрачавай. Сіла, скорасць, вытрымка, мужнасць, меткасць, майстэрства зліліся ў трыумф вялікай спартсменкі. Трыумф, якога не ведала дагэтуль планета", - сказаў беларускі лідар.

"Заваяваўшы тры залатыя медалі на адной Алімпіядзе, ты, Даша, стала легендай сусветнага спорту. І твой спартыўны і грамадзянскі подзвіг удастоены самага высокага звання Героя Беларусі. А ў нас іх зусім нямнога", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Алімпійскіх чэмпіёнаў Антона Кушніра, Алу Цупер і бронзавага прызёра Гульняў у Сочы Надзею Скардзіна Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў ордэнамі Айчыны ІІІ ступені.

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, гледачы і балельшчыкі з заміраннем сэрца глядзелі спаборніцтвы лыжных акрабатаў. Паводле яго слоў, гэта вельмі складаная спартыўная дысцыпліна, дзе проста няма права на памылку. "Нядаўна мой сябар і калега гаварыў аб тым, што хто не рызыкуе, той не п'е шампанскага. Вось жа сапраўды і адна і другі (Ала Цупер і Антон Кушнір) рызыкнулі, цалкам "знішчыўшы" сваіх сапернікаў. А ззаду ж легендарныя дзяржавы, дзе фрыстайл і акрабатыка знаходзяцца на самым высокім узроўні развіцця - такія імперыі, як Канада, ЗША, Кітайская Народная Рэспубліка, Аўстралія і іншыя. І яны перамаглі. І не толькі таму, што яны рызыкнулі ў патрэбны момант, зрабіўшы неверагоднае. Яны перамаглі таму, што працавалі, верылі ў свой поспех і, сама галоўнае, хацелі перамагчы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым падкрэсліў, што ў медалёў, здабытых фрыстайлістамі Алай Цупер і Антонам Кушнірам, асаблівая каштоўнасць. "Вашы ўнікальныя па прыгажосці і складанасці скачкі, вашы перамогі назаўсёды ўвойдуць у гісторыю не толькі беларускага, але і сусветнага спорту", - упэўнены Прэзідэнт.

Гаворачы аб бронзавым алімпійскім прызёры Надзеі Скардзіна, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пра яе можна ў поўнай меры сказаць, што маці поспеху - вера, а бацька - праца. "Ты, Надзя, не адступала перад цяжкасцямі, я гэта бачыў, а, сціснуўшы зубы, сабраўшы нервы ў кулак, упарта і настойліва ішла наперад. І заваявала медаль, яшчэ раз пацвердзіўшы заслугі беларускай школы, скажам сціпла пакуль, жаночага біятлона", - адзначыў Прэзідэнт, звяртаючыся да спартсменкі.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ордэны Айчыны з'яўляюцца знакам прызнання заслуг спартсменаў перад Радзімай.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў мужнасць і сілу духу Сяргея Далідовіча, які дастойна выступіў у лыжных гонках, як роўны змагаўся са знакамітымі сапернікамі, заняўшы пятае месца. Прэзідэнт выказаў меркаванне, што ў гэтага спартсмена была рэальная магчымасць таксама заваяваць медаль. "Гэта вядома толькі Сяргею, чаму так не адбылося. Але на гэтай каралеўскай дыстанцыі быць сярод трыццаці, тым больш займаць пятае месца, - гэта вельмі вялікае дасягненне, асабліва на той трасе, па якой яны беглі: больш як паўтара кіламетра вышыні і вельмі перасечаная мясцовасць, дзе на горных лыжах часам небяспечна і цяжка спускацца, а яны беглі на бегавых, - адзначыў беларускі лідар. - Таму пятае месца Сяргея ў лыжных гонках - гэта вельмі высокі рэзультат для краіны, які заслугоўвае дзяржаўнай узнагароды". Сяргей Далідовіч на ўрачыстай цырымоніі быў узнагароджаны ордэнам Пашаны.

Прэзідэнт Беларусі таксама асабліва адзначыў уклад трэнерскага складу і іншых спецыялістаў у заваяванне алімпійскіх узнагарод.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, трэнеры нацыянальных каманд па фрыстайле і біятлоне, а таксама іншыя спецыялісты сваім талентам і працай дапамагалі каваць алімпійскія перамогі. Асаблівую ўдзячнасць заслужыў галоўны трэнер нацыянальнай каманды па фрыстайле Мікалай Казека, які выхаваў цэлую плеяду чэмпіёнаў. Яму ўручаны ордэн Айчыны I ступені. Такім чынам, Мікалай Казека стаў поўным кавалерам гэтай вышэйшай дзяржаўнай узнагароды Беларусі.

"У час гэтай урачыстасці трэба ўспомніць і падзякаваць бацькам і трэнерам - першым настаўнікам алімпійцаў. Без вашай любові да дзяцей, без веры ў іх талент не было б цяперашніх выдатных вынікаў чэмпіёнаў. Іх перамогі - гэта і вашы перамогі, якімі вы можаце па праве ганарыцца, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Самых добрых слоў заслугоўваюць сэрвісмены, урачы, адміністрацыйная група - усе, хто з поўнай аддачай дапамагаў нашым спартсменам. Ваш важкі ўклад у падрыхтоўку пераможцаў і прызёраў Алімпіяды немагчыма пераацаніць, дзякуй усім, хто ўнёс свой уклад у спартыўны поспех Беларусі".

Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстай цырымоніі ўручыў ордэн Айчыны ІІІ ступені галоўнаму трэнеру нацыянальнай каманды па біятлоне Андрыяну Цыбульскаму, ордэн Пашаны першаму намесніку кіраўніка грамадскага аб'яднання "Беларуская федэрацыя біятлона" Сяргею Булыгіну. Вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі біяхіміі спорту НДІ фізічнай культуры і спорту Ірына Рыбіна ўдастоена медаля "За працоўныя заслугі". Ганаровае званне "Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь" прысвоена старшаму трэнеру нацыянальнай каманды Беларусі па фрыстайле Аляксандру Пянігіну і старшаму трэнеру нацыянальнай каманды Беларусі па біятлоне Фёдару Свабадзе.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка заклікаў на фоне алімпійскіх поспехаў не забываць аб існуючых у спорце праблемах. "Нельга не бачыць і тых праблем, якія сёння больш, чым нам хацелася б, запаланілі наш спорт. Нельга за гэтымі бліскучымі перамогамі некалькіх чалавек не бачыць тых праблем, якія ў нас існуюць. І калі ў біятлоне вызначыліся нашы дзяўчаты (асобныя, шчыра кажучы), то паўстае пытанне: а дзе ж мужыкі, дзе нашы лыжнікі, дзе іншыя?" - сказаў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, адпаведныя пытанні будуць абмяркоўвацца на традыцыйнай рабочай нарадзе пры падвядзенні вынікаў Алімпійскіх гульняў. "І да гэтага ўсе кіраўнікі федэрацый і члены ўрада павінны быць гатовы", - папярэдзіў беларускі лідар.

"Алімпійскія рэзультаты гэта не толькі нагода для радасці, але і сур'ёзная прычына для разваг. Далёка не ўсе члены беларускай зборнай выступілі так, як мы ад іх чакалі. Недзе былі аб'ектыўныя прычыны, недзе самі спартсмены і трэнеры не вельмі напружваліся, каб праявіць сябе на поўную сілу і апраўдаць надзеі нашага народа. Трэба спакойна, прынцыпова разабрацца ў прычынах поспехаў і няўдач, атрымаць з гэтага бясцэннага вопыту ўрокі на будучае. Перш за ўсё гэта датычыцца нашых хакеістаў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ўжо зусім хутка Беларусь будзе прымаць чэмпіянат свету па хакеі, і беларуская каманда павінна дастойна на ім выступіць. "Калі вы не ўмееце гуляць у хакей, а на спартыўную хакейную пляцоўку сёння выходзяць нават не спаборнічаць, а ваяваць, змагацца, калі вы да гэтага не гатовы - лепш не выходзьце на пляцоўку", - сказаў беларускі лідар. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адгаворкі аб немагчымасці змагацца з больш моцнымі сапернікамі з дзяржаў з вялікай колькасцю насельніцтва не прымаюцца. "Я не дарэмна сказаў аб фрыстайлістах. Яны ж таксама з дзесяцімільённай краіны, а не з паўтарамільярднага Кітая", - прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.

"Я вельмі хацеў бы, каб пасля чэмпіянату свету па хакеі, калі не ў гэтай зале, то ў якім-небудзь менш урачыстым месцы, мы маглі б сабрацца і сказаць нашым хакеістам і асабліва ўсім трэнерам, не толькі Глену Хэнлану і тым, хто знаходзіцца побач, дзякуй. Іншага я проста не ўяўляю", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што наперадзе ў беларускіх спартсменаў яшчэ многа адказных стартаў і міжнародных спаборніцтваў. Ён пажадаў спартсменам, каб яны, удзельнічаючы ў спаборніцтвах, выкладаліся па поўнай, не шкадуючы сябе, і давалі медальны рэзультат.

У час цырымоніі ва ўрачыстай абстаноўцы трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава перадала Кіраўніку дзяржавы Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, які разам з алімпійскай дэлегацыяй Беларусі пабываў на XXII зімовых Алімпійскіх гульнях у Сочы. У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка перадаў сцяг юным выхаванцам спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву па акрабатыцы і фрыстайле, каб затым устанавіць сцяг у Музеі алімпійскай славы.
Прысутныя на ўрачыстай цырымоніі дзеячы культуры і мастацтва падарылі ўдзельнікам урачыстасці некалькі канцэртных нумароў. Завяршылася мерапрыемства сумесным выкананнем Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.