Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета

  • 1
Стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюза павінна базіравацца на поўнамаштабным Мытным саюзе без выключэнняў. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 5 сакавіка на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, якое прайшло ў Нова-Агарове (Маскоўская вобласць).

"Наша прынцыповая пазіцыя: стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюза павінна базіравацца на поўнамаштабным Мытным саюзе без выключэнняў, у тым ліку без пошлін, колькасных абмежаванняў або чагосьці іншага", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу прысутных на два прынцыповыя для Беларусі моманты ў плане стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза. "У нашым інтэграцыйным праекце мы павінны выйсці на канкрэтныя вынікі. Такім вынікам з'яўляецца завяршэнне стварэння Мытнага саюза без якіх-небудзь абмежаванняў і выключэнняў. У гэтым пытанні бакі найбольш рушылі наперад. Фактычна засталіся выключэнні толькі па некаторых, аднак вельмі значных таварах, уключаючы алкаголь, тытунь, лякарствы, нафту і газ. І нам неабходна прыняць па іх прынцыповае рашэнне", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што з'явіліся падыходы, калі адмену выключэнняў па таварах пачалі ўвязваць з адменай выключэнняў па паслугах, капітале і рабочай сіле. "Свабода руху тавараў павінна стаць прыкладам для вырашэння задачы па рэалізацыі астатніх трох свабод. Без гэтага будучы эканамічны саюз будзе пазбаўлены трывалага фундаменту, - лічыць беларускі лідар. - Адначасова мы прадаўжаем мэтанакіравана працаваць над рэалізацыяй тых дамоўленасцей, якія замацаваны ў базавых пагадненнях АЭП".

Што датычыцца праекта Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пазіцыя беларускага боку па асобных палажэннях інстытуцыянальнай часткі гэтага дакумента была прапанавана ў ходзе папярэдняй сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў у Маскве. Цяпер эксперты праводзяць работу па яе ўзгадненні.

Гаворачы аб функцыянальнай частцы дакумента, Прэзідэнт Беларусі заўважыў, што, нягледзячы на актывізацыю работы, гатоўнасць праекта ацэньваецца ўсё тымі ж 70-80%, аб якіх ішла размова на папярэдняй сустрэчы. Збліжэння па найбольш адчувальных пазіцыях для кожнага з бакоў практычна не адбылося. "У тым ліку па фарміраванні агульнага энергетычнага рынку, лібералізацыі аўтамабільнага транспартнага рынку, доступу да газатранспартнай сістэмы, правіл субсідзіравання сельскай гаспадаркі. Бакі пастаянна выстаўляюць новыя прапановы, якія могуць размыць ужо існуючыя дамоўленасці", - лічыць Кіраўнік беларускай дзяржавы.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка прапанаваў у далейшай рабоце па праекце дагавора кіравацца падыходам, які заключаецца ў тым, каб удасканаліць нарматыўна-прававую базу АЭП пры згодзе з прапанаванымі змяненнямі ўсіх трох бакоў. Калі ж хтосьці супраць - уключаць у праект дагавора нормы пагадненняў АЭП у іх нязменным выглядзе, якія ёсць на сённяшні момант, каб не дапусціць ходу назад. "Таму што па некаторых пазіцыях эксперты нам гавораць аб тым, што гэта ўжо адбываецца пры абмеркаванні. У адваротным выпадку мы рызыкуем неапраўдана зацягнуць працэс падрыхтоўкі дагавора і, адпаведна, пачатак работы Еўразійскага эканамічнага саюза", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар адзначыў, што гэта пасяджэнне першапачаткова планавалася правесці ў сярэдзіне сакавіка. "Але эксперты пасля работы ў Астане нас падштурхнулі да таго, каб мы вырашылі шэраг пытанняў на нашым узроўні, каб даць ім магчымасць працаваць больш актыўна. У адваротным выпадку, як яны сказалі, можам не паспець да сярэдзіны бягучага года стварыць гэты моцны прававы механізм нашага эканамічнага саюза", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі лічыць, што пры стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза нельга паўтарыць сумны вопыт фарміравання адносін у СНД. "Мы шмат гаварылі аб СНД. Людзі чакалі ад нас крокаў па фарміраванні ў рамках СНД нармальных адносін і саюза - не атрымалася. І ў людзей вельмі вялікая насцярожанасць, каб гэтага не адбылося і з нашым Мытным саюзам, і Адзінай эканамічнай прасторай, - заўважыў беларускі лідар. - Таму ў нас проста няма выбару. Мы павінны ў заяўленыя тэрміны падрыхтаваць і падпісаць дагавор. У адваротным выпадку нас людзі не зразумеюць".

Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што падзеі, якія адбываюцца ў свеце, падштурхоўваюць бакі да таго, каб больш паскорана ісці па шляху еўразійскай эканамічнай інтэграцыі. "Нам, напэўна, менш трэба глядзець па баках, а займацца сваімі справамі, сваімі дзяржавамі. Тады нас будуць і паважаць, і цаніць", - упэўнены Прэзідэнт Беларусі.

У сваю чаргу Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў заклікаў адкінуць рознагалоссі і стварыць эканамічны саюз. "Усё астатняе мы потым створым. Не трэба нанізваць пытанні, якія выклікаюць нейкія непаразуменні ўнутры нашых краін. Давайце вырашаць эканамічныя пытанні, а да рознагалоссяў падыходзіць паступова і здымаць іх", - сказаў казахстанскі лідар.

Нурсултан Назарбаеў прапанаваў у красавіку бягучага года правесці яшчэ адно пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета за месяц да прыняцця дакумента, каб узгадніць пазіцыі.

"Безумоўнай з'яўляецца наша дамоўленасць аб тым, што мы не можам прымаць ніякіх рашэнняў, акрамя як кансэнсусам. Таму, каб не стаяць на месцы, нам лепш, як прапанавалі калегі, выходзіць на гэтыя кансэнсусныя рашэнні і рухацца наперад, чым стаяць і чакаць, пакуль мы ўсё даўзгаднім", - згадзіўся Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.

Ён таксама лічыць неабходным надзяліць будучы Еўразійскі эканамічны саюз шырокім наборам паўнамоцтваў у сферы эканамічнага рэгулявання. На яго думку, гэта дасць магчымасць праводзіць агульную і ўзгодненую палітыку ў ключавых сферах, павысіць устойлівасць і патэнцыял развіцця нацыянальных эканомік, забяспечыць ёмісты адзіны рынак і прыток дадатковых інвестыцый.

Паводле слоў расійскага Прэзідэнта, інстытуцыянальная частка дагавора павінна вызначыць міжнародна-прававы статус і арганізацыйныя рамкі будучага саюза, замацаваць асноўныя прынцыпы яго дзейнасці.

У сваю чаргу функцыянальная частка дакумента павінна рэгламентаваць механізмы эканамічнага ўзаемадзеяння. "Пры гэтым важна гарантаваць так званыя чатыры свабоды па забеспячэнні бесперашкоднага перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы, зафіксаваць канкрэтныя абавязацельствы па ліквідацыі выключэнняў і абмежаванняў, якія захоўваюцца ў Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы", - адзначыў Прэзідэнт Расіі.

Паводле яго слоў, еўразійскія інтэграцыйныя працэсы прыносяць ужо канкрэтныя вынікі і аддачу. Ён прывёў даныя, згодна з якімі, нягледзячы на агульнае запаволенне тэмпаў росту сусветнай эканомікі, у 2013 годзе тавараабарот у рамках "тройкі" не толькі не знізіўся, але і крыху ўзрос, склаўшы $64,1 млрд. Пры гэтым паляпшаецца структура ўзаемнага гандлю, скарачаецца доля сыравінных рэсурсаў у экспартна-імпартных аперацыях. Прыярытэтным напрамкам інтэграцыйнага ўзаемадзеяння таксама стаў улік інтарэсаў бізнес-супольнасці.

Старшыня калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Віктар Хрысценка, які таксама прысутнічаў на пасяджэнні, расказаў, што работа па падрыхтоўцы дагавора актыўна праводзіцца на розных узроўнях. "У нас ёсць усе шанцы і ўсе магчымасці, каб, як і было даручана, у маі падпісаць Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Лічу, што мы ў красавіку прапануем вам "развілкі" па складаных пытаннях, над якімі трэба паставіць кропку", - адзначыў старшыня калегіі ЕЭК.

Еўразійскі інтэграцыйны праект прыцягвае і партнёраў па СНД. У найбольш развітой стадыі знаходзяцца перагаворы аб падключэнні да яго Арменіі і Кыргызстана. Так, з армянскім бокам прыняты і паспяхова рэалізуецца план мерапрыемстваў па адаптацыі да норм і патрабаванняў Мытнага саюза і АЭП, два месяцы таму была зацверджана дарожная карта. У сувязі з гэтым "тройка" лічыць магчымым перайсці да падрыхтоўкі праекта дагавора аб далучэнні Арменіі да будучага Еўразійскага эканамічнага саюза.

Еўразійскае інтэграцыйнае аб'яднанне адкрыта да супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі. ЕЭК пачала ўжо фарміраванне пакета пагадненняў аб свабодным гандлі з шэрагам дзяржаў. Усяго атрымана каля 40 прапаноў аб заключэнні такіх дагавораў, у тым ліку ад Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю, В'етнама, Ізраіля, Індыі, Чылі, Перу.

На пасяджэнні па прапанове Прэзідэнта Расіі абмяркоўвалася таксама ўзаемадзеянне "тройкі" з Украінай у існуючых умовах.

"Экстраардынарная сітуацыя, якая склалася ва Украіне, выклікае сур'ёзную трывогу. Украінская эканоміка знаходзіцца ў цяжкім становішчы, калі не сказаць крызісе. Магчымы негатыўныя вынікі і для рынку Мытнага саюза, таму трэба разам падумаць над тым, каб прыняць меры ў мэтах абароны нашых вытворцаў і экспарцёраў, прапрацаваць параметры далейшага ўзаемадзеяння з Украінай", - сказаў Уладзімір Пуцін. Ён адзначыў, што Украіна з'яўляецца ключавым эканамічным партнёрам Мытнага саюза: бакі аб'ядноўваюць цесныя прамысловыя і гандлёвыя сувязі, Украіна ўваходзіць у зону свабоднага гандлю СНД.

"Безумоўна, нам трэба зрабіць усё, каб дапамагчы нашым партнёрам выйсці з той складанай сітуацыі, у якой яны сёння знаходзяцца", - дадаў расійскі лідар.

Пасля завяршэння пасяджэння кіраўнікі дзяржаў прадоўжылі размову ў ходзе рабочага абеду ад імя Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі.