Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у адкрыцці атэля "Рэнесанс Мінск"

  • 7

У новым атэлі "Рэнесанс Мінск" у час чэмпіянату свету размесцяцца хакейныя каманды шасці краін. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, які 14 красавіка прыняў удзел у адкрыцці пабудаванага да ЧС па хакеі атэля "Рэнесанс Мінск".

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з атэлем, умовамі пражывання гасцей. На перыяд правядзення чэмпіянату свету тут размесцяцца дэлегацыі шасці краін-удзельніц: хакейныя каманды Канады, Нарвегіі, Славакіі, Даніі, Чэхіі і Швецыі.

Як праінфармавалі Прэзідэнта, новая гасцініца мае больш як 260 нумароў усіх катэгорый (ад стандартнага да прэзідэнцкага люкса) і разлічана на 390 месц. Ва ўсіх нумарах ёсць высакаскорасны Інтэрнэт, інтэрактыўнае тэлебачанне. Прадугледжаны таксама нумары для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Прычым усе гасцінічныя нумары для некурцоў. Да паслуг кліентаў атэля некалькі канферэнц-залаў, у кожнай з якіх укаранёны сучасныя тэхналогіі, у тым ліку з забеспячэннем аўдыя- і відэатрансляцыі, сінхроннага перакладу. Тут можна будзе праводзіць розныя форумы, семінары, выстаўкі. Для камфортнага знаходжання гасцей таксама прадугледжаны спектр дадатковых паслуг - крыты басейн, джакузі і саўны, трэнажорная зала, фітнес-цэнтр, СПА, турпаслугі, бары, рэстаран.

У кожным атэлі брэнда "Рэнесанс" ёсць тое, што адлюстроўвае нацыянальны каларыт. У мінскім атэлі гэта матывы беларускай прыроды, у тым ліку Белавежскай пушчы.

Аляксандр Лукашэнка ў ходзе наведвання атэля, калі размова зайшла аб якасці прадукцыі, даў высокую ацэнку айчынным таварам. Паводле яго слоў, беларуская прадукцыя, "магчыма, не заўсёды вельмі прыгожа ўпакавана, як на Захадзе, але па якасці - гэта тое, чаму Еўропе трэба вучыцца". Што датычыцца мэблі, то нядрэнна было б укамплектаваць новыя атэлі беларускай прадукцыяй, адзначыў Прэзідэнт.

У атэлі працуе інтэрнацыянальная каманда прафесіяналаў. У час размовы з інвестарамі, кіраўніцтвам атэля на тэму падрыхтоўкі гасцінічнага персаналу Прэзідэнт сказаў, што беларусам трэба пераймаць вопыт замежных калег.

Прэзідэнту расказалі, што інвестыцыйны праект па будаўніцтве 4-зоркавай гасцініцы на тэрыторыі горада Мінска рэалізаваны ЗЗАТ "Маспрамбуд-Атэль". Эксплуатаваць гасцініцу пад брэндам міжнароднай кампаніі Marriot International будзе ЗАТ "МПБ-Атэль".

Marriot International - міжнародная кампанія, якая працуе на рынку гасцінічных паслуг. Уключае амаль 3,7 тыс. гасцініц (з больш як дзясяткам брэндаў), размешчаных у 72 краінах, у тым ліку ў Еўропе - больш як 300.