Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па праектах указаў паўдасканаленні аграрнай палітыкі

    Развіццё аграпрамысловага комплексу Беларусі будзе ісці без рэвалюцыйных пераўтварэнняў пры захаванні падтрымкі сельгасвытворцаў. Пры гэтым прыярытэт будзе аддадзены праектам, якія абяцаюць сур'ёзную аддачу ад іх рэалізацыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 10 чэрвеня на нарадзе аб праектах указаў па ўдасканаленні аграрнай палітыкі.

    Прэзідэнт прызнаў, што ў галіне дасягнуты значныя аб'ёмныя паказчыкі вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, вырас яе экспарт. Тым не менш выклікаюць абгрунтаваную трывогу стан эканомікі ў гэтай сферы і дынаміка развіцця сельгасвытворчасці.

    Па выніках работы міжведамаснай рабочай групы па вырашэнні праблемных пытанняў АПК на чале з прэм'ер-міністрам былі падрыхтаваны і ўнесены на разгляд Кіраўніка дзяржавы чатыры праекты ўказаў. "Дай бог, каб гэта не было адпіскай і паказухай, што, вось, мы папрацавалі, чатыры ўказы зрабілі і на гэтым кропка. Хацелася б пачуць галоўнае: ці дастаткова гэтых чатырох нарматыўна-прававых актаў, каб сельская гаспадарка магла больш-менш спакойна працаваць", - адзначыў Прэзідэнт.

    Нормы гэтых прававых актаў накіраваны на ўдасканаленне аграрнай палітыкі беларускай дзяржавы. Перш за ўсё, яны датычацца мер дзяржаўнай падтрымкі сельгасвытворцаў, дзяржаўнага заказу, крэдытна-грашовай палітыкі ў галіне, умоў рэструктурызацыі існуючай запазычанасці, а таксама аптымізацыі арганізацыйнай структуры. Акрамя таго, рэкамендуецца істотна знізіць працэнтныя стаўкі па банкаўскіх крэдытах для прадпрыемстваў АПК.

    Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што згаданыя ўказы ў выпадку іх падпісання ні ў якім разе не будуць азначаць спісанне запазычанасці па крэдытах. Размова можа ісці толькі аб рэструктурызацыі даўгоў і адтэрміноўцы па іх выплаце.

    "Падарункаў тут ніякіх няма. Ніхто нічога спісваць не будзе. Усім давядзецца разлічвацца. Будзем падтрымліваць (сельгасвытворцаў), але не за кошт усёй дзяржавы і народа", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

    Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, прапанаваная сістэма мер павінна быць нацэлена на кропкавую падтрымку асобных праектаў у аграрнай сферы, якія абяцаюць сур'ёзную аддачу ад іх рэалізацыі.

    Прэзідэнт указаў на недапушчальнасць самаўхілення ад мерапрыемстваў па падтрымцы АПК банкаўскіх устаноў любой формы ўласнасці, у тым ліку з замежным капіталам, якія атрымліваюць немалы прыбытак ад сваёй дзейнасці на тэрыторыі Беларусі. Адпаведныя даручэнні дадзены ў сувязі з гэтым старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі. "Я патрабую поўнага кіравання і каардынацыі дзейнасці гэтых банкаў, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Банкі павінны пачынаць працаваць, як у савецкія часы, і несці за гэта адказнасць. У нас вельмі вялікая вольніца ў банках, асабліва з замежным капіталам".

    Кіраўнік дзяржавы нагадаў прысутным на нарадзе губернатарам аб безумоўнай неабходнасці выканання ў поўным аб'ёме раней дадзенага ім даручэння па стварэнні дзейснай сістэмы мер па падрыхтоўцы кадраў у вёсцы на прыкладзе найбольш паспяховых гаспадарак. "Вельмі важна маладому кіраўніку паказаць, як трэба працаваць. Гэта галоўнае. Каб ён пахадзіў, паглядзеў, зрабіў для сябе высновы. І калі ён моцна хоча працаваць у сельскай гаспадарцы, ён будзе гэты вопыт паўтараць", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

    Звяртаючыся да кіраўніцтва абласцей, Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў іх увагу на недапушчальнасць прыняцця рашэнняў аб мерах па фінансавым аздараўленні прадпрыемстваў АПК, уключаючы іх банкруцтва, без удзелу ўлады. "Рашэнне павінна быць за вамі, тады не будзе бандыцкай прыватызацыі праз банкруцтва", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

    Прэзідэнт перасцярог удзельнікаў нарады ад празмернага захаплення мерамі свабоднага цэнаўтварэння ў аграрнай сферы як спосабу вырашэння праславутай праблемы дыспарытэту паміж цэнамі на прамысловую прадукцыю, што выкарыстоўваецца аграрыямі, і сельскагаспадарчую прадукцыю.

    "Не кідайцеся на гэта свабоднае цэнаўтварэнне. Сельская гаспадарка - сфера, якая не любіць рэвалюцыйных пераўтварэнняў. Яны проста не пройдуць, не атрымаецца. Трэба акуратна дашліфоўваць тое, што ёсць, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Рэвалюцый тут быць не можа і не павінна быць. Мы павінны на дзяржаўным узроўні складаць балансы: колькі нам трэба збожжа, колькі малака, мяса прадаць. Мы гэта ўжо зрабілі. Мы не можам ад гэтага адмовіцца на карысць якога-небудзь рынку і свабоднага цэнаўтварэння".

    Рэзюмуючы вынікі праведзеных абмеркаванняў, Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне кіраўніцтву Мінфіна і Мінэканомікі ў самы бліжэйшы час прадаставіць яму разлікі магчымых фінансавых вынікаў праектаў указаў, прапанаваных рабочай групай, для эканомікі краіны, перш за ўсё, для бюджэтнай сферы.