Аляксандр Лукашэнка правёў пасяджэнне Савета Бяспекі

  • 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка патрабуе забяспечыць якасны рост эканомікі і павышэнне дабрабыту грамадзян. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 17 чэрвеня на пасяджэнні Савета Бяспекі аб праблемных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця.

"Каб выключыць розныя крыватолкі, скажу адразу, што з улікам некаторых станоўчых тэндэнцый першага квартала было прынята рашэнне заслухаць справаздачу ўрада ў пашыраным складзе па выніках работы за першае паўгоддзе", - адзначыў Прэзідэнт, адкрываючы пасяджэнне.

Разам з тым Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што аб значнай дадатнай дынаміцы гаварыць яшчэ рана. За студзень-красавік атрыманы невялікі, крыху большы за адзін працэнт, прырост ВУП. "Але мінуў вельмі малы перыяд часу, каб рабіць нейкія канчатковыя вывады. Тым больш што гэта павелічэнне атрымана за кошт рознічнага і аптовага гандлю, транспарту і будаўніцтва. Як вы ведаеце, завершаны шэраг маштабных праектаў па мадэрнізацыі энергетыкі. Такім чынам, рост ВУП забяспечаны ў асноўным унутраным попытам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"А вось застарэлыя балячкі ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы засталіся. Там пакуль - зніжэнне вытворчасці, значныя складскія запасы, пагаршэнне фінансавага стану арганізацый і гэтак далей. Гэтыя праблемы не раз агучваліся, і іх абавязкова трэба вырашаць", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Цяпер важная, гаворачы па-ваеннаму, правільная ацэнка сітуацыі, каб, сканцэнтраваўшы сілы на прыярытэтных напрамках, забяспечыць якасны рост эканомікі, павышэнне дабрабыту нашых грамадзян", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Як адзначыў Прэзідэнт, для дасягнення гэтых мэт Беларусь удзельнічае ў стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза. "Галоўнае тут, што ўмовы па газе зразумелыя, мы фактычна пралангуем сённяшнюю прымальную для нас цэнавую сітуацыю. Па нафце таксама дамовіліся: колькі зможам перапрацаваць - столькі атрымаем. Плюс паўтара мільярда долараў вывазных пошлін, якія раней пералічваліся ў расійскі бюджэт, застаюцца ў нашым бюджэце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Дагаворам устаноўлены правілы канкурэнцыі. Створаны інстытуты і механізмы саюза, якія даюць магчымасць прымаць выгадныя для нас рашэнні і не прымаць нявыгадныя, а таксама забяспечваць кантроль іх выканання. Цяпер трэба нарошчваць нашу прысутнасць на агульным рынку, а не пасіўнічаць і стагнаць аб тым, што нібыта вырасла канкурэнцыя", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў пасяджэння, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў даць адказы на шэраг асноўных пытанняў, і ў прыватнасці, ці ўдалося прайсці ніжні пункт у траекторыі развіцця, калі адновіцца значны ўздым эканомікі і што неабходна зрабіць, каб не паўтарылася сітуацыя, якая прывяла да праблем. "У нас павінна адбыцца прынцыповая, самакрытычная, проста мужчынская размова па найбольш актуальных тэмах, якімі ў бліжэйшы час нам давядзецца ўшчыльную занімацца ў эканоміцы і ў сацыяльнай палітыцы", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Па выніках нарады Прэзідэнтам былі дадзены адпаведныя даручэнні.