Нарада па пытаннях удасканалення страхавой дзейнасці ў Беларусі

  • 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка патрабуе ўзмацніць кантроль у сферы страхавых паслуг. Такую задачу Кіраўнік дзяржавы паставіў 21 сакавіка на нарадзе па пытаннях удасканалення страхавой дзейнасці ў Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што наспела неабходнасць вывесці гэту важнейшую сферу фінансавых паслуг на больш высокую ступень развіцця.

"Нельга забываць, што сфера страхавання з'яўляецца адным са стратэгічных сектараў эканомікі. Яна павінна не толькі служыць гарантыяй абароны маёмасных інтарэсаў грамадзян і прадпрыемстваў, але і забяспечваць прыток у народную гаспадарку даўгачасных фінансавых рэсурсаў, так званых "доўгіх грошай", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, гэта сфера павінна працаваць дакладна, без збояў, фарміруючы неабходныя страхавыя рэзервы і рацыянальна накіроўваючы фінансавыя патокі ў інтарэсах дзяржавы і грамадзян.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для развіцця страхавога рынку ў Беларусі зроблена нямала: прынята мэтавая рэспубліканская праграма да 2015 года, сфарміраваны адпаведныя структуры, працуюць 25 страхавых арганізацый, ёсць пэўныя тэмпы росту страхавых узносаў.

"Аднак у цэлым наш нацыянальны страхавы рынак адстае ад еўрапейскіх краін, а таксама ад нашых партнёраў па Адзінай эканамічнай прасторы. У Еўропе ўзровень удзелу страхавання ў эканоміцы ў тры разы вышэйшы, чым у нас. Па суме ўзносаў на душу насельніцтва мы значна адстаём. Напрыклад, калі ў нас яна складае $80, то ў Расіі - амаль $200", - канстатаваў Прэзідэнт.

"Тут вывад відавочны: патэнцыял страхавой дзейнасці ў нашай краіне яшчэ не рэалізаваны. Патрэбны меры, што стымулююць яе больш дынамічнае развіццё", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што, паводле інфармацыі кантралюючых і праваахоўных органаў, сфера страхавання падвергнута рызыцы сур'ёзных злоўжыванняў. У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў нашумелы ў мінулым годзе выпадак з Беларускім народным страхавым пенсійным фондам. "Прыватная страхавая кампанія за кошт сродкаў паспяховых дзяржаўных прадпрыемстваў забяспечвала звышпрыбытак у мільярды рублёў для сваіх акцыянераў! Вядома, пасля майго ўмяшання там навялі парадак. Але гэта стала падставай для больш крытычнага погляду на страхавы нагляд. Таму былі дадзены адпаведныя даручэнні ўраду, Камітэту дзяржаўнага кантролю, Мінфіну", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым падрыхтаваны праект Указа, накіраваны на комплекснае ўдасканаленне прававога рэгулявання страхавой дзейнасці, які Прэзідэнт вынес на абмеркаванне на нарадзе. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што чакае аб'ектыўнай ацэнкі рэальнага стану спраў у страхавой галіне: якія там ёсць праблемы, што неабходна зрабіць для павышэння канкурэнтаздольнасці страхавых арганізацый, нарошчвання аб'ёмаў страхавых паступленняў і ўключэння фінансавых патокаў у эканоміку.

Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся меркаваннем прысутных, наколькі прапанаваны дакумент адпавядае сучасным патрабаванням у гэтай сферы. "Мы што, будзем зноў арыентавацца на тое, як у Еўропе, Амерыцы? Ці мы будзем глядзець на ўласныя інтарэсы і зыходзіць з іх, каб не было так, як у гэтым так званым народным фондзе: атрымалі прыбытак і па кішэнях расклалі. Правільна, прыбытак трэба атрымліваць, у адваротным выпадку - што гэта за дзейнасць без прыбытку? Але трэба ж паглядзець, каму дастаюцца гэтыя адносна лёгкія грошы", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што неабходна паглядзець і на перспектывы развіцця гэтага сектара, паколькі ў рамках АЭП ствараецца агульны страхавы рынак, дзе ў Беларусі ёсць адпаведныя абавязацельствы. "Наколькі мы гатовы сёння да гэтага? Ці адпавядаюць прапановы ўрада тэндэнцыям інтэграцыйных працэсаў", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

"Як мне дакладваюць, у Беларусі з'явіліся дзялкі, якія займаюцца распаўсюджваннем сярод беларусаў страхавых полісаў замежных арганізацый і вывядзеннем валюты з краіны. Гэта парушэнне заканадаўства! Але гэтыя самыя дзялкі ўжо які год пазбягаюць адказнасці! У чым справа?" - звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да прысутных на нарадзе.

"Падкрэсліваю, кантроль за фінансавымі патокамі павінен быць пастаянным. Нельга дапускаць уцечкі валюты з краіны! Як і нельга дазваляць пэўным дзялкам раскладваць па кішэнях грошы, якія ім практычна не належаць і не павінны належаць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Першы намеснік міністра фінансаў Уладзімір Амарын адзначыў, што, нягледзячы ў цэлым на станоўчую дынаміку развіцця страхавой дзейнасці, неабходна павышэнне ёмістасці страхавога рынку і павелічэнне яго ўкладу ў эканоміку краіны. Цяпер страхавую дзейнасць у Беларусі ажыццяўляюць 25 арганізацый, з якіх 8 знаходзяцца пад кантролем дзяржавы. Іх доля на страхавым рынку складае 82%. "Параўнальны аналіз паказчыкаў рынку з іншымі дзяржавамі ўказвае на наяўнасць рэзерваў для яго развіцця. Асноўны рэзерв росту - у развіцці добраахвотнага страхавання. Сегмент абавязковага страхавання абмежаваны, і праводзімая дзяржавай тарыфная палітыка мае сацыяльную накіраванасць", - сказаў першы намеснік міністра.

Ён адзначыў, што для развіцця добраахвотнага страхавання неабходна зняць існуючыя абмежаванні, стварыўшы ўмовы для прыцягнення інвестыцый, роўнай канкурэнцыі, а таксама магчымасці для развіцця страхоўшчыкамі ўласнай інфраструктуры спадарожнага страхаванню бізнесу.

Уладзімір Амарын паведаміў, што на гэты момант памеры ўласнага капіталу страхоўшчыкаў у недзяржаўных страхавых арганізацый не перасягаюць прадугледжаныя заканадаўствам патрабаванні да мінімальнай фінансавай дастатковасці - 1 млн еўра для рызыкоўных відаў страхавання і 2 млн еўра для страхавання жыцця. "Адным з шляхоў росту фінансавага патэнцыялу страхавога рынку з'яўляецца павышэнне патрабаванняў да мінімальнага памеру статутнага фонду. Гэта дасць магчымасць страхаваць буйныя рызыкі, а таксама выраўнаваць патрабаванні да фінансавай дастатковасці нацыянальнага страхавога рынку з нашымі партнёрамі па АЭП, што важна, улічваючы будучую гарманізацыю патрабаванняў да дзейнасці ўдзельнікаў агульнага фінансавага рынку Еўразійскага эканамічнага саюза", - заявіў першы намеснік міністра.

Ён адзначыў, што пашырэнне маштабаў і зняцце абмежаванняў у страхавой дзейнасці, перспектыва фарміравання агульнага фінансавага рынку патрабуе павышэння эфектыўнасці дзяржрэгулявання страхавання. Асноўная мэта заключаецца ў забеспячэнні канкурэнтаздольнасці і ўстойлівасці страхавога рынку, а таксама надзейнай абароны інтарэсаў дзяржавы і застрахаваных асоб.

Уладзімір Амарын далажыў аб прапановах, якія ўключаны ў праект Указа па ўдасканаленні страхавой дзейнасці.

Сярод ключавых напрамкаў узмацнення ўплыву і забеспячэння эканамічных інтарэсаў дзяржавы першы намеснік міністра назваў устанаўленне абавязку дзяржаўных органаў, юрыдычных асоб, кантрольным пакетам акцый якіх валодае дзяржава, заключаць дагаворы страхавання жыцця толькі з дзяржаўнымі страхавымі арганізацыямі.

Прапануецца таксама ўвесці патрабаванне для страхавых арганізацый, якія ажыццяўляюць страхаванне жыцця, дадаткова звыш гарантаванага даходу, устаноўленага ў адпаведнасці з дагаворам, накіроўваць на павелічэнне накапленняў грамадзян не менш як 50% прыбытку ад інвесціравання страхавых рэзерваў. "Гэта дасць магчымасць выключыць выпадкі, аналагічныя ўзнікшаму ў 2013 годзе з прыватнай страхавой кампаніяй Беларускі народны страхавы пенсійны фонд, якая забяспечвала звышпрыбытак сваім акцыянерам за кошт дзяржпрадпрыемстваў, а таксама павысіць прывабнасць накапляльных відаў страхавання", - лічыць Уладзімір Амарын.

Паводле яго слоў, рэгістрацыя і накапленне ў комплекснай інфармацыйнай сістэме пад кіраваннем Мінфіна звестак аб заключаемых дагаворах страхавання і выплатах па іх дасць магчымасць эфектыўна процідзейнічаць страхавому махлярству, фарміраваць справядлівую тарыфную палітыку, а таксама мінімізаваць рызыкі парушэння фінансавай устойлівасці страхавых арганізацый.

Уладзімір Амарын прапанаваў пашырыць паўнамоцтвы Мінфіна ў галіне рэгулявання і нагляду за страхавой дзейнасцю, у прыватнасці надзяліць правам спаганяць у бясспрэчным парадку грашовыя сродкі, што знаходзяцца на рахунках страхавых арганізацый, у выпадку невыканання прадпісанняў аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства, прыпыняць аперацыі па рахунках у банках пры парушэнні страхоўшчыкам заканадаўства аб страхаванні і іншых парушэннях, назначаць часовую адміністрацыю ў мэтах своечасовага прыняцця мер па фінансавым аздараўленні страхавой арганізацыі.

Прапануецца ўвядзенне двух новых відаў абавязковага страхавання - грамадзянскай адказнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў за ўрон, нанесены дзейнасцю, звязанай з эксплуатацыяй асобных аб'ектаў (у іх ліку аб'екты з масавым скопішчам людзей, вытворчыя і іншыя аб'екты, якія ствараюць павышаную небяспеку для навакольных) і грамадзянскай адказнасці перавозчыка пры перавозцы небяспечных грузаў.

У мэтах развіцця страхавой дзейнасці і прыцягнення інвестыцый прапануецца зняць абмежаванні па памеры ўкладу заснавальніка ў статутны фонд страхавой арганізацыі і памеру ўкладу страхавой арганізацыі ў статутны фонд іншай камерцыйнай арганізацыі. Цяпер гэта абмежаванне складае 35%.

Акрамя таго, прадугледжваецца прадаставіць права страхавым арганізацыям з замежнымі інвестыцыямі заключаць дагаворы добраахвотнага страхавання жыцця з грамадзянамі рэспублікі. Пры гэтым дзяржава поўнасцю захавае кантроль над гэтым сегментам страхавога рынку. На гэтыя арганізацыі будуць распаўсюджвацца ўстаноўленыя заканадаўствам нарматывы ажыццяўлення страхавой дзейнасці.

Арганізацыям-страхавальнікам прапануецца прадаставіць права ўключаць у затраты страхавыя ўзносы па добраахвотным страхаванні медыцынскіх расходаў незалежна ад формы ўласнасці страхавой арганізацыі, з якой заключаны дагавор страхавання, і арганізацыі аховы здароўя, якая аказвае медыцынскія паслугі застрахаваным. У гэтым выпадку павышэнне прывабнасці ўмоў страхавання павінна стымуляваць суб'екты гаспадарання больш актыўна ўключаць у сацыяльны пакет сваіх работнікаў аплату кошту медыцынскіх паслуг праз механізм страхавання.

Для ўзмацнення абароны інтарэсаў страхавальнікаў прапануецца ўдасканаліць парадак і ўмовы правядзення відаў абавязковага страхавання. Найбольш значны для насельніцтва від - гэта абавязковае страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў. "Прапануецца прадаставіць магчымасць выплаты пацярпеламу страхавой кампенсацыі ў памеры фактычных расходаў на рамонт пашкоджанага транспартнага сродку, павялічыць памер страхавой кампенсацыі ў выпадку афармлення ДТЗ без выкліку ДАІ з 200 да 400 еўра, аптымізаваць сістэму скідак і надбавак да страхавых узносаў па дагаворах унутранага страхавання, якія ўстанаўліваюцца зыходзячы з аварыйнасці і выкарыстання транспартнага сродку, зняць абмежаванне па агульным памеры страхавой кампенсацыі некалькім пацярпелым па адным страхавым выпадку", - расказаў Уладзімір Амарын.

Наконт абавязковага медыцынскага страхавання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія часова прыбываюць на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, прапануецца значна спрасціць механізм, прадаставіўшы права выкарыстоўваць на тэрыторыі рэспублікі замежны страхавы поліс без заключэння дадатковага дагавора абавязковага медыцынскага страхавання з беларускім страхоўшчыкам, а рэгуляваннем страхавых выпадкаў будзе займацца спецыялізаваная арганізацыя. Для гэтага віду страхавання таксама прапануецца павялічыць страхавую суму з 5 тыс. да 10 тыс. еўра.

Па абавязковым страхаванні будынкаў, што належаць грамадзянам, прапануецца знізіць страхавы тарыф.

Іншыя ўдзельнікі нарады прадставілі свае меркаванні наконт прапанаваных змяненняў і ўнеслі свае прапановы.

Старшыня праўлення ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" Сяргей Румас адзначыў, што адна частка прапаноў Мінфіна накіравана на лібералізацыю рынку страхавых паслуг, а іншая, наадварот, яшчэ больш яго зарэгулюе: "Калі б мы стварылі ўмовы для канкурэнцыі на гэтым рынку, то ўсе паказчыкі страхавой дзейнасці таксама пайшлі б угару".

"Сяргей Мікалаевіч (Румас) мае рацыю ў тым плане, што, вядома, элементы канкурэнцыі павінны прысутнічаць, але яна павінна быць здаровай", - заўважыў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Андрэй Кабякоў.

Што датычыцца развіцця беларускага рынку страхавых паслуг у параўнанні з партнёрамі па АЭП, Андрэй Кабякоў прывёў наступныя даныя: у Беларусі ўдзельная вага страхавых узносаў складае 1,04% ад ВУП, у той час як у Казахстане і Расіі гэты паказчык роўны 0,74% і 1,35% адпаведна.

Паводле слоў старшыні праўлення Нацыянальнага банка Надзеі Ермаковай, неабходна развіваць добраахвотнае страхаванне, у першую чаргу медыцынскае, пераходзіць да больш актыўнай работы з пенсiйным страхаваннем.

Надзея Ермакова таксама падтрымала прапанову аб пашырэнні паўнамоцтваў Мінфіна ў галіне рэгулявання і нагляду за страхавой дзейнасцю. "Трэба прапісаць строгія правілы і кантраляваць іх выкананне, тады менш будзе парушэнняў і нейкіх злоўжыванняў", - сказала яна.

Памочнік Прэзідэнта Беларусі Кірыл Руды прапанаваў не падзяляць страхавыя арганізацыі на дзяржаўныя і прыватныя, а прапісаць дакладныя крытэрыі, напрыклад наконт аб'ёму ўласнага капіталу, наяўнасці філіялаў у абласцях і раёнах.

На думку віцэ-прэм'ера Пятра Пракаповіча, прыняцце Указа дасць магчымасць стварыць умовы для больш актыўнага развіцця страхавога рынку і яго гарманізацыі ў рамках будучага Еўразійскага эканамічнага саюза, будзе садзейнічаць павышэнню ў гэтай сферы ролі дзяржавы і сацыяльнай адказнасці страхавога рынку перад грамадзянамі.

Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон і прысутныя на нарадзе кіраўнікі буйнейшых страхавых арганізацый таксама выказаліся ў падтрымку прыняцця Указа, адзначыўшы, што ўсе прапановы ўзгодненыя і вывераныя.

Падводзячы вынік дыскусіі, Аляксандр Лукашэнка заявіў аб падтрымцы закладзенага ў праекце Указа дзяржаўнага ўхілу і ўзмацнення кантролю ў сферы страхавых паслуг.

"Яны затрачваюць пэўную працу і ў адпаведнасці з гэтым павінны атрымліваць заработную плату і прыбыткі. Але гэта ненармальна, калі кіраўнік дзяржаўнай магутнай арганізацыі ў кішэнь можа пакласці на працягу года, дапусцім, 100 млн рублёў, а кіраўнік карлікавай кампаніі - 2 млрд. Гэта грошы не заробленыя, і не важна, чаму: таму што канкурэнцыя адсутнічае або мы не рэгулюем, як трэба, гэтыя працэсы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым падкрэсліў, што з'яўляецца прыхільнікам канкурэнцыі, але выказаў сумненне, што пры адсутнасці дзяржрэгулявання грошы ад прыбытку "будуць "доўгімі" і пойдуць туды, куды трэба нашай дзяржаве і народу".

"Што значыць: няма канкурэнцыі? 25 арганізацый! Канкурыруйце, хто перашкаджае? Абавязковае страхаванне адназначна павінна быць у руках дзяржавы, - лічыць беларускі лідар. - Гэта ж мы фактычна прымушаем арганізацыі і народ: абавязкова аддай гэту суму грошай, але аддай дзяржаўным арганізацыям. І гэта ж гарантыя для людзей, што не ўкрадуць, не ўвязуць, піраміды не створаць. Таму мы павінны абараняць народ. Мы людзям павінны прадставіць арганізацыі, з якімі яны могуць мець справу".

Кіраўнік дзяржавы таксама запатрабаваў устанавіць строгі кантроль над сферай страхавой дзейнасці. "Гэта трэба зрабіць. Я не лічу, што трэба "вароты" раскрыць і хто захоча, той павінен сюды прыйсці і працаваць. Гэта вялікая работа, гэта людскія грошы і грошы прадпрыемстваў. Мы іх павінны як дзяржава абараніць. Для гэтага ёсць праваахоўны блок і кантралёры. Таму я абсалютна падтрымліваю гэты дзяржаўны ўхіл", - заявіў Прэзідэнт.

Разам з тым, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што неабходна забяспечыць давер насельніцтва да ўсіх страхавых арганізацый незалежна ад формы ўласнасці. "Раз Мінфін дазволіў ім працаваць, выдаў ліцэнзію, значыць, людзі не павінны баяцца. Яны павінны толькі параўнаць, дзе лепшыя ўмовы, а не думаць, што могуць падмануць або стварыць піраміду. Гэта наша задача, і гэтыя функцыі хтосьці павінен ажыццяўляць", - адзначыў Прэзідэнт.

Што датычыцца ўзмацнення кантралюючых функцый Мінфіна, Аляксандр Лукашэнка згадзіўся з такім падыходам. "Я вам дазваляю, узмацняйце як хочаце, але за ўсе правалы, за ўсе потым размовы, што ў вас правоў не хапіла, вы галавой адкажаце. Не павінна быць ніякіх кампрамісаў, рашэнняў напалавіну", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што 2 красавіка чакае поўнасцю ўжо вывераны і ўзгоднены праект Указа.