Аляксандр Лукашэнка правёў нараду напярэдадні пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 28 мая правёў нараду напярэдадні візіту ў Казахстан для ўдзелу ў пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, дзе плануецца разгледзець пытанне аб падпісанні Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе.

    Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што работа па Дагаворы аб Еўразійскім эканамічным саюзе выйшла на фінішную прамую, і 29 мая ў сталіцы Казахстана Астане, як і дагаворваліся тры прэзідэнты, павінна адбыцца падпісанне гэтага дакумента. "Нашы пазіцыі былі першапачаткова зразумелыя і выразныя. Нас, праўда, апошнім часам адкрытыкоўваюць і нават строга крытыкуюць, асабліва расійскія сродкі масавай інфармацыі, што Лукашэнка вытаргоўвае штосьці, хоча даражэй прадаць свой подпіс. У сувязі з гэтым мы абсалютна сумленна і адкрыта заяўлялі аб тым, што гэтак жа, як і Расія, і Казахстан, мы пойдзем туды, дзе выгадна нашай краіне, - інтарэсы перш за ўсё", - адзначыў Прэзідэнт.

    "Але мы ніколі не былі скнарамі, мы ніколі не патрабавалі ад сваіх партнёраў і суседзяў больш, чым аддавалі ў агульную скарбонку. У выніку Дагавор, які мы можам падпісаць, з'яўляецца нейкім кампрамісам. На жаль, гэта не той Дагавор, на які разлічвала Беларусь, і не той, аб якім першапачаткова заяўлялі нашы партнёры, перш за ўсё Расійская Федэрацыя", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    "Калі мы гаворым аб эканамічным саюзе, аб паўнацэнным мытным саюзе - мы нікога за язык не цягнулі. Было прапанавана, каб гэты Дагавор быў без выключэнняў і ўсялякіх абмежаванняў. Гэта фактычна адна краіна з пункту гледжання эканомікі, правілы функцыянавання эканомік трох дзяржаў абсалютна аднолькавыя і знаходзяцца ў адзіным прававым полі. Гэта была перш за ўсё заява Расіі, падтрымаў Казахстан, - адзначыў Прэзідэнт. - Мы разумелі, што ў іх эканомікі крыху іншыя, чым у нас, і нават не крыху, а істотна, у іх сыравінныя эканомікі, у іх нафта, газ і іншае, нам няпроста будзе ў гэтых умовах працаваць без выключэнняў і абмежаванняў, але тым не менш мы заявілі: так, мы згодныя, мы на гэта пойдзем".

    "Прайшлі гады. Час мінуў. Штосьці там падлічылі, праслязіліся. Аказваецца, не могуць без выключэнняў і абмежаванняў, і вывелі некаторыя пытанні фарміравання рынкаў нафты, газу, лякарстваў, іншых напрамкаў на двухбаковую аснову. Ну што ж, двухбаковая, дык двухбаковая", - сказаў беларускі лідар. Ён звярнуў увагу, што з Казахстанам істотных праблем у двухбаковых адносінах няма. Што датычыцца Расіі, то Беларусі трэба было дамовіцца па нафтавым пытанні. "Па газу ў нас існуюць дамоўленасці, аналагічна можна было выбудаваць па нафце, у тым ліку па аб'ёмах паставак, аб пералічэнні мытных пошлін па нафтапрадуктах, якіх мы ў бюджэт Расіі пасля перапрацоўкі іх нафты пералічваем да $4 млрд. Мы таксама паставілі гэта пытанне: калі мы гаворым аб паўнацэнным эканамічным саюзе, якія могуць быць да нас прэтэнзіі? Мы купілі тавар, перапрацавалі яго, прадалі - гэта нашы даходы. Нам кажуць, што гэта спецыфічны тавар, таму пакуль будзем рабіць так. І было пастаўлена вельмі сур'ёзна гэта пытанне. І не таму, што мы хочам штосьці вытаргоўваць, хоць і гэта, напэўна, было б зразумела, а таму што Расія перш за ўсё прапанавала перанесці гэта пытанне на двухбаковыя адносіны. Таму мы і пачалі гэтыя перагаворы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што шмат удалося вырашыць, у тым ліку па пералічэнні мытных пошлін. "У будучым годзе $1,5 млрд застаецца ў беларускім бюджэце. Гэта пытанне адкрыта, і мы цвёрда дамовіліся з Прэзідэнтам Расіі, што мы будзем здымаць гэта пытанне, каб гэтыя грошы заставаліся ў бюджэце Беларусі і тады мы ні да каго не будзем хадзіць з працягнутай рукой і прасіць ураўнаважыць нам плацежныя балансы", - адзначыў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што дасягнута дамоўленасць па аўтамабілях, па аўтаперавозках, па квотах на нафту, што Беларусь будзе атрымліваць не менш як 23 млн т у год, "а калі трэба - і больш, калі раптам мы захочам пабудаваць новы нафтаперапрацоўчы завод".

    Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў прысутных на нарадзе, якія яшчэ пытанні застаюцца няўзгодненымі: "Маё галоўнае пытанне да ўсіх прысутных: што засталося ў недамоўленасцях, аб чым мы не дамовіліся, якія пытанні я яшчэ павінен паставіць перад прэзідэнтамі, з якімі мне заўтра неабходна будзе весці гэтыя складаныя перагаворы, перш чым падпісаць Дагавор, якія засталіся пытанні?"

    "Гэта вельмі сур'ёзна. Я хачу, каб урад і ўсе прысутныя тут разумелі: калі мы падпісваем гэты Дагавор, мы павінны потым будзем прытрымлівацца духу і літары гэтага Дагавора", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    "Вы прапануеце прыняць нейкую заяву да гэтага Дагавора. Калі гэта так, то напішыце яе на мове, зразумелай усім, без эквілібрыстыкі. Мы штосьці там будзем улічваць... І ўлічвайце, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Трэба выразна даць зразумець нашым партнёрам: калі нас задавольваюць нашы дамоўленасці на двухбаковай аснове, а гэта як дадатак да гэтага Дагавора, задавольваюць яны нас у 2014 і 2015 годзе, - дзякуй, добра, мы працуем дакладна так, як партнёры. Калі мы не дасягаем пагадненняў у будучыя гады, можа, не мы будзем, хтосьці за намі прыйдзе ў Беларусі ва ўладу, але мы павінны дакладна вызначыць і запісаць, калі мы не дасягаем двухбаковых дамоўленасцей - тады які эканамічны саюз?! І гэта павінна быць дакладна і адназначна прапісана, каб нас потым не папракалі, каб нам не прад'яўлялі прэтэнзій, што вы разумееце гэта так, а мы вось разумеем гэтак".

    Аляксандр Лукашэнка папрасіў далажыць яму аб канчатковых выніках перагавораў беларускага боку з расійскім і казахстанскім па стане на раніцу 28 мая па пытаннях падпісання Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе.