Бел
Галоўная   /  Падзеі

Аляксандр Лукашэнка прадставіў Андрэя Шведа на пасадзе Генеральнага пракурора

10 верасня 2020 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 верасня прадставіў Андрэя Шведа на пасадзе Генеральнага пракурора.

Характарызуючы Андрэя Шведа, Прэзідэнт падкрэсліў яго вялікі прафесійны вопыт, у прыватнасці, работу ў пракуратуры, дзе ён прайшоў шлях ад памочніка пракурора да намесніка Генеральнага пракурора. Акрамя таго, ён працаваў у дзяржаўных органах кіравання, у тым ліку ў Дзяржаўным сакратарыяце Савета Бяспекі, дзе ўзначальваў юрыдычнае ўпраўленне. Удзельнічаў таксама ў стварэнні Следчага камітэта. "Пад яго кіраўніцтвам 7 гадоў таму створаны і паспяхова функцыянуе Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта асаблівая старонка ў яго жыцці. Яму было даручана стварыць самае сучаснае, фактычна новае падраздзяленне, вельмі важнае для нашай краіны. Яго жыццёвы шлях, вопыт, які ён атрымаў у працэсе сваёй работы, - гэта прыклад падрыхтоўкі тых кадраў, якія павінны кіраваць краінай".

Былога Генеральнага пракурора Аляксандра Канюка Кіраўнік дзяржавы назваў чалавекам адданым і шчырым. "Ён даказаў гэта ўсім сваім жыццём. Асаблівая яго старонка - Афганістан. Калі я назначаў яго пракурорам з пасады суддзі (вельмі, напэўна, арыгінальны ход), вялікую ролю адыграла ў гэтым яго афганская старонка. Той, хто прайшоў Афганістан, пабываў там у тыя часы, дрэнным чалавекам быць не можа. З гэтага я зыходзіў. І павінен сказаць, што ён ніколі не зрабіў крокаў, у выніку якіх я пашкадаваў бы аб гэтым назначэнні".

"На пасадзе Старшыні КДБ або Генеральнага пракурора, Міністра ўнутраных спраў праслужыць больш як 5 гадоў у нашай краіне - гэта няпроста. Калі даводзіцца вярцецца і ўлева, і ўправа, толькі б захаваць незалежнасць і суверэнітэт дзяржавы. Ён праслужыў 9 гадоў на гэтай пасадзе", - сказаў Прэзідэнт. Ён дадаў, што блізкі быў да такога доўгага тэрміну работы і Валерый Вакульчык, які прапрацаваў Старшынёй КДБ у перыяд з 2012 па 2020 год, і нядаўна назначаны Дзяржаўным сакратаром Савета Бяспекі.

Аляксандр Лукашэнка, карыстаючыся выпадкам, выказаў сваё бачанне па тэме работы органаў пракуратуры. "Сёння, скажам так, у Мінску няпросты перыяд. Востры перыяд, які мы перажываем. Напэўна, упершыню ў гісторыі нашай дзяржавы. Прынамсі, апошнія 10 гадоў. Хоць многія са мной незгодныя, успамінаюць сярэдзіну 90-х. Кажуць: ці тое яшчэ было. Многія помняць, калі пераварочвалі аўтамабілі, спальвалі іх на дарогах, калі сапраўды дзясяткі тысяч выходзілі на вуліцы. Тады было неяк зразумела: есці было няма чаго і дзяцей карміць было няма чым", - адзначыў Прэзідэнт.

"Нягледзячы на ўскладненне сітуацыі з выкананнем заканадаўства ў краіне, давайце будзем сумленныя. Можа, я памыляюся, я асабіста не бачу той актыўнасці пракуратуры, якая адпавядала б цяперашняму перыяду. Актыўнасць павінна быць накіравана, я гэта заўсёды патрабаваў і буду патрабаваць, на захаванне краіны, незалежнасці і яе бяспекі. Краіна павінна вярнуцца ўжо ў гэтым годзе да таго бяспечнага перыяду, які быў зусім нядаўна і які характэрны для нашай краіны. Гэта проста імідж Беларусі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.


Прэзідэнт падкрэсліў, што работнікі органаў пракуратуры павінны стаяць на варце закону, гарантаваўшы бяспечнае развіццё дзяржавы. "І ўсякія там каардынацыйныя саветы, іншыя арганізацыі... І Канстытуцыйны Суд, і Генеральны пракурор у свой час (думаю, і ваш пункт гледжання такі) далі ацэнку гэтым каардынацыйным саветам. Вы павінны даваць не толькі прававую ацэнку дзеянням арганізатараў і агітатараў, але і прымаць больш моцныя, вострыя меры пракурорскага рэагавання на такія дзеянні", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Хачу вам сказаць па-мужчынску, каб у нас не было нейкай недагаворанасці. Мяне часта папракаюць у тым, што "ўладу ён не аддасць". Правільна папракаюць. Мяне народ не для гэтага выбраў. Як і вы таксама - уладальнікі гэтай улады, яе носьбіты, - падкрэсліў беларускі лідар. - Улада не для таго даецца, каб яе ўзяў, кінуў і аддаў. У сярэдзіне 90-х яна валялася ў гразі, аб яе выціралі ногі. Таксама як і аб вас - тых, хто насіў пагоны. Многія з вас гэты перыяд памятаюць. І я не хачу, каб Беларусь вярнулася да таго часу. Таму ніхто кінуць у гразь уладу, як яны патрабуюць, не пасмее".

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў: "Зраблю я гэта з вамі ці без вас - вам вырашаць. Але нахіліць мяне не атрымаецца. Хочаце стаць побач і выратаваць краіну - станавіцеся. Не хочаце - не здраджвайце. Вы - людзі ў пагонах. Не трэба посціцца і хайпаваць. Адыдзіце ўбок і не перашкаджайце".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што гаварыў гэта яшчэ да выбараў, адчуваючы, што "нам могуць падкінуць гэту заварушку".

"І другое: калі вы думаеце, што я гэту ўладу пасінелымі рукамі трымаю дзеля сябе, вы мяне вельмі расчаруеце. Расіянам, якія не вельмі ў тэме ў нашай дзяржаве, я ўжо сказаў: рана ці позна гэту ўладу возьмуць іншыя, але возьмуць у адпаведнасці з законам, не пад націскам вуліцы, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Вы адукаваныя людзі. І вы думайце. Я не заклікаю вас выратаваць дзяржаву ў мэтах парушэння закону".

"Хоць калі ажыццяўляецца практычна нахабная інтэрвенцыя, як я называю, звонку і яна падаграваецца знутры і кіруецца звонку, там часам не да законаў, трэба прыняць жорсткія меры, каб спыніць усякую дрэнь, якая на гэта прэтэндуе. У дадзеным выпадку сітуацыя не такая", - сказаў беларускі лідар.

"Яшчэ раз паўтараю: я не заклікаю вас парушаць законы, у нас дастаткова заканадаўства і законаў для таго, каб выратаваць краіну ад гэтай навалы, каб яна не паўтарыла варыянты Украіны, Лівіі, Сірыі і гэтак далей, і стабілізаваць абстаноўку ў гэтай краіне. Таму дзейнічайце згодна з законам і помніце, што вы такія ж грамадзяне, як і Прэзідэнт краіны. І не толькі ў мяне, але і ў вас ёсць дзеці. Гэта вам яшчэ жыць у гэтай краіне і ў новай Беларусі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Мэта каардынацыйнага савета адна - асядлаць увесь пратэсны і апазіцыйны рух і стаць над усімі. Гэта значыць ідзе падзел улады. Ёсць спроба захапіць уладу, але шляхі розныя. На сённяшні дзень такая сітуацыя", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што, нягледзячы на знешні ўплыў, і ўнутры краіны ёсць дастаткова арганізатараў і праваднікоў адпаведнай палітыкі. "Як бы ні кіравалі намі з-за мяжы, унутры нашай краіны дастаткова актыўных арганізатараў і праваднікоў палітыкі гэтых Telegram-каналаў. Яны - дзясятнікі, сотнікі, тысячнікі - цытую: арганізоўваюць гэтыя пратэсты, арганізоўваюць загадзя. Многія, як ячэйкі на прадпрыемствах па 3-5 чалавек, а недзе - па 10 на вялікіх прадпрыемствах, былі створаны да прэзідэнцкіх выбараў. Пасля парламенцкіх выбараў яны да гэтага рыхтаваліся, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы жылі ў спакойнай краіне і думалі, што так будзе і далей. Але ж не! І сёння яны павылазілі".



Прэзідэнт падкрэсліў: работнікі пракуратуры павінны стаяць на варце закону, гарантуючы бяспечнае развіццё дзяржавы. "І ўсякія там каардынацыйныя саветы, іншыя арганізацыі... І Канстытуцыйны Суд, і Генеральны пракурор у свой час (думаю, і ваш пункт гледжання такі) далі ацэнку гэтым каардынацыйным саветам, - сказаў ён. - Вы павінны прымаць больш моцныя, вострыя меры пракурорскага рэагавання на такія дзеянні".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у рабоце органаў пракуратуры павінны быць папераджальна-прафілактычныя мерапрыемствы. "І яны павінны залежаць ад вастрыні сітуацыі. Сітуацыя вастрэйшая - вашы дзеянні таксама павінны быць вострымі", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу: ліквідацыя наступстваў беспарадкаў на сталічных вуліцах каштуе значных сродкаў і неабходна, каб тыя, хто нанёс урон, кампенсавалі адпаведныя затраты.

"Пасля ўсіх пагромаў на вуліцы Мінска, якія нам каштуюць значных грошай, вы ведаеце, што застаецца. І цішыня. Ніхто да гэтага часу пра гэта не падумаў, і ніхто не заплаціў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - А плаціць трэба. Каб людзі разумелі: калі ты нашкодзіў, нешта зламаў, калі ласка, аднаві за ўласны кошт".

"Выснова адна: пракуратура павінна быць на вастрыі падзей, якія адбываюцца ў краіне. У сувязі з гэтым аб статусе пракурора, мы аб гэтым з Андрэем Іванавічам (Шведам. - Заўвага) гаварылі пры назначэнні. Гэты статус будзе залежаць ад вас. Таму я сказаў, каб да новага года былі ўнесены адпаведныя прапановы аб павышэнні статуса пракурора. Па вертыкалі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Але толькі сваёй працай, эфектыўнымі мерамі, актыўнасцю, прынцыповасцю і ініцыятывай, патрабавальнасцю вы можаце ўзняць гэты статус. Гэта павінна ляжаць у аснове", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

 

Тэгі: Сустрэчы
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь