Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон аб унясенні змяненняў у Закон "Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь"

31 ліпеня 2019 года
У Беларусі змяняюцца падыходы да ўзнагароджання шматдзетных маці ордэнам Маці. Адпаведны Закон падпісаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Дакументам уносяцца змяненні ў дзеючы Закон "Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь".

Цяпер існуюць дзве падставы, якія перашкаджаюць узнагароджанню жанчын ордэнам Маці: наяўнасць судзімасці і амаральны лад жыцця. Такі падыход выключае фармальныя адносіны да заахвочвання шматдзетных маці толькі з прычыны факта нараджэння пяці дзяцей, і ён захоўваецца ў новым Законе.

Разам з тым, як паказала практыка, неабходнай умовай для прыняцця рашэння аб узнагароджанні з'яўляецца ацэнка паводзін маці, таксама з улікам іх уплыву на дзяцей, захавання іх інтарэсаў. У гэтых мэтах у адпаведнасці з новым законам да ўзнагароджання ордэнам Маці не будуць прадстаўляцца шматдзетныя маці, якія неналежным чынам выконваюць абавязкі па выхаванні і ўтрыманні дзяцей, устаноўленыя заканадаўствам. Узнагароды не змогуць быць удастоены асобы, пазбаўленыя або адноўленыя ў бацькоўскіх правах, былыя ўсынавіцелі (удачарыцелі), калі ўсынаўленне (удачарэнне) было адменена. Прадстаўленне да ордэна будзе немагчыма ў выпадку, калі жанчына неаднаразова (два і больш разы) прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні супраць грамадскага парадку і грамадскай маральнасці і калі не скончыўся тэрмін, пасля заканчэння якога чалавек лічыцца не падпадаўшым пад адміністрацыйнае спагнанне.

Акрамя таго, Законам уводзіцца патрабаванне аб наяўнасці ў дзяцей жанчыны, прадстаўленай да ордэна Маці, грамадзянства Рэспублікі Беларусь.

Навацыяй з'яўляецца таксама ўстанаўленне шасцімесячнага тэрміну з дня ўзнікнення права на ўзнагароджанне для ўзбуджэння хадайніцтва аб узнагароджанні ордэнам Маці і пяцігадовага тэрміну, пасля заканчэння якога жанчыны, якія ўсынавілі (удачарылі) дзяцей, могуць быць узнагароджаны названым ордэнам.
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь