Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне аб выдзяленні сродкаў для арганізацыі адпачынку ў Беларусі дзяцей з Японіі

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне аб выдзяленні сродкаў для арганізацыі адпачынку ў Беларусі дзяцей з Японіі, з пацярпелых пасля стыхійных бедстваў у 2011 годзе тэрыторый.

    Аздараўленне з 2 па 10 жніўня 2016 года пройдуць 32 падлеткі з Японіі. Такі адпачынак арганізуецца з 2012 года ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры "Зубраня".

    У праграму адпачынку будуць уключаны санаторна-аздараўленчыя паслугі на базе аздараўленчага цэнтра "Зубраня" і медыцынскае абследаванне ў Мінску, разнастайныя экскурсійна-культурныя мерапрыемствы ў сталіцы і рэгіёнах.

    Рэалізацыя праекта па аздараўленні дзяцей з Японіі ў Беларусі будзе садзейнічаць развіццю ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж краінамі, фарміраванню дружалюбных адносін паміж беларускімі і японскімі дзецьмі, знаёмству дзяцей з Японіі з гісторыяй і культурай Беларусі.