Аляксандр Лукашэнка падпісаў Распараджэнне аб аздараўленні ў Беларусі 330 кітайскіх дзяцей

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Распараджэнне, якім прадугледжана фінансаванне расходаў па арганізацыі лячэння, рэабілітацыі і аздараўлення ў Беларусі 330 кітайскіх дзяцей.

    Дзецям будзе аказана медыцынская дапамога ў рэспубліканскіх арганізацыях аховы здароўя, арганізавана аздараўленне ў летні перыяд на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра "Зубраня" і дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра "Ждановічы".

    Акрамя таго, у праграму адпачынку ў Беларусі дзяцей з КНР уключаны экскурсійныя праграмы. У іх ліку знаёмства з выдатнымі мясцінамі Нарачанскага краю, экскурсія па горадзе-героі Мінску, наведванне Мірскага замка і Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу, наведванне Батанічнага саду, музея Вялікай Айчыннай вайны, сядзібна-паркавага комплексу "Дукорскі маёнтак", музейнага комплексу "Дудуткі".

    Гэта рашэнне накіравана на ўмацаванне двухбаковага супрацоўніцтва з Кітаем, дае магчымасць рэалізаваць гуманітарную ініцыятыву беларускай дзяржавы, прадэманстраваць асаблівыя дружалюбныя адносіны.