Наведванне Авіяцыйнага рамонтнага завода ў Баранавічах

  • 10
Якасна новы этап развіцця абаронна-прамысловага комплексу надыходзіць у Беларусі. Стан і перспектывы развіцця арганізацый абароннага сектара эканомікі абмяркоўваліся 2 красавіка ў час наведвання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам ААТ "558-й Авіяцыйны рамонтны завод" у Баранавічах.

Сутнасць гэтага новага этапу - аснашчэнне самым сучасным узбраеннем перш за ўсё беларускай арміі, а таксама пастаўкі на знешні рынак. "Раней усё было наадварот: экспарт і крыху армія", - адзначыў старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Сяргей Гурулёў.

"Гэта можа служыць эпіграфам нашага сённяшняга мерапрыемства", - згадзіўся Кіраўнік дзяржавы.

"Армія сярэдзіны мінулага стагоддзя нам не патрэбна. Фронт на фронт мы не пойдзем. Нашай краіне патрэбна сучасная армія, і яе асновай павінны стаць сілы спецыяльных аперацый, дэсантна-штурмавыя, ваенна-паветраныя сілы, а таксама ППА", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Сяргей Гурулёў далажыў, што ёсць вялікая ўпэўненасць у выкананні намечанага пяцігадовага плана ў сферы ВПК. Ён падрабязна праінфармаваў аб далейшых планах па развіцці галіны, распрацоўцы новых відаў узбраення і ваеннай тэхнікі, узросшых аб'ёмах экспарту.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што займацца толькі мадэрнізацыяй і рамонтам існуючай тэхнікі бесперспектыўна, неабходна рабіць крок наперад і самастойна асвойваць выпуск новай, запатрабаванай на рынках прадукцыі. "У Беларусі павінны вырабляцца і самалёты, і верталёты", - сказаў беларускі лідар.

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, для арганізацыі вытворчасці верталётаў ёсць прыдатная пляцоўка ў Оршы. "Што такое вырабіць сёння ў Оршы верталёт? Не праблема, калі там будзе кампанія "Мотар Січ" з рухавіком. Рухавік ёсць, яшчэ купіць пару-тройку складаных прыбораў, якія, магчыма, і не трэба ў нас вырабляць. А ўсё астатняе - бяры і кляпай, рабі корпус", - сказаў Прэзідэнт.

"І другое - мы павінны вырабляць у сябе самалёт. Які - гэта ваша справа, але патрэбны для рынку, перш за ўсё для Расіі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Гэта тэма была закранута і ў час сустрэчы Кіраўніка дзяржавы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву прадпрыемства. Прэзідэнт адзначыў адсутнасць неабходных тэмпаў руху па шляху прагрэсу. "Нам трэба ісці далей, ствараць самалёт, няхай не поўнасцю свой, беларускі, але актыўна ўдзельнічаць у кааперацыі з Расіяй, іншымі дзяржавамі", - лічыць беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што па шляху кааперацыі ідуць і іншыя больш магутныя дзяржавы, напрыклад пры вытворчасці самалётаў кампаніі Airbus. "Таму замахвацца на тое, што мы створым свой самалёт, грамадзянскі або ваенны, не трэба. Таму што калі і ствараць, то самае перадавое, каб узбройвацца, а тым больш прадаваць на рынку. Відаць, гэта ноша вельмі цяжкая і мы яе не пацягнем. У нас для гэтага няма магчымасцей, грашовых сродкаў, ды і людзей. І наогул, напэўна, не трэба ставіць такую задачу. А вось частку самалётаў у кааперацыі, дапусцім, з Расіяй і іншымі мы павінны ствараць", - заявіў Прэзідэнт.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што рамонт і мадэрнізацыя па-ранейшаму застаюцца важным напрамкам, паколькі далёка не ва ўсіх ёсць магчымасць закупляць новую тэхніку. "Таму мы будзем развіваць ваш напрамак, ён знаходзіцца на даволі высокім узроўні", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Плануецца паступова павышаць лакалізацыю і асвойваць вытворчасць неабходных агрэгатаў.

"Але мы не павінны сядзець у майстэрні і кляпаць старызну", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама лічыць перспектыўным пашырэнне супрацоўніцтва з Украінай у сферы ваенна-прамысловага комплексу. "Украіну сёння фактычна развалілі, а там усё ж такі абаронка значная, у тым ліку ваш інтарэс. Давайце паспрабуем з украінцамі дамовіцца і разам папрацаваць, каб не прапалі інтэлектуальныя, інжынерныя цэнтры, канструктары ва Украіне. Момант нармальны", - сказаў Прэзідэнт.

"Ды і еўрапейцы і іншыя сёння зацікаўлены з намі працаваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Таму гэты момант трэба выкарыстоўваць не толькі для сябе, але і для знешняга рынку і Расійскай Федэрацыі", - дадаў беларускі лідар.

Гаворачы аб увазе, якая ў Беларусі ўдзяляецца Узброеным Сілам, Кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Мы павінны карміць свайго салдата і берагчы сваю армію".

"Армія, як паказалі апошнія падзеі, для любой дзяржавы патрэбна. І цяпер ужо мяне ў Беларусі, напэўна, толькі дурань можа пакрытыкаваць за тое, што я ўдзяляў вялікую ўвагу развіццю Узброеных Сіл", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што раней выказваліся меркаванні, што Беларусі як шэрагу іншых краін неабходна практычна адмовіцца ад уласнай арміі. "Аказваецца, яна нам патрэбна. І дзякуй богу, што мы, наколькі маглі, ішлі ў нагу з апошнімі падзеямі. Мы сваю армію ўвесь час удасканальваем у залежнасці ад таго, якія лакальныя войны адбываліся на нашай планеце", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы не агрэсары, мы ваяваць ні з кім не хочам. Але, калі хтосьці сунецца, мы павінны быць гатовы нанесці гэтаму агрэсару непрымальны ўрон. Гэта толькі абаронная дактрына", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што даручаў мадэрнізаваць дзесяць самалётаў для патрэб Ваенна-паветраных сіл Беларусі. "Потым, відаць, яшчэ дзесяць, калі вы зробіце гэтыя. Але ВПС мы павінны трымаць у спраўным стане, каб не паўтарыўся сумны вопыт нашых братоў-украінцаў. Калі трэба было ваяваць, аказалася, што няма арміі, - сказаў Прэзідэнт. - Здаецца, 250 тыс., як мне Януковіч гаварыў, у яго штыкоў было год таму. А калі справа зайшла - арміі няма".

Аляксандр Лукашэнка агледзеў вытворчую тэрыторыю авіярамонтнага завода, азнаёміўся са станам і перспектывамі развіцця арганізацый абароннага сектара эканомікі, наведаў цэх зборкі беспілотных лятальных апаратаў. "Гэта (беспілотнікі) - будучае. Гэта разведка, ударныя сістэмы, якія мы будзем таксама ствараць і ствараем сёння. Ёсць добрыя канструктары", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ў бліжэйшы час плануе пабываць на аналагічным прадпрыемстве ў Барысаве, якое займаецца мадэрнізацыяй і рамонтам бранятэхнікі. "Такія ж будуць стаяць задачы. Хопіць ужо фарбаваць і чысціць наждачкай карпусы і штосьці змяняць. Трэба пераходзіць на новы этап, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Бранятэхніку трэба сваю ствараць, таму што прыватныя кампаніі, як мне далажылі, ужо вырабляюць суперсучасную бранятэхніку. А буйныя заводы спачываюць на старых лаўрах".

"Таму трэба вас крыху разварушыць і тут, і ў Барысаве, каб мы маглі працаваць больш эфектыўна і на перспектыву", - сказаў Прэзідэнт.

У час сустрэчы Кіраўніка дзяржавы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву прадпрыемства абмяркоўваліся і некаторыя іншыя тэмы, у прыватнасці магчымасць правядзення дэнамінацыі.

"Настане час, мы гэта зробім. Я ўжо вам адкрыта гаварыў, што гэта валюта ў нас надрукавана адносна даўно - прыгожая, на еўра падобная", - сказаў Прэзідэнт.

"Але для гэтага (дэнамінацыі) патрэбны момант, час, каб эканоміка пачала працаваць, каб была пэўная стабільнасць", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што правядзенне дэнамінацыі - гэта чыста тэхнічнае пытанне. "Але ў нас жа народ які? А, змяняюць: пабег, трэба скупіць, памяняць на долары, еўра", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт заклікаў не бегаць па абменніках, а траціць нацыянальную валюту на набыццё неабходных пакупак. "Пажадана, каб у абменнікі вы не хадзілі, а хадзілі ў магазіны і куплялі для сябе ўсё, што неабходна", - сказаў ён.

Традыцыйна ў час рабочай паездкі Прэзідэнта размова ішла аб ходзе веснавых палявых работ і сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна. Аб гэтым падрабязна далажыў губернатар Брэсцкай вобласці Канстанцін Сумар. Аляксандр Лукашэнка выказаў долю крытыкі ў адрас кіраўніцтва вобласці за малую колькасць будуемых значных аб'ектаў у розных сферах народнай гаспадаркі. "Мы ж не можам спыніцца і нічога не ствараць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.