Аляксандр Лукашэнка наведаў Нацыянальны аэрапорт Мінск

  • 8
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка даручыў завяршыць у 2014 годзе мадэрнізацыю Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Такую задачу ён паставіў 15 красавіка, наведваючы аэрапорт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ўсе работы па рэканструкцыі, якія ўжо выкананы, у тым ліку і для таго каб прыняць гасцей чэмпіянату па хакеі, праведзены нядрэнна. Далей трэба паступова прыводзіць у парадак астатнюю частку аэрапорта. Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта павінна быць зроблена за разумныя грошы.

"У бягучым годзе кроў з носа трэба завяршыць мадэрнізацыю аэрапорта, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Да канца года павінны быць поўнасцю добраўпарадкаваны будынкі і тэрыторыя".

"Усё павінна быць ідэальна, таму што чалавек, які ляціць у Беларусь, адразу будзе глядзець у ілюмінатар, дзе прызямліцца. Таму ўсё павінна быць прыгожа, - сказаў Прэзідэнт. - Да чэмпіянату свету навядзіце глянец. Усё павінна быць па-гаспадарску. Мы павінны давесці да розуму гэты аэрапорт". Аляксандр Лукашэнка дадаў, што для яго гэта пытанне гонару. "Калі я стаў Прэзідэнтам, да мяне было мора хадакоў: за нуль рублёў прадайце аэрапорт, ён у вас усё роўна не будзе працаваць, а мы яго загрузім. Ведаеце, я неяк, калі былі цяжкія часы, завагаўся: думаю, хто яго ведае, чым яго падтрымаць з бюджэту, магчыма, сапраўды каму-небудзь аддаць? А потым сказаў: не, усё ж такі гэта каштоўнасць, гэта здабытак, нічога мы аддаваць не будзем, ніводнага аэрапорта", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. "І сёння на іх попыт. А гэты аэрапорт у нас прыбытковы. Але гэта сімвал нашай краіны. І мы ў гэтым годзе павінны зрабіць тое, што дастойна Беларусі, каб гаварылі: вось у вас як у Мінску чысценька, акуратненька, так і ў аэрапортах", - сказаў Прэзідэнт.

"Не павінна нашым дзецям дастацца тое, што ў нас было, калі мы сталі кіраваць краінай. Нейкі ў савецкія часы пабудавалі нізенькі заняпалы аэрапорт, а потым убачылі: ага, гэта ж зусім ужо каменны век! І нам давялося на безграшоўе неяк латаць, а потым штурмам браць гэты будынак", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў бліжэйшыя гады аэрапорт будзе працаваць прыбыткова і, прапанаваўшы тут добрыя ўмовы, можна прыцягнуць большую колькасць пасажыраў. Прэзідэнт падкрэсліў, што трэба глядзець на перспектыву і прадаўжаць развіваць аэрапорт.

Нацыянальны аэрапорт Мінск быў уведзены ў эксплуатацыю больш як 30 гадоў таму і з'яўляецца асноўным паветраным портам краіны, праз які ажыццяўляецца да 97% пасажырскіх і грузавых авіяперавозак. Агульная плошча будынка аэравакзальнага комплексу складае амаль 80 тыс. кв.м, 82% якіх (65 тыс. кв.м) запланавана рэканструяваць. Да 1 красавіка ўжо ўведзены ў эксплуатацыю VIP-зала і комплекс па абслугоўванні авіяперавозак, звязаных з правядзеннем чэмпіянату свету па хакеі, павялічана плошча залаў чакання за кошт прыбудаванай часткі, адкрыты новыя пункты рэгістрацыі пасажыраў, дадатковыя рабочыя месцы страхавых агентаў, 11 кабін пагранічнага кантролю, месцы мытнага кантролю, ажыццёўлены мантаж камунікацый і абсталявання па сартаванні багажу.

У выніку рэканструкцыі аэрапорт зможа абслугоўваць да 5,8 млн пасажыраў у год і вытрымліваць пікавыя нагрузкі - каля 29 тыс. пасажыраў за суткі. У аэрапорце таксама выдзелены дзве зоны мытнага надгляду, што дае магчымасць адначасова абслугоўваць пасажыраў з шасці паветраных суднаў (да тысячы чалавек), уладкавана адзіная зона рэгістрацыі пасажыраў на 22 стойкі. З 22 лютага 2013 года структурнае падраздзяленне МЗС, размешчаным у Нацыянальным аэрапорце Мінск, афармляе і выдае візы ўсім замежным грамадзянам незалежна ад наяўнасці ў краіне, з якой прыбыў грамадзянін, беларускай загранустановы. Такім чынам, сфарміравана неабходная інфраструктура для абслугоўвання замежных удзельнікаў і гасцей чэмпіянату свету па хакеі.

Як было даложана Прэзідэнту, на працягу апошніх гадоў назіраецца ўстойлівая дынаміка прыросту пасажыраў і грузаў, прынятых у аэрапорце. Так, у 2013 годзе абслужана 2,19 млн пасажыраў, а за студзень-сакавік бягучага года дасягнуты рост гэтага паказчыка на 10%.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з тым, як вядзецца рэканструкцыя аэравакзальнага комплексу, арганізацыяй абслугоўвання пасажыраў. Прэзідэнт агледзеў зону прылёту (пункты пагранічнага пропуску, выдачы багажу, мытнага кантролю), зоны чакання і рэгістрацыі пасажыраў, зону вылету, прывакзальную тэрыторыю. Кіраўнік дзяржавы таксама азнаёміўся з арганізацыяй абслугоўвання VIP-пасажыраў. Аляксандр Лукашэнка падрабязна цікавіўся ўмовамі работы. Прэзідэнта запэўнілі, што ў аэрапорце не будзе ніякіх праблем з абслугоўваннем як гасцей маючага адбыцца чэмпіянату свету па хакеі, так і іншых пасажыраў. Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы параўнаў, як працуюць прыватныя і дзяржаўныя магазіны бяспошліннага гандлю, і гэта параўнанне аказалася не на карысць дзяржаўнай кампаніі. Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў бізнесу пра сацыяльную адказнасць.

У цэлым Прэзідэнт застаўся задаволены праведзенымі работамі па рэканструкцыі дзеючага аэравакзальнага комплексу Нацыянальнага аэрапорта Мінск. "На першы погляд усё нармальна, усё блішчыць, усё прыгожа - гэта добра. Але галоўнае, каб была якасць і каб гэта ўсё было надзейна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Я не прэтэндаваў на тое, каб праінспектаваць гэты аб'ект, выявіць нейкія недахопы. Ёсць людзі, якія гэта зробяць. Але галоўнае - час, ён пакажа, што зрабілі правільна, а дзе чагосьці не хапае", - адзначыў Прэзідэнт.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што за ўсе недахопы адпаведныя людзі "будуць адказваць па поўнай". "Таму што тут не прыдумана нічога новага. У свеце ёсць вельмі аснашчаныя аэрапорты, суперсучасныя, сярэднія - выбірай варыянт і працуй", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. "Здаецца, што вы сур'ёзна прапрацавалі ўсе варыянты, вызначылі для сябе лепшы і па гэтым прынцыпе, зыходзячы з нашых магчымасцей і ўмоў, і паспрабавалі штосьці зрабіць", - дадаў Прэзідэнт.
Звяртаючыся да генпадрадчыка работ па рэканструкцыі ААТ "Гроднапрамбуд", Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што астатнія работы павінны быць выкананы таксама на высокім узроўні. "Кантралёраў тут хапае, мне дакладваюць з розных крыніц аб вялікіх недахопах, таму не губляйце свой аўтарытэт, зрабіце як мае быць, як вы ўмееце", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. "А потым спытаем з кожнага. Каб не было слуцкіх мясакамбінатаў і льнозаводаў, трэба своечасова гэта спыняць", - дадаў Прэзідэнт. Генеральны дырэктар ААТ "Гроднапрамбуд" Абдулвагаб Вагабаў пагадзіўся з тым, што былі некаторыя недахопы пры выкананні будаўнічых работ, аднак яны ўсе ліквідаваны.

Аб перспектывах развіцця Нацыянальнага аэрапорта Мінск размова ішла далей на нарадзе. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што трэба абмеркаваць, што будзе рабіцца ў аэрапорце ў будучым. "Я даваў даручэнне прапрацаваць пытанне будаўніцтва новай узлётна-пасадачнай паласы, прыкладна 4 км, самай сучаснай, з дадатковым тэрміналам да яе з улікам свабоднай эканамічнай зоны", - нагадаў Кіраўнік дзяржавы.

 "Гэта цэнтр Еўропы. Калі мы прапануем добрыя ўмовы, у нас будзе добрая другая ўзлётна-пасадачная паласа, якая зможа прымаць аэробусы, - гэта зусім іншы варыянт, - адзначыў Прэзідэнт. - Трэба глядзець наперад. Я не кажу, што мы гэта зробім заўтра або паслязаўтра. Але ў наступную пяцігодку давядзецца гэта рабіць".

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгледзець магчымасць будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы сваімі сіламі. "Часам мы кідаемся на інвестара, які прапануе выгадныя ўмовы. Але гэтыя ўмовы нам з цягам часу абыдуцца двайной цаной. Дык можа нам самім узяцца за гэту справу і зрабіць?", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Так, узлётна-пасадачная паласа - справа адказная. Але якая там складанасць, мы што, вынаходзім веласіпед, штосьці новае спрабуем пабудаваць? Людзі даўно будуюць гэтыя ўзлётна-пасадачныя палосы, і не адну пабудавалі, у свеце іх тысячы. Дык давайце возьмем добры праект, падключым аднаго добрага праектанта, заплацім яму грошы, і ён будзе курыраваць гэты праект і падкажа нашым праектантам, як і што рабіць", - адзначыў Прэзідэнт. "Няўжо мы не зможам зрабіць? Ці камусьці хочацца з іншаземцамі заключыць дагавор, каб атрымаць адкат, або, як яго называюць, камісійныя?" - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Калі ёсць нейкі інвестар і калі гэта прымальна і ўмовы нармальныя, гэта ўсё трэба падлічыць, давайце з ім весці перагаворы. Але давайце гэта рабіць па-гаспадарску, з дзяржаўным падыходам, а не тое, што трэба, Прэзідэнт патрабуе, мы табе зробім, а потым палічым у канцы - і атрымаецца, што акцыі аддалі дарма і за вялікую цану пабудавалі новы аэрапорт. Гэтага быць не павінна", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён дадаў, што адказнасць за гэта нясе міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак.

Як далажыў Анатоль Сівак, вядуцца перагаворы з кітайскай кампаніяй, якая прапаноўвала выканаць работы за $358 млн, аднак пасля дапрацоўкі праекта значна павялічыла суму. Паводле разлікаў беларускіх спецыялістаў, такое будаўніцтва можа абысціся ў значна меншую суму.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што абмяркоўваў пытанне будаўніцтва ўзлётна-пасадачнай паласы з азербайджанскім бокам, дзе ёсць неабходныя спецыялісты, здольныя выканаць такія работы і падзяліцца вопытам з беларускімі калегамі.

Міністр далажыў таксама аб забудове тэрыторыі вакол аэрапорта. Паводле яго слоў, цяпер праходзіць экспертызу праект дэталёвага планавання.

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што ні ў якім разе пад забудову не павінны трапіць ворныя землі. "Вы ведаеце маё стаўленне да лесу, ворнай зямлі. Прыярытэт - гэта ворная зямля", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён даручыў дэталёва прапрацаваць пытанне губернатару Мінскай вобласці Сямёну Шапіру сумесна са старшынёй Мінгарвыканкама Мікалаем Ладуцькам, падкрэсліўшы, што ўсё павінна быць выканана кампактна, па-еўрапейску. Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандру Якабсону даручана ўзяць гэту работу пад кантроль. "Чысціня, парадак - гэта наш брэнд. Гэта тое, з чым асацыіруецца Беларусь", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

На нарадзе разгледжана таксама пытанне перавозкі пасажыраў у Нацыянальны аэрапорт Мінск. Цяпер яна ажыццяўляецца ад аўтавакзала "Цэнтральны", расклад руху аўтобусаў узгоднены з часам палётаў паветраных суднаў. З лістапада 2014 года плануецца дастаўляць авіяпасажыраў у аэрапорт чыгуначным транспартам ад станцыі Мінск-Пасажырскі. Па гэтым маршруце будуць курсіраваць тры паязды новага тыпу, ужо набытыя Беларускай чыгункай, час руху складзе менш за 50 мін. Улічваючы, што чыгуначныя пуці праходзяць на некаторай адлегласці ад аэрапорта, пасажыраў на ўчастку прыкладна 500 м будзе падвозіць аўтобус, кошт праезду ў якім ужо будзе ўключаны ў чыгуначны білет. Паводле слоў міністра, на сённяшні дзень такі варыянт з'яўляецца найбольш прымальным, паколькі будаўніцтва тунэля з травалатарам запатрабуе значных фінансавых укладанняў. Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся з тым, што не варта брацца за работу, на якой заўтра будзе пастаўлены крыж.

Гаворачы аб сённяшнім стане развіцця грамадзянскай авіяцыі, Анатоль Сівак адзначыў, што расце як колькасць пасажыраў, так і грузавых перавозак, што патрабуе пашырэння парку самалётаў. У канцы красавіка і ў маі ў Мінск прыбудуць два новыя самалёты. Яшчэ два самалёты плануецца ўзяць у лізінг ва Украіне, каб закрыць заяўкі па чартарных рэйсах.

Размова на нарадзе вялася таксама аб пераносе авіярамонтнага завода. Паводле слоў міністра транспарту і камунікацый, распрацаваны праект, і ўжо ў красавіку будуць пачаты першыя работы.

Прэзідэнт пацікавіўся, якія віды работ плануецца праводзіць на заводзе, ці будзе на іх попыт. Анатоль Сівак папрасіў даў яму яшчэ паўгода на завяршэнне прапрацоўкі гэтага пытання.

"Мы не павінны страціць ніводнага напрамку па работах, якія робім цяпер, калі яны патрэбны рынку, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Рабіце грунтоўна, каб быў паўнацэнны завод. Я бачу, што пакуль вы гэту работу правалілі. Трэба яе фарсіраваць". "У нас ёсць вопыт, давайце будаваць. Але трэба ведаць, да чаго ісці. Інакш зноў будзем неэфектыўнымі", - дадаў ён.

"Дамовімся так: да канца года павінна быць дакладная канцэпцыя і архітэктурная, і па тым, чым мы будзем займацца, якая будзе перспектыва. Я патрабую толькі адно - мы павінны перад сабой у гэтым плане ставіць сур'ёзныя мэты, не проста пафарбаваць і бляшанку нейкую вырабіць, а павінны ісці далей. Так, гэта цяжка, гэта складана, але на гэта трэба арыентавацца, калі мы ўжо гэта распачалі", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што неабходна рыхтавацца да таго, каб на любым конкурсе была магчымасць паказаць такі прадукт, які ў выніку выйграе.

Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць гэтыя пытанні ў чацвёртым квартале і далажыць аб выніках.