Рабочая паездка ў Мінскую вобласць

  • 14
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка лічыць правільным рашэнне аб адраджэнні ў Беларусі вытворчасці слуцкіх паясоў. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 11 красавіка, наведваючы РУП "Слуцкія паясы" ДВГА "Белмастацпромыслы" Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта.

Як было даложана Кіраўніку дзяржавы, прадпрыемства ў 2013 годзе забяспечыла выкананне асноўных паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця. Тэмп росту аб'ёму вытворчасці ў супастаўных цэнах склаў 118,5% пры заданні 107,5%. Прадпрыемства атрымала Br1,7 млрд чыстага прыбытку, рэнтабельнасць продажаў склала 10,7%.

РУП "Слуцкія паясы" на працягу 2009-2013 гадоў правяло работу па абнаўленні вытворчасці, пашырэнні асартыменту выпускаемай прадукцыі. У студзені - лютым бягучага года тэмп росту выручкі ад рэалізацыі прадукцыі склаў амаль 104%, рэнтабельнасць продажаў - 5,5%.

Пры рэалізацыі Дзяржпраграмы адраджэння тэхналогій і традыцый вырабу слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі "Слуцкія паясы" на 2012-2015 гады на прадпрыемстве на працягу 2012-2013 гадоў быў рэалізаваны інвестпраект па арганізацыі вытворчасці копій, аналагаў слуцкіх паясоў і нацыянальнай сувенірнай прадукцыі. Фінансаванне ажыццяўлялася за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. На прадпрыемстве адноўлена ўнікальная тэхналогія ткацтва слуцкіх мануфактур. Аналагаў гэтай прадукцыі ў свеце няма.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з тэхналагічным працэсам вытворчасці аналага слуцкага пояса і сувенірнай прадукцыі на прадпрыемстве, з тэхналогіяй самабытнага народнага ткацтва, выстаўкай узораў сувенірнай прадукцыі. Як было даложана Кіраўніку дзяржавы, уся выпускаемая тут прадукцыя запатрабавана. У планах у прадпрыемства - пашырэнне асартыменту, выпуск прадукцыі для царквы.

На базе РУП "Слуцкія паясы" сфарміравана экспазіцыя музея, дзе можна не толькі ўбачыць аналагі паясоў, рэканструяваныя на сучасным абсталяванні, але і набыць сувеніры, паназіраць, як ствараюцца шэдэўры мастацкай культуры ткачамі-рамеснікамі. Для папулярызацыі гэтай прадукцыі сярод айчынных і замежных турыстаў наведванне музея плануецца ўключыць у турыстычныя маршруты.

Прэзідэнт пацікавіўся ў работнікаў прадпрыемства, ці правільным было рашэнне аб адраджэнні такой вытворчасці. "Гэта вельмі патрэбна, вельмі важна і для нас, і для нашых нашчадкаў. Гэта аснова ідэалогіі, таму што нельга быць адукаваным спецыялістам, не ведаючы культуры краіны. Гэта адраджэнне мае каласальнае значэнне", - адзначыла дырэктар прадпрыемства Ларыса Тарасава.

Загадчык аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Барыс Лазука таксама лічыць важным стварэнне ў краіне вытворчасці слуцкіх паясоў. На яго думку, духоўнае багацце беларускага народа - гэта самае галоўнае, што неабходна берагчы і перадаваць моладзі. "Аранжавыя рэвалюцыі абыходзяць нас, таму што мы гэта робім, - сказаў Прэзідэнт. - І робім не для таго, каб аранжавых рэвалюцый не было, а для будучага, для дзяцей, для адраджэння".

"Мая задача была - стварыць гэта, каб ніхто не спрабаваў схапіць і ўвезці, як гэта было. Вось няхай цяпер палякі зробяць такое, калі яны цэняць сваё мінулае і гавораць, што гэта іх спадчына", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Барыс Лазука правёў для Прэзідэнта экскурсію па Музеі гісторыі слуцкіх паясоў, расказаў, як вырабляліся паясы ў мінулым.

"У мяне быццам камень з душы зваліўся. Мяне пераканалі, што мы правільна зрабілі, адрадзіўшы гэты прадмет таго часу. Хоць гэта і нятанна, але гэта таго варта. Гэта застанецца ў гісторыі, на стагоддзі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандру Лукашэнку ўручылі першы слуцкі пояс, сатканы на прадпрыемстве, які з'яўляецца поўнай копіяй арыгінальнага гістарычнага пояса. У якасці сыравіны пры вырабе аналага пояса выкарыстоўваліся пазалочаныя ніткі і ніткі з натуральнага шоўку. Даўжыня пояса - 350 см, шырыня - 33,5 см, вага 500 г. Падарунак Кіраўніку дзяржавы ўручылі работніцы, якія выткалі гэты пояс. Ён будзе захоўвацца ў Палацы Незалежнасці.

Звяртаючыся да ткачых, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў іх нялёгкая праца. "Добра, што жаночыя рукі робяць гэтыя цудоўныя паясы. У іх цеплыня, хараство, энергетыка нашых жанчын", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. "Зарплата, напэўна, не тая, якую вы павінны атрымліваць, таму што гэта вельмі цяжкая праца. Але, лічу, да канца наступнага года вы пра яе не будзеце гаварыць", - адзначыў Прэзідэнт, дадаўшы, што з ростам экспарту нязменна вырасце і заработная плата работнікаў прадпрыемства.

"Трэба пакрыху выходзіць на экспарт, па паўцэнта павышаючы цану, і прыйдзеце да сусветных цэн. Дзяржава ўклала вялікія грошы, прычым не ў лепшыя часы. Прадукцыя, якую вы вырабляеце, павінна знаходзіць попыт. Шукайце, прапаноўвайце - трэба мабілізавацца і, магчыма, больш прадаваць таго, што запатрабавана", - лічыць Прэзідэнт.

"Каб мы не адпраўлялі сваіх сыноў і мужоў кудысьці, мы павінны спакойна і ціха працаваць, зарабляць для сябе. Спакой увесь ідзе ад вас, не ад мяне, - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да работніц прадпрыемства. - Калі наша аснова будзе моцнай, не так, як у нашых суседзяў, якія побач, калі пра народ забылі, кінулі, абадралі кожнага як ліпку, цяпер яшчэ павялічылі цэны, пенсіянеры ўжо жыць не змогуць, не ведаю, як будуць так круціцца..."

"Ён (украінскі народ) просіцца да нас. Таму трэба думаць. Нікуды не дзенешся, давядзецца кагосьці з братоў нашых і сясцёр забіраць. Будзем глядзець. Забяром, калі давядзецца, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але лепш, каб там было ціха і спакойна, каб гэтыя добрыя людзі жылі там спакойна. І нам было б лепш, і ім добра".

Аляксандр Лукашэнка наведаў таксама кафэ "Стары горад", якое працуе побач з музеем, азнаёміўся з асартыментам прадукцыі, што прапануецца гасцям у сувенірнай краме, і ў цэлым застаўся задаволены праведзенай на прадпрыемстве работай як па адраджэнні традыцый вытворчасці слуцкіх паясоў, так і іх папулярызацыі.

Прэзідэнт пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей Музея гісторыі слуцкіх паясоў. "Вельмі сімвалічна, што другое нараджэнне паясоў адбылося менавіта тут, у Слуцку. Гэта даніна нашай павагі майстрам мінулага і яскравае сведчанне таленту іх нашчадкаў, якія па ўзроўні майстэрства не ўступаюць сваім праслаўленым папярэднікам", - гаворыцца ў запісе.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся таксама з сацыяльна-эканамічным развіццём Мінскай вобласці і Слуцкага раёна, мерамі па развіцці народных мастацкіх промыслаў Беларусі і фінансава-гаспадарчай дзейнасцю "Белмастацпромыслы".

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў старшыні Мінскага аблвыканкама Сямёна Шапіры, як ідуць веснавыя палявыя работы, якая сітуацыя ў сельскагаспадарчай галіне, прамысловасці, ці ёсць моманты, якія насцярожваюць. Як далажыў Сямён Шапіра, у Слуцкім раёне ў сектара АПК вялікі патэнцыял, які неабходна рэалізаваць. Што датычыцца сферы прамысловасці, то на шэрагу прадпрыемстваў цяжкая эканамічная сітуацыя, звязаная з недастаткова эфектыўным кіраваннем. У прыватнасці, са стратамі працуе мясакамбінат, складанае становішча на заводах "Эмальпосуд", пад'ёмна-транспартнага абсталявання.

Прэзідэнт прыняў рашэнне з'ездзіць на Слуцкі мясакамбінат, а таксама наведаць ільнокамбінат, што першапачаткова праграмай рабочай паездкі Кіраўніка дзяржавы ў Слуцк запланавана не было.

Прыбыўшы на льнозавод, Аляксандр Лукашэнка абурыўся поўнай безгаспадарчасцю: тэрыторыя прадпрыемства выглядала бруднай і непрыбранай, усюды ў вялікія кучы была складзена сыравіна, у адным з памяшканняў звалена тэхніка. "Мы крыўдзімся на сялян, што яны не могуць даць трасты. А як вы яе захоўваеце?! Куды вы складваеце гэту сыравіну? Вы ж нават не склалі гэтыя рулоны як трэба, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Як можна так захоўваць лён?! Чаму вы ўсё гэта не перапрацоўваеце? Куды вы будзеце страты дзяваць?"

"Поўны непарадак, гаспадара няма, нікому гэта, адчуваю, не патрэбна", - адзначыў Прэзідэнт.

"Узбуджайце крымінальную справу і мне дакладвайце", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандра Якабсона. Аляксандр Лукашэнка таксама распарадзіўся з заўтрашняга дня накіраваць на прадпрыемства дырэктарам старшыню камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінскага аблвыканкама Віталя Грышанава.

"Разбярыцеся ў рамках крымінальнай справы па ўсіх пытаннях і далажыце, калі павінна быць завершана мадэрнізацыя, дзе новае абсталяванне. Магчыма, яно валяецца, як гэтыя трактары і сыравіна", - даручыў Кіраўнік дзяржавы старшыні КДК.

"Да 1 верасня тут усё павінна быць вылізана. Зрабіце нармальны льнозавод", - сказаў Прэзідэнт, дадаўшы, што гэта датычыцца не толькі прадпрыемства ў Слуцку.

"Гэта што такое? У нас пасля вайны такога не было!" - абурыўся Прэзідэнт.

Потым Аляксандр Лукашэнка пераехаў на другое праблемнае прадпрыемства - Слуцкі мясакамбінат. Тут Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на адсутнасць парадку і неналежныя ўмовы, у якіх захоўваецца мяса. Аляксандр Лукашэнка прайшоў па тэрыторыі камбіната, зазірнуў у некалькі халадзільных памяшканняў, у якіх ляжалі тушы. "Тут жа дыхаць няма чым! І гэтым вы будзеце людзей карміць? Павесілі ў гніль, каб і мяса гніло. Дык вы аддайце бясплатна людзям", - сказаў Прэзідэнт.

"Тут таксама ўзбуджайце крымінальную справу і разбірайцеся па ўсіх пытанях", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Зразумела, так быць не павінна! Неадкладна ўдакладніце па краіне, ці ёсць такі непарадак на якіх-небудзь прадпрыемствах", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

"У нас недазагружаны магутнасці нармальных мясакамбінатаў. Неадкладна забраць адсюль мяса, перакінуць на іншыя мясакамбінаты, забараніць прымаць тут жывёлу, за месяц навесці парадак! Не наведзяце - пойдзеце сюды працаваць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да губернатара Мінскай вобласці.

"Усіх вінаватых - у камеру, няхай кампенсуюць урон. Усё павінна быць перапрацавана, усё, што сапсавана, - няхай ядуць. Пакінеш іх тут, нікога не выпускаць - няхай ядуць!" - дадаў Прэзідэнт. "Але ніводнай тоны жывёлы сюды больш увозіць нельга. Аддайце гэту жывёлу на перапрацоўку ў іншыя вобласці", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да старшыні КДК, Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што да 1 жніўня павінен быць наведзены парадак на ўсіх прадпрыемствах. "Летам я на такія прадпрыемствы ездзіць не буду. Але калі з 1 жніўня я не дай бог зайду і мне штосьці не спадабаецца - ведаеш, што будзе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што гэта датычыцца і прэм'ер-міністра з яго падначаленымі, і кіраўнікоў прадпрыемстваў.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што старшыню Слуцкага райвыканкама "выратоўвае тое, што ён тут усяго два месяцы працуе".

"Імем рэвалюцыі наводзьце парадак!" - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама сустрэўся з жыхарамі Слуцка, папрасіў іх расказаць аб праблемах, якія існуюць у горадзе і раёне. Аляксандру Лукашэнку скардзіліся на недастатковую зарплату, асабліва ў работнікаў сферы аховы здароўя. Прэзідэнт заўважыў, што ў краіне вырашаецца гэта пытанне, паступова павялічваецца заработная плата занятым як у сферы адукацыі, так і ў ахове здароўя. "Усё залежыць ад вас. Заробім лішнюю капейку, яна трапіць у бюджэт, і мы ад бюджэту падтрымаем вас", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён таксама даручыў разабрацца з некаторымі праблемнымі пытаннямі прыватнага характару, узнятымі жыхарамі Слуцка.