Аляксандр Лукашэнка даручыў дапрацаваць інвестпраект па будаўніцтве шматфункцыянальнага комплексу ў Мінску

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў дапрацаваць інвестпраект па будаўніцтве шматфункцыянальнага комплексу на плошчах аб'яднання "Гарызонт" у Мінску. Аб адпаведных планах Кіраўніку дзяржавы 4 жніўня далажылі першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, старшыня Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Якабсон, старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька, памочнік Прэзідэнта Кірыл Руды і гендырэктар ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Гарызонт" Юрый Прадко.

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта тэрыторыя з'яўляецца вельмі выгадным месцам і смачным кавалкам для любога інвестара. "Што мы там будзем будаваць, што цяпер там знаходзіцца і адбываецца з гэтымі збудаваннямі, і на якіх умовах мы будзем прыцягваць інвестара?" - задаў пытанне Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што як краіна ў цэлым, так і беларуская сталіца ў прыватнасці, перш за ўсё яе жыхары, павінны атрымаць карысць ад рэалізацыі гэтага інвестпраекта. Паводле яго слоў, калі размова ідзе толькі аб будаўніцтве яшчэ адной гасцініцы або дадатковых офісных памяшканняў, то асаблівай неабходнасці ў такім праекце няма.

    Па выніках даклада вырашана, што канцэпцыя комплексу будзе дапрацавана. Плануецца, што па сваім наборы функцый ён будзе ў максімальнай ступені адпавядаць запатрабаванням жыхароў Мінска. Тут плануецца размясціць жылыя памяшканні, аказваць розныя паслугі: гандлю, аздараўлення, харчавання, бытавога абслугоўвання. Адпаведна, з'явяцца новыя рабочыя месцы, спатрэбіцца будаўніцтва аўтастаянак, у тым ліку падземных.

    Побач з пляцоўкай аб'яднання "Гарызонт", размешчанай у межах вуліц Чырвоная, Машэрава, Куйбышава і Кісялёва, знаходзіцца яшчэ адна вялікая інвестпляцоўка, дзе размешчана тралейбуснае дэпо, якое не выкарыстоўваецца. Гэта тэрыторыя разглядаецца ў комплексе з асваеннем пляцоўкі "Гарызонт".

    Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу рэалізаваць адпаведны праект пры актыўным удзеле Мінгарвыканкама з прыцягненнем аднаго або некалькіх беларускіх банкаў.