Рабочы візіт у Рэспубліку Казахстан

  • 16

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка зрабіў рабочы візіт у Рэспубліку Казахстан.

У рамках візіту адбылася сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковых адносін, узаемадзеянне ў інтэграцыйных аб'яднаннях.

Беларусь і Казахстан у бліжэйшы час выпрацуюць праграму гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва на дзесяцігоддзе наперад. Такі вынік сустрэчы 30 мая ў Астане прэзідэнтаў дзвюх краін Аляксандра Лукашэнкі і Нурсултана Назарбаева.

"Наша сустрэча вельмі важная. У сувязі з сітуацыяй на міжнародных рынках, у суседняй Расіі, Украіне (нашы асноўныя партнёры), у нас, у Казахстане і Беларусі, сітуацыя няпростая. І наша даверная, дружалюбная размова заўсёды прыносіла карысць. Думаю, мы сёння дамовімся, як выходзіць з гэтага становішча", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Паводле яго слоў, бакам пакуль не ўдалося пераламаць тэндэнцыю да зніжэння ўзаемнага тавараабароту. "Нам пакуль не ўдаецца ў адваротны бок запусціць працэс, а мы абавязаны гэта зрабіць. Мы блізкія, родныя дзяржавы ў адным эканамічным саюзе. І нам, вядома, трэба фундамент нашых адносін (гандаль, эканоміку) падцягваць. Тым больш мы з вамі ў свой час вызначылі шляхі, па якіх павінны рухацца, і нямала зрабілі ў гэтым напрамку, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Але патрэбны нейкі новы глыток паветра. І мы сёння, як бы ні было складана, павінны даручыць урадам і самі падштурхнуць нашы адносіны, каб хутчэй выйсці з гэтай сітуацыі".

Што датычыцца міжнароднага парадку дня, Прэзідэнт Беларусі канстатаваў поўнае супадзенне поглядаў дзвюх краін. "Мы вас падтрымліваем у ААН па глабальным дакуменце - маніфесце, які вылучаны вамі. Тут абсалютна няма ніякіх пытанняў", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер вядуцца перагаворы па развіцці навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Казахстанам. "Думаю, мы прыйдзем да пагаднення да часу вашага візіту, - дадаў беларускі лідар, звяртаючыся да Нурсултана Назарбаева. - Вельмі шмат напрамкаў, і мы гатовы з казахстанскім бокам працаваць".

У сваю чаргу Нурсултан Назарбаеў падкрэсліў, што паміж Беларуссю і Казахстанам склаліся блізкія саюзніцкія адносіны. Дзякуючы  намаганням абодвух бакоў у апошнія гады створана шмат сумесных прадпрыемстваў. Прэзідэнт Казахстана адзначыў, што, нягледзячы на зніжэнне тавараабароту ў фінансавым выражэнні, яго фізічныя аб'ёмы захаваліся. "Крызіс вечна не бывае, - упэўнены ён. - Цяпер мы вядзём работу па далейшым стратэгічным супрацоўніцтве".

Па выніках сустрэчы бакі згадзіліся з неабходнасць выпрацоўкі і прыняцця ў бліжэйшы час праграмнага дакумента двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва на дзесяцігоддзе. У ім будуць абазначаны новыя вялікія праекты Беларусі і Казахстана. Праект адпаведнай праграмы прадугледжваецца разгледзець ужо ў чэрвені ў Гомелі на пасяджэнні міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

Беларускі і казахстанскі бакі распрацавалі таксама праекты міждзяржаўных пагадненняў па пытаннях мірнага выкарыстання космасу, далейшага развіцця інфраструктуры сувязі, што садзейнічае ўзнікненню новых сур'ёзных платформ для ўмацавання эканамічных адносін паміж Беларуссю і Казахстанам.

На перагаворах у Астане кіраўнікі дзяржаў абмяркоўвалі не толькі новыя, але і тыя праекты, якія традыцыйна фарміравалі двухбаковыя адносіны ў эканоміцы. Гэта, перш за ўсё, сфера машынабудавання, сумесныя прадпрыемствы. Яны паспяхова працуюць, але ім неабходны новыя параметры, каб быць канкурэнтнымі. На сустрэчы асабліва падкрэслівалася неабходнасць не толькі стварэння сумесных вытворчасцей, але і пашырэння іх прадукцыі на рынках трэціх краін.