Рабочы візіт у Расійскую Федэрацыю

  • 6
  • 4:48

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 лістапада зрабіў рабочы візіт у Расійскую Федэрацыю, у ходзе якога адбыліся перагаворы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

Аляксандр Лукашэнка ў пачатку сустрэчы падкрэсліў, што Беларусь і Расія ва ўмовах сусветных крызісаў вымушаны сумесна аператыўна рэагаваць на іх. "Мы не ізаляваны ад гэтага. Ёсць аператыўныя пытанні, якія мы павінны хутка вырашаць, - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. - Думаю, мы абгаворым гэтыя пытанні, якія час ад часу ўзнікаюць, і, як заўсёды, прымем самае дакладнае рашэнне".

У сваю чаргу Уладзімір Пуцін падкрэсліў важнасць гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін. Ён канстатаваў, што ў мінулым і бягучым гадах мае месца некаторае зніжэнне беларуска-расійскага тавараабароту. "Але зыходзім з таго, што гэта ўсё з'явы часовыя", - упэўнены Прэзідэнт Расіі.

Перагаворам у Крамлі папярэднічаў сумесны ўдзел Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ва ўрачыстай цырымоніі віншавання Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла з 70-годдзем. Мерапрыемства адбылося ў Храме Хрыста Збавіцеля.


Прэзідэнт Беларусі ў сваім выступленні на цырымоніі адзначыў уклад Патрыярха Кірыла ва ўмацаванне духоўнага адзінства Беларусі і Расіі.

"У Беларусі Вы карыстаецеся самым заслужаным аўтарытэтам і народнай любоўю. Вас ведае кожны чалавек - і хрысціянін, і мусульманін, і прадстаўнікі іншых канфесій. Гэта вынік Вашай працы і добрага стаўлення да нашай краіны як Прадстаяцеля Рускай праваслаўнай царквы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Пад Вашым першасвяціцельскім кіраўніцтвам Праваслаўная царква садзейнічае ўмацаванню духоўнага адзінства нашых славянскіх народаў Беларусі і Расіі, заснаванага на такіх хрысціянскіх каштоўнасцях, як міралюбнасць, узаемадапамога, гуманізм і справядлівасць".

Кіраўнік дзяржавы таксама выказаў удзячнасць за тую ўвагу, якую Патрыярх Кірыл праяўляе да беларускага народа. "Кожны Ваш візіт на беларускую зямлю становіцца значнай падзеяй. Дзе б Вы ні праводзілі богаслужэнне - у легендарным Полацку, гераічным Брэсце, старажытным Віцебску ці ў стольным Мінску - усюды Вас прымалі як свайго добрага пастыра і настаўніка", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Сёння, калі ў свеце войны, рэлігійныя і міжнацыянальныя канфлікты, асаблівым сэнсам напаўняюцца словы прападобнага Сергія Раданежскага "Яднаннем і любоўю выратуемся". Дзякуючы Вашай актыўнай жыццёвай пазіцыі Царква адыгрывае важную ролю ў падтрыманні згоды ў грамадстве, дружбы і супрацоўніцтва паміж народамі, захаванні міру і стабільнасці на планеце", - упэўнены беларускі лідар.

У якасці падарунка Кіраўнік беларускай дзяржавы паднёс Патрыярху Кірылу Слуцкі пояс і карціну, на якой прадстаўлены Свята-Мікольскі гарнізонны сабор у Брэсце.