Аляксандр Якабсон назначаны памочнікам Прэзідэнта - галоўным інспектарам па Мінску

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка назначыў Аляксандра Якабсона памочнікам Прэзідэнта - галоўным інспектарам па Мінску.

    Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што спецыяльна запрасіў Аляксандра Якабсона на сустрэчу, хаця можна было вырашыць гэта кадравае пытанне, падпісаўшы адпаведны ўказ. "Я раблю гэта наўмысна, каб людзі не падумалі, што ў Якабсона нейкія праблемы з Прэзідэнтам або дзяржавай", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнт лічыць, што Аляксандр Якабсон застаецца дзяржаўным чалавекам, і падкрэсліў, што не хацеў бы страціць такога спецыяліста. "Дзяржаве вельмі важныя мазгі і вопыт, якія сканцэнтраваны ў такіх людзей", - адзначыў беларускі лідар.

    У Мінску самая вялікая камунальная гаспадарка, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. "Вы займаліся гэтымі праблемамі. Вы сам прамысловец. Мінск - гэта вялізная прамысловасць. Вы вопытны чалавек, і гэта вельмі важна для інспектара, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Ваш вопыт патрэбны тут".