Аляксандр Чарвякоў назначаны Міністрам эканомікі Беларусі

  • 1

Міністрам эканомікі Беларусі назначаны Аляксандр Чарвякоў. Адпаведнае кадравае рашэнне 4 студзеня прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Да гэтага часу Аляксандр Чарвякоў працаваў на пасадзе Першага намесніка Міністра эканомікі. Пасада міністра заставалася вакантнай пасля назначэння Дзмітрыя Крутога Першым намеснікам Прэм'ер-міністра.

Аляксандр Лукашэнка цікавіўся, чаму для назначэння была прапанавана менавіта кандыдатура Аляксандра Чарвякова, наколькі сур'ёзна і грунтоўна яна была прапрацавана. "Або таму, што гэта Дзмітрыю Мікалаевічу (Крутому. - Заўвага) выгадна будзе і зручна працаваць?" - паставіў пытанне Кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка запэўніў, што кандыдатура на пасаду Міністра эканомікі прапрацоўвалася на альтэрнатыўнай аснове, было некалькі прэтэндэнтаў. "У выніку прыйшлі да высновы, што найбольш дастойная ва ўсіх адносінах - кандыдатура Аляксандра Чарвякова", - сказаў ён.

Прэзідэнт у сувязі з гэтым заўважыў, што ў Міністра эканомікі павінен прысутнічаць альтэрнатыўны погляд на працэсы, якія адбываюцца: "Тое, што Дзмітрыю Мікалаевічу будзе камфортна, - гэта нядрэнна. Але ў Міністра эканомікі павінен быць не толькі свежы, але і альтэрнатыўны погляд на многія рэчы, якія будуць у Прэм'ер-міністра, магчыма, у першага віцэ-прэм'ера. Я ўжо не гавару аб эканамічным блоку Адміністрацыі Прэзідэнта".

"Гэта не проста цэнтральная пасада ва Урадзе. Нам трэба вельмі сур'ёзна арганізаваць работу Міністэрства эканомікі так, каб было добрае экспертнае меркаванне і добрыя праекты нарматыўных актаў для развіцця нашай эканомікі, аналіз павінен быць сур'ёзны", - падкрэсліў беларускі лідар.

У сваю чаргу першы віцэ-прэм'ер Дзмітрый Крутой адзначыў, што Аляксандр Чарвякоў прайшоў добрую школу, у прыватнасці, працяглы час узначальваў Навукова-даследчы эканамічны інстытут Мінэканомікі. "Па сутнасці гэта структура пры Міністэрстве эканомікі, якая і генерыруе ўсе альтэрнатыўныя пункты гледжання, якія ёсць у нашай краіне. Ён быў дырэктарам інстытута, потым быў намеснікам, першым намеснікам міністра. Вёў самыя вострыя напрамкі ў нашым міністэрстве", - адрэкамендаваў першы віцэ-прэм'ер.